Сярод арганізатараў мерапрыемства - Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк, Нацыянальная акадэмія навук краіны ды многія іншыя ўстановы і арганізацыі.
За некалькі дзён да адкрыцця выстаўкі адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў яе арганізатараў. Як паведаміў журналістам намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч, выстаўка беларускіх мас-медыя і форум электронных тэхналогій упершыню будуць працаваць паралельна якраз у сувязі з развіццём і актыўным выкарыстаннем лічбавых інфармацыйных падыходаў у сферы сучасных СМІ. Менавіта з мэтай далейшага пашырэння выкарыстання найноўшых тэхналогій, у тым ліку Інтэрнэта, у рамках выстаўкі пройдзе шэраг сустрэч і семінараў, на якіх прадстаўнікі айчынных СМІ змогуць атрымаць інфармацыю аб карысным досведзе выкарыстання сацыяльных сетак, блогаў ды іншых магчымасцей Сусветнага павуціння.
На прэс-канферэнцыі таксама было паведамлена, што экспазіцыя выстаўкі "СМІ ў Беларусі" разгорнецца на 1500 квадратных метрах, на ёй будуць размешчаны 44 стэнды - не толькі айчынных сродкаў масавай інфармацыі, але і мас-медыя з Расіі, Украіны, Кітая, Кубы, Індыі.
Афіцыйнае адкрыццё "СМІ ў Беларусі-2012" адбудзецца 25 красавіка а 12-й гадзіне ў Футбольным манежы. У гэты ж дзень у рамках выстаўкі будуць зладжаны прэзентацыі газет розных рэгіёнаў краіны, семінар "Магчымасці традыцыйных СМІ ў сацыяльных сетках"... А вось а 16-й гадзіне распачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу СМІ і журналістаў на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялога ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.
Наступным днём, 26 красавіка, у Футбольным манежы запланавана правядзенне семінара "Рэгіянальныя СМІ ў Інтэрнэце", пасяджэнне сакратарыяту Беларускага саюза журналістаў і падвядзенне вынікаў конкурсу "Інтэрнэт-прэмія" Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "TIBO-2012". Нагадаем, сярод іншых, прэмію "ТІBО" штогод атрымліваюць і сайты ў намінацыі "Культура і мастацтва".
Сярод значных мерапрыемстваў, якія адбудуцца пад час міжнароднага форуму 27 красавіка, - семінары "Прымяненне інструментаў сацыяльных медыя для аператараў распаўсюджвання інфармацыі" і "Эфектыўная прысутнасць СМІ ў Інтэрнэце як фактар фарміравання станоўчага іміджа Беларусі ўнутры краіны і за мяжой". А 28 красавіка ў рамках выстаўкі пройдзе Дзень дзіцячых і юнацкіх СМІ.
Расклад працы выставак:
25 красавіка - V.I.P.-дзень - уваход па запрашальных білетах*.
26 красавіка - з 10.00 па 14.00 - уваход вольны;
з 14.00 па 19.00 - уваход па запрашальных білетах.
27 красавіка - з 10.00 па 14.00 - уваход па запрашальных білетах;
з 14.00 па 19.00 - уваход вольны.
28 красавіка - з 10.00 па 15.00 - уваход вольны.
*Просім звярнуць вашу ўвагу, што ў перыяд працы выстаўкі ўваход у павільён будзе ажыццяўляцца толькі па запрашальных білетах, рэгістрацыйная форма якога прыведзена ніжэй.
У час наведання выстаўкі запоўнены рэгістрацыйны купон можна абмяняць на запрашальны білет альбо зарэгістравацца на месцы (уваход № 2 з правага боку).
Больш поўную інфармацыю можна атрымаць на сайце tc.by