У кірунку ад “няма” да “ёсць”

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Няспраўджаныя праекты аднаго раёна

/i/content/pi/cult/374/7301/1-1.jpg

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

У Сенненскім раёне Віцебскай вобласці "К" была прыкладна тры гады таму. Захапілі нашы карэспандэнты яго і пад час леташняга велатура. Яшчэ ў 2009-м у матэрыяле газеты ўзнімаліся праблемы нездавальняючай матэрыяльна-тэхнічнай базы шэрагу гарадскіх ды сельскіх устаноў культуры.

На жаль, з таго часу ў гэтым плане змянілася не так ужо і шмат. Рамонт раённага Дома культуры яшчэ не завершаны, два аграгарадоцкія СДК, што павінны былі адкрыць свае дзверы для наведвальнікаў у 2010 годзе, не здадзены ў эксплуатацыю, а супрацоўнікі РДР, дзіцячай бібліятэкі і гісторыка-краязнаўчага музея ўсё гэтак жа туляцца ў адным будынку, дзе, да таго ж, цяпер таксама праводзяцца рамонтныя работы...

Вырашэнне дадзеных праблем - у кампетэнцыі як раённых, так і абласных улад. Але чакаць дзяржаўнай падтрымкі - не самы перспектыўны шлях. Таму адным з галоўных кірункаў працы мясцовага аддзела культуры павінна было б стаць сістэмнае ўзаемадзеянне са спонсарамі. Але, па прызнанні начальніка аддзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларысы Новікавай, пакуль што ні дзяржаўныя, ні прыватныя арганізацыі не выяўляюць вялікай ахвоты падтрымліваць сферу, і значных прыкладаў спонсарства на Сенненшчыне амаль не назіраецца. Чаму так сталася? Ці ж толькі таму, што раён гэты - сельскагаспадарчы, ды прадпрыемстваў тут - вобмаль? Пэўная праўда ў гэтым ёсць. Але ж ці ўся?

Невядомы раён?

Магчыма, жыхары Сенненшчыны не пагодзяцца са мной, калі скажу, што на сёння іхні раён - адзін з тых, пра які, на жаль, ведаюць далёка не ўсе жыхары Беларусі. Між тым, краю ёсць што паказаць і чым зацікавіць як беларуса, так і замежніка. І гэта не толькі багатыя прыродныя ці архітэктурныя адметнасці, якія мае, у той ці іншай ступені, бадай, кожны са 118 раёнаў нашай краіны.

Пачну з таго, што менавіта на тэрыторыі Сенненскага раёна на пачатку Вялікай Айчыннай вайны адбылася самая значная танкавая бітва ў сусветнай гісторыі. Так, так, не здзіўляйцеся. Звычайна, калі кажуць пра вялікія танкавыя баі паміж СССР і фашыскай Германіяй, дык узгадваюць сяло Прохараўка, бітву на Курскай Дузе. Сапраўды, у гэтым важным супрацьстаянні савецкіх і фашысцкіх танкавых карпусоў з абодвух бакоў удзельнічала прыкладна тысяча танкаў. А пад Сянном на пачатку ліпеня 1941 года ў баях сышлося ў два разы больш адзінак баявой тэхнікі! Іншая справа, што пад Прохараўкай савецкія войскі перамаглі, а вось на Сенненшчыне - не. Таму, мабыць, пра гэтую бітву не любяць згадваць і дасюль.

Хаця наконт паражэння яшчэ можна паспрачацца. Бо менавіта пры дапамозе сенненскага танкавага ўдару савецкія войскі прабіліся на 30 - 40 кіламетраў у глыбіню нямецкай абароны, а ворагу давялося перакідваць дадатковыя войскі з рэзерву і прымаць захады па ліквідацыі прарыву. Не трэба, мабыць, быць вялікім стратэгам, каб сцвярджаць, што названая танкавая бітва дазволіла часова прыпыніць наступленне нямецкіх войскаў на гэтым накірунку фронту...

