Канцэпцыя незвычайнага музея

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Пытанням духоўнасці ў нашай краіне з кожным годам надаецца ўсё больш увагі. Гэтаму садзейнічаюць, у тым ліку, і цэнтры праваслаўнай культуры, адзін з якіх цягам ужо некалькіх гадоў плённа дзейнічае непадалёк ад беларускай сталіцы — у вёсцы Тарасава. Адзін з яго стваральнікаў — выпускнік колішняга Інстытута культуры, а цяпер настаяцель храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, протаіерэй Сергій КУЗЬМЯНКОЎ. У гутарцы з карэспандэнтам “К” на Велікодным тыдні настаяцель храма распавёў пра асветніцкія планы Цэнтра.

/i/content/pi/cult/374/7305/1-3.gif- Сёлета ў нашым Цэнтры ў чацвёрты раз прайшла прадстаўнічая канферэнцыя "Астрожскія чытанні". Тым часам у прыходзе ўжо ўзводзіцца асобны будынак Цэнтра. У ім будзе размяшчацца не толькі нядзельная школа, але і дэкаратыўна-прыкладныя, мастацкія майстэрні, царкоўна-краязнаўчы музей, дзе плануецца адлюстраваць гісторыю вёскі Тарасава, стварыць экспазіцыю, прысвечаную князю Канстанціну Астрожскаму, а таксама невялікая абсерваторыя ды адмысловая дзіцячая царква. І хоць Цэнтр праваслаўнай культуры дэ-юрэ з'яўляецца прыхадскім, але дэ-факта далучыцца да яго дзейнасці могуць усе ахвотныя. Што да музея, то, у першую чаргу, тут будзе ўшаноўвацца памяць дабравернага князя Астрожскага, які вельмі шмат зрабіў для развіцця культуры і пашырэння асветы на нашых землях.

- Ці ёсць у вашым прыходзе людзі, якія падтрымліваюць стварэнне таго ж царкоўна-краязнаўчага музея, збіраюць экспанаты?

- Перш чым заняцца ўвасабленнем задумы, сумесна з прыхаджанамі мы абмеркавалі, наколькі яна мэтазгодная і рэальная. Канешне, я не магу сказаць, што ў нас ужо ўсё падрыхтавана для адкрыцця музея, аднак крок за крокам назапашваюцца адметныя рэчы, сярод якіх - асобныя прадметы царкоўнага ўжытку, узоры народнай творчасці. Акрамя таго, актыўная праца вядзецца над праектам будучай экспазіцыі.

- Прыхадскі цэнтр праваслаўнай культуры - гэта пашыраная практыка ці ваша ноу-хау?

- Усе ідэі, у першую чаргу, - з самога жыцця. Назіраеш за пэўнай праблемай і хочацца яе вырашыць. Да прыкладу, мы бачым, што цяпер не хапае памяшканняў для заняткаў у нядзельнай школе. Разам з тым, відавочна, што асабліва маленькім дзецям вельмі цяжка выстаяць усю службу разам з дарослымі. У той жа час, у дзіцячым храме будзе весціся асобная служба, расстаўлены лаўкі. Адмысловая праграма ў нас разлічана і для дзяцей з фізічна-разумовымі адхіленнямі. Галоўнае - ім трэба дапамагчы сацыялізавацца.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"