Над “прорваю” з аркестрам

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

“Патусуемся” з нагоды музыкі?

/i/content/pi/cult/374/7293/1-2.gif22 красавіка ў рамках новага цыкла "Для ўсёй сям'і", што ладзіць Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, тут выступяць стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі - разам з сімфанічным аркестрам тэатра на чале з Аляксандрам Сасноўскім.

Прыкладаў такога шчыльнага сяброўства гэтага тэатра з музыкай - не злічыць. Невыпадкова раней ён называўся Тэатрам драмы і музыкі, а ў праграму Міжнароднага фестывалю "Белая вежа" ўключаў оперу, прычым беларускую - "Мядзведзь" Сяргея Картэса. Яшчэ адным варыянтам спалучэння сталіся "трэція аддзяленні" драматычных спектакляў, калі прагляд завяршаецца ў бары "Тэатр", дзе гучыць музыка закранутай у пастаноўцы эпохі і можна, вядома, сустрэцца з артыстамі. Упершыню такая форма была знойдзена на лютаўскай прэм'еры - "Над прорваю ў жыце" рэжысёра Цімафея Ільеўскага паводле аднайменнага рамана Дж.Сэлінджара, калі рок-н-рольная аўра спектакля ахінула і зацікаўленыя абмеркаванні "па гарачых слядах". Наступным крокам стала італьянская музыка, прымеркаваная да паказу "Слугі двух спадароў" К.Гальдоні.

Традыцыяй сталі тут і сур'ёзныя сімфанічныя канцэрты. Аркестру тэатра ў наступным сезоне споўніцца 20 гадоў, 15 з якіх прыпадаюць на кіраўніцтва калектывам знакамітага Аляксандра Сасноўскага, які паралельна ўзначальвае сталічны духавы аркестр "Няміга" і выкладае дырыжыраванне ў Акадэміі музыкі.

- У Брэсце, - падкрэслівае Аляксандр Пятровіч, - даўно склалася публіка, выхаваная на лепшых прыкладах музычнай класікі. Багата і беларускай музыкі ў рэпертуары сімфанічнага аркестра тэатра. Па магчымасці, імкнёмся знаёміць слухачоў і з сучаснымі айчыннымі навінкамі. У праграму цяперашняга канцэрта стыпендыятаў я ўключыў прэм'ерны твор - канцэртную Фантазію для цымбалаў з аркестрам "Сны Замкавай гары" маладога беларускага кампазітара Канстанціна Яськова, якая была замоўлена аўтару да леташняга Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Выкананне гэтай партытуры стане кульмінацыяй вечара, дзе будзе таксама гучаць заходнееўрапейская і руская класіка. Уразіць слухачоў і разнастайнасць сольных інструментаў: флейта, габой, віяланчэль, фартэпіяна і, нарэшце, цымбалы. Што ж да тэатральнасці, дык яе забяспечвае крэатыўны вядучы - лектар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Анатоль Парэцкі, здольны сваімі "канцэртнымі фантазіямі" захапіць любую аўдыторыю. Дарэчы, падобныя канцэрты стыпендыятаў фонду Прэзідэнта мы праводзім у Брэсце цягам ужо пятнаццаці гадоў. Але ўпершыню яны ўключаны ў цыкл "Для ўсёй сям'і", які з'явіўся толькі ў гэтым сезоне. У тэатр і на канцэрты трэба ладзіць сямейныя культпаходы, а не школьна-"тусовачныя". Гэта не толькі пазбаўляе арганізатараў дбаць пра дысцыпліну ў зале, але і спрыяе цудоўным сямейным традыцыям.

Н.Б.

На здымку: Аляксандр Сасноўскі.