Па-другое, што таксама немалаважна, цікавая Сенненшчына і сваімі ўраджэнцамі. Пётр Міронавіч Машэраў, Героі Савецкага Саюза лётчыкі Аляксандр Гаравец і Іван Камінскі, паэт Анатоль Вялюгін нарадзіліся ў вёсцы Машканы, а ў суседняй вёсцы Маўчаны з'явіўся на свет знакаміты скульптар Заір Азгур. Да таго ж, на Сенненшчыне ў сядзібе Старая Беліца (цяпер - аграгарадок "Полымя") пэўны час працаваў класік беларускай літаратуры Янка Купала. Будынак сядзібы, сёння, на жаль, стаіць у занядбанні, пра што "К" пісала летась.

Такім чынам, перад намі - даволі багатая дзялянка для цікавай праектнай працы. Па-першае, можна зладзіць непадалёк ад Сянна рэканструкцыю танкавай бітвы, з муляжамі танкаў ці самаходных гармат, прапаноўваць наведвальнікам у гэтым музеі пад адкрытым небам пачаставацца паходнай кашай, пастраляць з вінтоўкі, сфатаграфавацца ў вайсковым аддзенні. Па-другое, чаму б не зрабіць у Сянне музей Азгура ці Машэрава? Экспанатаў і звестак пра гэтыя выбітныя постаці беларускай зямлі - больш чым дастаткова. А цікавасць да падобных музеяў не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі будзе заўсёднай ды трывалай. Яшчэ адзін магчымы праект - арганізацыя тэатралізацый з элементамі гістарычных рэканструкцый, напрыклад, з "удзелам" колішніх уладальнікаў гэтых мясцін - Сапегаў ці Агінскіх (дарэчы, знакамітых мецэнатаў часоў Вялікага Княства Літоўскага). Да ўсяго, можна правесці рэгіянальны паэтычны ці бардаўскі фестываль у той жа Старой Беліцы. Гэткім фэстам можна было б забіць двух зайцоў: прыцягнуць грошы пад цікавы рэспубліканскі праект і паспрыяць адраджэню ці захаванню фальварку, у якім калісьці працаваў Янка Купала...

Карацей, кропак прыкладання сіл у супрацоўнікаў аддзела культуры, на мой погляд, хапае. Але пакуль што ўсё вышэйназванае - толькі мае журналісцкія мары. Бо ліквідаваць сваю "забытасць" і "невядомасць" культработнікі на Сенненшчыне чамусьці не спяшаюцца. І дасюль не ладзяць у раёне ніякага цікавага міжнароднага ці абласнога фестывалю, іншых значных мерапрыемстваў на фальклорную, гістарычную ці ваенную тэматыку, якія здолелі б прывабіць увагу турыстаў...

На жаль, гэтыя "няма", "не створана", "не ладзім" суправаджалі мяне пад час усёй паездкі па раёне. Таму зусім не здзівіўся, што і спонсараў, па прызнанні начальніка аддзела культуры Ларысы Новікавай, на Сенненшчыне бракуе. Але тое цалкам справядліва. Які ж спонсар дае грошы "проста так", а не пад пэўны цікавы праект ці задуму? Калі ж такіх прапаноў няма, дык і пытанне пра спонсарства і мецэнацтва ў раённым маштабе, таксама, мабыць, ставіць залішне.

Прынцып партнёрства

Заўважу вось яшчэ што. Пастаянна пад час паездак па рэгіёнах даводзіцца нагадваць такую ўсім вядомую, на першы погляд, акалічнасць: спонсарская падтрымка адрозніваецца ад іншых відаў матэрыяльнай дапамогі тым, што прадугледжвае сустрэчную паслугу. Нягледзячы на вядомасць і распаўсюджанасць гэтай простай аксіёмы, на Сенненшчыне нават рэклама магчымых спонсараў і мецэнатаў - пакуль справа будучыні. Дык, можа, таму і не хочуць супрацоўнічаць з аддзелам культуры мясцовыя бізнесмены?

Не трэба і казаць, што спонсарства ў сферы культуры прыцягальнае для бізнесу тым, што дае рэкламу і фарміруе станоўчы імідж пэўнай фірмы, дае магчымасць заявіць пра сацыяльную адказнасць дзяржаўных ды недзяржаўных арганізацый. Ужо дзеля аднаго таго, каб фірму добрым словам згадалі ў газеце ці на радыё, кіраўнікі прадпрыемстваў больш прыязна сустрэнуць культработнікаў, што прыйдуць да іх з цікавымі прапановамі.

