Уся палітра кветак

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

У Музеі гісторыі і культуры Наваполацка з поспехам працуе выстаўка карцін Яўгена Панамарэнкі “Уся палітра колеру”, дзе кветкі нібыта ажылі ў акварэльным "пералажэнні" мастака.

/i/content/pi/cult/374/7296/2-5.jpg"Бэз", "Палявыя кветкі", "Мальвы", "Ландышы", "Званочкі", "Дзьмухаўцы" - усяго васямнаццаць работ, але ў кожнай з іх - асаблівы свет кветак з непаўторнай, толькі ім уласцівай, атмасферай. Па-майстэрску валодаючы тэхнікай акварэлі, творцу ўдалося вельмі тонка перадаць усе нюансы каларыту, святла, у выніку чаго карціны напоўніліся дыханнем, жыццём, шчырасцю і цеплынёй.

Яўген Панамарэнка нарадзіўся ў Брагіне. Вучыўся ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава на мастацка-графічным факультэце ў І.Сталярова, Р.Клікушына, Ф.Гумена, якія дапамаглі яму не толькі набыць прафесійнае ўменне, але і знайсці свой, індывідуальны, мастацкі почырк. Яшчэ будучы студэнтам першага курса Яўген арганізаваў сваю першую выстаўку сумесна з Юрыем Чарняком. Скончыўшы інстытут, у 1970 г. мастак прыязджае ў Наваполацк, дзе творыць і сёння. Прыхільнік віцебскай школы акварэлі, ён развівае і працягвае яе традыцыі.

А першым творам, што напісаў мастак, атрымаўшы ў падарунак ад бацькі скрынку каляровай "Тактыкі", быў букецік палявых кветак, колер і пах якіх ён памятае да сённяшняга часу. Прасачыўшы гэтую лінію ў работах ужо сталага перыяду, гэтыя колеры і пахі запамінае кожны, хто сустракаўся з мастацтвам Яўгена Панамарэнкі...

Алена МАКАВЕЦКАЯ, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў