Канцэрт у яблыневай квецені

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Калі ўсе мы сталі сябрамі…

/i/content/pi/cult/374/7298/2-1.jpeg

Я нарадзіўся і вырас у Ветцы. Яна і па сёння застаецца для мяне самым вусцішным мястэчкам Гомельшчыны... І пад час катастрофы на ЧАЭС я працаваў у раённай газеце. Памятаю, як для многіх у тую халодную вясну "перакулілася" жыццё, памятаю, як шмат тады значыла не толькі дэзактывацыя забруджаных земляў, але і маральная падтрымка прыгнечаных невядомасцю людзей...

І першай такой беззапаветнай "дэзактывацыяй душы" для мяне, да прыкладу, стаў дзвюхгадзінны "жывы" канцэрт "Сяброў" у Веткаўскім РДК. Яшчэ, як падаецца, яблыневая квецень не паспела абляцець, а Анатоль ЯРМОЛЕНКА (лічы, зямляк, бо пачынаў у Гомелі, а ад яго да Веткі - усяго 18 км) ужо быў з намі. І спяваў, выкладваючыся на сцэне максімальна, а хлопцы ягоныя "лабалі" так, што хацелася жыць насуперак усім радыяфобіям, пранцы іх бяры...

Карацей, прыехалі "Сябры" і навучылі нас быць сябрамі... Мо ўпершыню тады задумаўся пра гаючую сілу мастацтва, якая хоць і не папярэджвае бяду, але цудоўна дапамагае з ёю змагацца...

Усе гэтыя настальгічныя постчарнобыльскія развагі і прымусілі мяне днямі набраць нумар мабільніка мастацкага кіраўніка ансамбля "Сябры" Анатоля Ярмоленкі, які, як аказалася, ляцеў на той момант у Нью-Ёрк, але на пытанні, ці памятае ён той канцэрт, якімі пачуццямі з таго часу жыве, што хоча перадаць сваім сябрам, якіх пасля 1986-га стала, безумоўна, несуразмерна больш, адказаў з гатоўнасцю:

- Канешне ж, памятаю! Такіх канцэртаў тады было вельмі шмат, і кожны - у памяці. Ці ж можна на тое забыцца... Памятаю і напалоханыя вочы людзей, якія не ведалі, што па тым часе рабіць... Гэта сёння мы пераканаліся: жыць у калісьці пацярпелых раёнах - можна. І, дзякаваць богу, гэтае сённяшняе постчарнобыльскае жыццё набывае штогод усё больш пазітыўную дынаміку. Я з гэтай нагоды перадаю ўсім сябрам "Сяброў" самыя шчырыя свае зычэнні! Мы спявалі і спяваем - для вас!

- Але ж адразу пасля катастрофы не ўсе нашы "зоркі" адважваліся на такія дабрачынныя гастрольныя туры?

- Так, калі хтосьці адмаўляўся ад выступленняў, "Сябры" працавалі літаральна па ўсіх чарнобыльскіх зонах і на Беларусі, і ва Украіне. Да прыкладу, адзін з незабыўных канцэртаў гурт даваў у Славуцічы.... І ў працяг тэмы: я цяпер лячу ў Нью-Ёрк, дзе фонд "Дзеці Чарнобыля" гэтымі вясновымі днямі збірае вядомых артыстаў з усяго свету для правядзення дабрачыннай акцыі. Словам, чарнобыльская тэма для рэалізацыі сумесных праектаў міласэрнасці - па-ранейшаму актуальная.

- Не толькі чарнобыльская бяда, але і шчырае мастацтва аб'ядноўваюць свет?

- Так, ва ўнісон гучаць і музыка, і душы. І чарнобыльская тэма накладвае, так бы мовіць, табу на нейкія імгненныя рознагалоссі, і ўсе працуюць, я перакананы, - у адзіным парыве... Музыка, песня, калі яны шчырыя, - выклікаюць у людзей непадманныя эмоцыі, а таму - аб'ядноўваюць іх...

 - І ў тым, што творчасць "Сяброў" - шчырая, пераконвае і нядаўні факт прысваення вам Міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці"... З гэтай нагоды далучаемся да шматлікіх віншаванняў, што гучаць сёння на ваш адрас, Анатоль Іванавіч!

- Дзякуй вялікі! Гэта ацэнка не толькі маёй творчасці (чым я бязмежна ганаруся), але і ўсяго беларускага песеннага мастацтва.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"