Адзначу ўсё ж, што прынцып "Мы - вам, вы - нам" хутка пачне ўкараняцца ў жыццё. У прыватнасці, па словах Ларысы Новікавай, у РДК пад час розных мерапрыемстваў плануецца ладзіць прэзентацыі тых фірм, якія аказваюць падтрымку культработнікам Сенненшчыны. Магчыма, гэта паспрыяе таму, што бізнесменаў, ахвотных дапамагчы сферы культуры, у раёне паболее.

Рэклама сябе для сябе

Так, бізнесменаў работнікі культуры раёна рэкламаваць збіраюцца, а вось маштабна прапіярыць сябе і сваю дзейнасць пакуль не жадаюць. Ну, мабыць, за невялікімі выключэннямі. Але адкуль, як не праз рэкламу ў СМІ, у тым ліку на радыё, тэлебачанні, у Інтэрнэце, той жа спонсар ці мецэнат зможа даведацца, на што здатныя культработнікі таго або іншага рэгіёна Беларусі? Будучая праектная дзейнасць без такога падыходу, па-мойму, не мае сэнсу. А рэкламаваць сябе можна ўсюды і заўжды. Галоўнае - каб патрэбу ў гэтым адчулі не толькі ў райвыканкаме або ў аддзеле культуры, а і культработнікі на месцах. Але ўсё гэта - зноў толькі ў маіх марах...

Прывяду адзін факт. Ехаў у Сянно праз Оршу і сышоў з цягніка ў гарадскім пасёлку Багушэўск - буйным населеным пункце Сенненскага раёна. Да аўтобуса, на якім запланаваў выехаць у райцэнтр, заставалася шмат часу, таму вырашыў прайсціся па мястэчку і пазнаёміцца з мясцовай сферай культуры.

Але, на вялікі жаль, Багушэўскі ГДК у гэты дзень чамусьці быў зачынены для наведвальнікаў. Правёў у гарпасёлку прыкладна тры гадзіны, наведаў іншыя ўстановы культуры, але дзверы ў ГДК адкрыліся толькі пасля майго тэлефанавання начальніку аддзела культуры Ларысе Новікавай. Прычым адчыніў мне іх адзін з шараговых супрацоўнікаў установы, а не дырэктар або мастацкі кіраўнік. Да майго ад'езду кіраўніцтва ГДК так і не з'явілася.

Не ведаю, магчыма, у Багушэўскі дом культуры штодня наязджаюць журналісты з рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі і дырэктар установы ўжо стамілася распавядаць пра свае здабыткі і дасягненні? Словам, дадатковым шансам прапіярыць сваю ўстанову яна не скарысталася.

І тут варта, зноў-такі, вярнуцца да таго пытання, што паставіў вышэй: ці жадаюць рэкламаваць сваю дзейнасць самі культработнікі, ці хочуць яны пачытаць пра сябе, скажам, на старонках рэспубліканскай газеты? А яшчэ больш дакладна: ці маюць яны чым падзяліцца са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў? Напрыклад, сцэнарыем раённага свята або буйным праектам, распрацаваным супрацоўнікамі СДК для патрэб сваёй установы? А без цікавых напрацовак, паўтаруся, пра магчымых спонсараў застаецца адно толькі марыць. Не сумняваюся, што пра спонсарскае фінансаванне марыць і дырэктар Багушэўскага ГДК, бо рамонт у Доме культуры, які планавалася завяршыць яшчэ два гады таму, так пакуль і не скончаны.

Касцы і Ходцы

Бясспрэчна, у сферы культуры працуюць прафесіяналы сваёй справы, але да адметных маркетынгавых хадоў яны пакуль, як прызналася мне Ларыса Новікава, не прывучаны. Паспрабую выкласці тыя некалькі ідэй, што з'явіліся пад час камандзіроўкі.

