Прэзентацыя з перспектывамі

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Беларусь — Японія: супрацоўніцтва з часоў Гашкевіча

/i/content/pi/cult/374/7303/2-2.jpeg

17 красавіка аддзел міжнароднай і сацыяльна-культурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі зладзіў "круглы стол" "Беларусь і Японія. Міжнародны культурны дыялог".

У ім прынялі ўдзел, у прыватнасці, дырэктар Цэнтра японскай культуры ў Мінску Масака Тацумі-сан, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, супрацоўнікі Інстытута. Праграма "круглага стала" складалася з прэзентацыі вопыту працы Цэнтра японскай культуры ў нашай сталіцы і абмеркавання магчымасцей ды перспектыў двухбаковага культурнага супрацоўніцтва.

Спадарыня Тацумі распавяла прысутным пра гісторыю стварэння Цэнтра, які яна ўзначальвае, аб праектах рэалізаваных і тых, што знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Кантакты з Беларуссю фонд, які заснаваў установу, завязаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Спадарыня Тацумі калісьці вывучала рускую мову ва Уладзівастоку, потым выкладала японскую на факультэце міжнародных стасункаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, цяпер займаецца як адукацыйнымі, так і дабрачыннымі праектамі. Цэнтр месціцца ў звычайнай бібліятэцы ў сталічным мікрараёне Уручча. У невялікім памяшканні знаходзяцца кніжныя паліцы з японскай літаратурай і разгорнутая экспазіцыя народнага побыту далёкай краіны. Па нядзелях у ім бясплатна навучаюць японскай мове ўсіх ахвотных.

Цэнтр японскай культуры, да ўсяго, дапамагае медыцынскім установам нашай краіны, асабліва - на Гомельшчыне. Спадарыня Тацумі адзначае, што для Японіі вельмі каштоўны беларускі досвед пераадолення наступстваў Чарнобыля, асабліва - пасля леташняй аварыі на АЭС у Фукусіме...

Адам Мальдзіс развіў тэму культурных кантактаў і нагадаў пра ролю, якую адыграў у адкрыцці Японіі славянскаму свету наш зямляк Іосіф Гашкевіч. Цяпер, на яго думку, варта паклапаціцца, каб адкрыць Беларусь для Краіны Узыходзячага Сонца. Асэнсаванне таго, што зроблена яшчэ Гашкевічам, можа быць добрым грунтам для культурнага паразумення нашых краін.

П.В.

На здымку: у час "круглага стала".