Метафара зямлі

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Як зняць фільм за пяць дзён?

/i/content/pi/cult/374/7300/2-2.jpg19 красавіка ў сталічным Доме кіно адбылася прэм'ера першай поўнаметражнай ігравой карціны рэжысёра Андрэя Мычко. Створаны на ўласныя сродкі, фільм "Неба паўсюль аднолькавае" выпускніка Акадэміі мастацтваў стаўся своеасаблівым роздумам і на тэму наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

- Мая жонка родам з "адселеных вёсак", - напярэдадані прэм'ернага паказу Андрэй
Мычко даў невялікае інтэрв'ю карэспандэнту "К". - Неяк мы паехалі ў яе родны край, і я ўбачыў тыя мясціны: іх пакінуты дом, арэлі, на якіх калісьці гушкаліся тутэйшыя дзеці... Усё ўбачанае настолькі мяне ўразіла, што я вырашыў зняць стужку пра "зону адчужэння". Прыехаў і пачаў пісаць сцэнарый.

- Але цалкам сацыяльнай драмай ваш фільм назваць нельга...

- Так. Гэта, хутчэй, прыгодніцкая драма. Фільм пачынаецца з таго, што ўнучка даведваецца ад сваёй бабулі, якую пакінула ў доме састарэлых, пра каштоўную ікону. Старадаўняя сямейная рэліквія засталася ў закінутым бабуліным доме ў той самай "зоне адчужэння". За тым каштоўным скарбам дзяўчына і вырашае адправіцца з двума сябрамі. Але тое, што падавалася авантурай, абернецца сур'ёзнымі іспытамі... Напрыканцы галоўная гераіня ўбачыць многія рэчы іншымі вачыма.

- У карціне здымаліся народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, заслужаныя артысты Леанід Улашчанка і Ігар Сігоў, многія іншыя акцёры. Як удалося зацікавіць іх удзелам у праекце?

- Так, акцёры здымаліся бясплатна, і вялікі ім дзякуй за тое, што яны падтрымалі маё пачынанне. Але справа тут была яшчэ і ў сцэнарным матэрыяле: артысты далі згоду толькі пасля таго, як прачыталі сцэнарый. Да стужкі сёння з цікавасцю ставяцца кінапракатныя арганізацыі Беларусі, папярэднія дамовы вымалёўваюцца з расійскімі і ўкраінскімі пракатчыкамі.

- Колькі працавалі над стужкай?

- Паўгода - над сцэнарыем, тры месяцы выбіралі пляцоўку... Калі прыехалі на месца (а здымкі вяліся, у тым ліку, і ў Веткаўскім раёне), усё было разлічана і падлічана: здымачны перыяд доўжыўся ўсяго пяць дзён. Потым значны час занялі мантаж і постпрадакшн.

- Хтосьці дапамагаў вам у прасоўванні карціны?

- Калі я звярнуўся ў Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры па пракатнае пасведчанне, мне сказалі: маўляў, мы не працуем з прыватнымі асобамі. Але калі з фільмам азнаёміліся, патэлефанавалі зноў. Можна сказаць, мой прыклад - відаць, першы выпадак, калі Дэпартамент выдаў пасведчанне прыватнай асобе.

- Усё ж такі, Чарнобыль у вашай стужцы - метафара чаго?

- Метафара згубленых пакаленняў, метафара зямлі. Але я не хацеў укладваць адмоўны сэнс. Гэта зямля, якая прагне адраджэння...

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"