Напрыклад, чаму б не правесці ў Сянне, на гербе якога - ажно дзве касы, рэспубліканскае спаборніцтва касцоў? Пад гэтае мерапрыемства можна было б стварыць Музей касы, і паказваць у ім экспанаты з усіх куткоў Беларусі ды замежжа, ладзіць пры ўстанове майстар-класы, вучыць "касцовай" навуцы і прадастаўляць усім (спачатку - бясплатна, а потым - і за грошы) касу для трэніроўкі... Скажаце, не актуальна? Але, мяркую, асабліва не памылюся, калі скажу, што кожны гараджанін з задавальненнем павучыцца пад кіраўніцтвам майстра касіць траву. Пра тое, наколькі падобны чэмпіянат касцоў зацікавіць заезджых у нашу краіну гасцей, і казаць не выпадае, калі, канешне ж, загадзя парупіцца пра рэкламу будучага мерапрыемства ў Інтэрнэце, а таксама размясціць аб'явы ў сталічных гасцініцах і турфірмах. Або зрабіць пару расцяжак на трасах "Брэст - Мінск" і "Орша - Віцебск". Вялікіх выдаткаў гэта не запатрабавала б, а прыбытак для аддзела культуры райвыканкама мог бы аказацца даволі значны.

Яшчэ адна ідэя палягае ў тым, што Сенненшчына - рэгіён сельскагаспадарчы, і тут больш за тры сотні паселішчаў. Напэўна, у кожным з іх захаваліся свае традыцыі харчавання і лекавання, свае адметныя песні ды абрады, якія прывабяць кожнага. Дык чаму б не правесці ў раёне кірмаш пад умоўнай назвай "Сенненскія прысмакі" ці "Сенненская народная кухня"? Падобны фэст здаўна ладзіцца ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, у вёсцы Моталь. На ім можна пакаштаваць стравы традыцыйнай палескай кухні, набыць шмат розных сувеніраў, паглядзець цікавую гульнёва-забаўляльную праграму, складзеную з мясцовага фальклору ды народных абрадаў. І на Сенненшчыне падобны фестываль мог бы займець вялікую будучыню. Зладзіць фэст можна, да прыкладу, у аграгарадку "Ходцы", дзе ў мясцовым СДК створана адпаведнае аматарскае аб'яднанне, што спецыялізуецца на прыгатаванні розных народных страў і збіранні зёлак.

А што да адсутнасці вялікіх прадпрыемстваў... Дык мо гэта да лепшага? Напрыклад, менавіта некранутай прыродай, чыстым паветрам і вадой можна прывабліваць у раён турыстаў. А каб сюды ехалі, пажадана развіваць мясцовы аграэкатурызм. Культработнікі ж, у сваю чаргу, могуць таксама ствараць на сяле аграэкасядзібы на базе сельскіх дамоў культуры (так, як гэта робяць, скажам, у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці) або пастаянна ўзаемадзейнічаць з уладальнікамі месцаў адпачынку, прапануючы свае забаўляльныя праграмы для наведвальнікаў.

Кадры - усё?

Упэўнены, што калі не ўсімі, то некаторымі з гэтых праектаў можна зацікавіць спонсараў і бізнесменаў. Або паспрабаваць зладзіць яшчэ колькі сваіх, адметных, арыгінальных мерапрыемстваў, не "збітых", як чарговая "Сядзіба Дзеда Мароза" або "Рэтра-дыскатэка 80-х".

Але ствараць падобныя праекты трэба, зразумела, абапіраючыся на мясцовых культработнікаў. Між тым, з кадрамі ў раёне не ўсё так "бясхмарна". Маладыя спецыялісты ў аддзеле культуры не затрымліваюцца, і нават тыя, што пакуль працуюць, збіраюцца пакінуць свае пасады.

Прыгадваю, як пры мне Ларыса Новікава падпісала дакументы на звальненне аднаму з дырэктараў СДК, які "перавёўся" на працу ў мясцовы СВК. Таксама, па словах начальніка аддзела культуры, збіраецца звальняцца са сваёй пасады малады дырэктар Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея. А без добрага кадравага патэнцыялу на выніковую праектную дзейнасць можна будзе забыцца. Таму кадравы складнік у гэтай справе - ці не найважнейшы.

Не скажу, што на Сенненшчыне нічога не робяць і чакаюць, калі да іх самі прыедуць спонсары з вялізнымі пакункамі грошай. Напрыклад, сёлета ў раёне ўпершыню адбудзецца абласны фестываль лялечных тэатраў. Па словах Ларысы Новікавай, гэтае мерапрыемства, магчыма, з цягам часу і стане тым брэндам, якога так не хапае гораду ды раёну. І, натуральна, пад гэты фэст мільённыя фінансавыя сродкі будуць не толькі выдаткаваны райвыканкамам, але і сабраны ад розных раённых арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці...

Усё гэта так. Хацелася б толькі, каб падобных праектаў было больш, каб яны прапаноўваліся "знізу", а не ствараліся толькі па загадзе абласнога кіраўніцтва. І, канешне ж, вельмі важна, каб крэатыўнасць ды творчае натхненне не пакідалі сенненскіх культработнікаў. Бо менавіта ад іхняй працы залежыць, ці будзе рэальна дзейнічаць дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва ў сферы культуры раёна.

Галерэя спонсараў ад "К"

Якая праца без СДК?/i/content/pi/cult/374/7301/1-2.jpg

У аграгарадку "Белая Ліпа", як і ў аграгарадку "Сінігор'е", так і не адрамантавалі СДК (хаця, паводле плана, павінны былі зрабіць гэта яшчэ ў 2010 годзе): не хапіла грошай. Рамонтныя работы ў Белаліпскім СДК распачаліся яшчэ ў 2008-м. І цягам усяго "аднаўленчага" перыяду ўстанова культуры "кватаравала" ў маленькім памяшканні мясцовай ашчадкасы, пра што "К" пісала яшчэ тры гады таму. Толькі з прыходам новага кіраўніка ААТ "Белая Ліпа" Сяргея Калеснікава жыллёвыя турботы мясцовых культработнікаў нарэшце скончыліся: яны засяліліся ў будынак, што знаходзіцца на балансе арганізацыі. Натуральна, абмінуць увагай гэты выпадак рэальнай і дзейснай падтрымкі культработнікаў было проста немагчыма.

- Па праўдзе кажучы, проста па-чалавечы было шкада гэтых людзей, якія працуюць у СДК, - гаворыць Сяргей Віктаравіч. - Працуюць, фактычна, і для нас, для рабочых арганізацыі. Да таго ж, будынак, у які часова ўсяліліся культработнікі, цяпер не проста выкарыстоўваецца: у ім віруе жыццё! І гэта вельмі прыемна.

- Наколькі ведаю, не адмаўляецеся і ад падтрымкі тых мерапрыемстваў, што ладзяцца мясцовымі культработнікамі?

- І дапамагаем, але не так часта, як, можа, хацелася б супрацоўнікам СДК. Але ж, пагадзіцеся, у нашай арганізацыі - свае задачы, у Дома культуры - свае. Ніколі не адмаўляем дырэктару ўстановы культуры ў яе просьбах. Выдаткоўваем грошы на прызы для дзетак, аплачваем канцэртную дзейнасць установы... А культработнікі, у сваю чаргу, таксама нам дапамагаюць: ладзяць святы, напрыклад, "Першай баразны", а таксама іншыя цікавыя мерапрыемствы.

- А наконт больш значнай спонсарскай дапамогі пакуль не думалі?

- Думалі, канешне ж. І дапамагаць будзем адназначна. Але без адрамантаванага СДК пакуль гаварыць пра гэта зарана. Бо сёння нам даводзіцца арандаваць памяшканне школьнай сталовай, каб правесці там нейкі сход ці мерапрыемства. Як вырашыцца праблема з матэрыяльнай базай і культработнікі займеюць новы, адрамантаваны будынак, тады будзем вырашаць і іншыя пытанні. Спадзяюся, гэта адбудзецца ў хуткім часе. А наша супрацоўніцтва з культработнікамі - узаемакарыснае, таму падтрымліваць іх мы заўсёды рады...

На здымку: часовае месцазнаходжанне Белаліпскага СДК, забяспечанае сацыяльным партнёрам.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Сенненскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"