Першы настаўнік сусветна вядомых

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

“Віленская эпоха” ў біяграфіі Івана Трутнева

/i/content/pi/cult/373/7274/15_1.jpeg…6 снежня 1866-га школа была адкрыта. Першы набор вучняў склаў 100 чалавек, у наступным годзе — 110, у 1868-м — 130. А ўсяго за час работы Трутнева школу наведалі больш за 4000 чалавек, атэстаты атрымалі амаль 200 выхаванцаў, з якіх 50 чалавек паступілі ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, астатнія — у іншыя вышэйшыя мастацкія школы Масквы, Адэсы, Парыжа, Берліна, Мюнхена, Варшавы. Хтосьці стаў настаўнікам рысавання ў сярэдніх навучальных установах, нехта — чарцёжнікам і інжынерам-архітэктарам, прафесіі якіх у эпоху развіцця прамысловага капіталу і будаўніцтва былі вельмі запатрабаваныя. Дзякуючы моцнай энергіі, працавітасці і адміністратыўнаму таленту Трутнева школа хутка стала вядомай далёка за межамі краю, і сюды з розных гарадоў Расійскай Імперыі рынуліся маладыя людзі, у тым ліку і дзяўчаты, якія, праўда, займаліся асобна ад хлопцаў. Шмат было і беларусаў. На пачатку ХХ ст. пры непасрэдным удзеле Трутнева школа ўжо падзялялася на чатыры класы, пачынаючы ад простага рысавання геаметрычных фігур ды арнаментаў і заканчваючы маляваннем чалавека з натуры, вывучэннем пластычнай анатоміі ды перспектывы. Выключалі толькі тых, хто не дэманстраваў поспехаў у першыя два гады навучання…

Тым не менш, кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі надавала школе не шмат увагі. Школа была дрэнна абсталявана, не хапала многіх неабходных мастацкіх матэрыялаў, дапаможнікаў. У рукапісным аддзеле пецярбургскай Дзяржаўнай бібліятэкі імя М.Салтыкова-Шчадрына (ф. 708, вопіс 13, справа 89) захаваўся ліст Трутнева (ад 1887 г.) да гісторыка мастацтва Мікалая Сабко. У ім гаворыцца наступнае:
“…Школа не богата учебными пособиями, что было приобретено при устройстве школы, тем и пробавляемся по сие время. Гипсы устарели, и от побелки многие попортились. Большой недостаток в орнаментах. Есть их несколько, но очень однообразные по стилю. Ни одного нет в русском стиле, и нет где их добыть. Средства школы не позволяют развернуться как следует. Той суммы, что отпускается, едва хватает на содержание школы, т.е. на жалованье преподавателям, сторожу, отопление, освещение, а на пополнение учебных пособий почти не остается ничего…”. Як Трутневу ўдавалася вырашаць усе гэтыя праблемы — аднаму Богу вядома. Але ён іх адважна вырашаў. Менавіта яму, арганізатару і натхняльніку мастацкай адукацыі краю, мы абавязаны тым, што многія яго вучні, у тым ліку беларусы і ўраджэнцы нашай зямлі, знайшлі сваё годнае месца ў нацыянальнай і сусветнай прасторы планеты.

Яму, мастаку і педагогу, сябру П.Траццякова і У.Стасава, нягледзячы на занятасць у школе, удавалася займацца ўласнай творчасцю і ўдзельнічаць у навуковых экспедыцыях, арганізаваных Віленскай навучальнай акругай. А яшчэ ён у вячэрнія гадзіны выкладаў рысаванне і чыстапісанне ў прагімназіі, Рэальным вучылішчы і на бясплатных курсах тэхнічнага малюнка для рамеснікаў. У жніўні 1868 года Трутнеў даслаў у Савет Акадэміі мастацтваў прашэнне прысвоіць яму званне акадэміка за карціны “Народная школа” і “Інтэр’ер партэрнага пакоя ў Антвэрпене”. І праз месяц атрымаў з Пецярбурга дыплом, дзе прызнаваўся акадэмікам “за мастацтва і выдатныя веды ў жывапісе народных сцэн”. Такім чынам, ён стаў адзіным у Паўночна-Заходнім краі акадэмікам жывапісу.

У 1891-м у Вільні адбылася буйная выстаўка ў сувязі з 25-годдзем ш/i/content/pi/cult/373/7274/15_2.jpegколы, што выклікала сапраўдны фурор сярод культурнай грамадскасці краю. У экспазіцыі былі прадстаўлены лепшыя творы выпускнікоў “гнезда Трутнева”, у тым ліку і работы, прывезеныя з іншых гарадоў Расійскай Імперыі. Вернісаж стаўся сапраўдным святам для грамадства, мастакоў, педагогаў і самога Івана Пятровіча. Адзін з вучняў Трутнева (на жаль, ягонае імя засталося для мяне невядомым) пра сваю любоў да alma mater сказаў наступнае: “Калі слухаеш ці чытаеш пахвалу школе, то адчуваеш, што хваляць штосьці радаснае, блізкае твайму сэрцу, і з гордасцю разумееш сваю асабістую прыналежнасць да Віленскай рысавальнай школы. І я ганаруся тым, што быў яе гадаванцам, што я — з той плеяды, якая прыйшла з бедных хат глухой правінцыі. І сваю першую Боскую іскру я атрымаў у час праходжання праз горан гэтай школы акадэміка Івана Пятровіча Трутнева”. Мастак атрымаў шчырыя прывітанні ад прэзідэнта Акадэміі мастацтваў, вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, ад віленскага, ковенскага і гродзенскага генерал-губернатара В.Троцкага, ад апякунскага савета Віленскай вучэбнай акругі і г. д. Словам, свята атрымалася на славу. Урад таксама высока ацаніў заслугі педагога. Апошні быў удастоены звання Ганаровага вольнага сябра Акадэміі мастацтваў, трошкі пазней — узнагароджаны “высочайшим подарком”: залатым пярсцёнкам з брыльянтамі і вензелевым адлюстраваннем імператара Мікалая II. Я ўжо не кажу пра тое, што Трутнеў “за доблесную працу” меў ордэны розных ступеняў — Святой Ганны, Святога Уладзіміра і Святога Станіслава — і незадоўга да смерці атрымаў самы высокі чыноўніцкі чын: сапраўднага стацкага саветніка.

Канешне ж, строгая рэалістычная скіраванасць выкладання жывапісу і малюнка задавальняла не ўсіх вучняў, асабліва тых, хто нейкім чынам сутыкнуўся з павевамі найноўшага французскага мастацтва, што на пачатку ХХ ст. моцна набірала сілу. Каб быць цалкам аб’ектыўным, прывяду толькі адзін прыклад — з “Успамінаў” былога вучня школы Мсціслава Дабужынскага: “…Я пачаў хадзіць у школу рысавання Трутнева, сівога, з адным вокам, мастака-перасоўніка. Там было зусім тое ж самае, што і ў Пецярбургскай школе заахвочвання мастацтваў: тыя ж нудныя гіпсы, акантаванае лісце, вушы і насы, тая ж штрыхоўка. І ўсё гэта было зусім нецікава, і я хутка перастаў туды хадзіць…”. А потым будучы сусветна вядомы мастак павышаў сваю кваліфікацыю ў Пецярбургу ды Германіі. Былі і некаторыя іншыя, хто характарызаваў сістэму выкладання ў школе Трутнева як “традыцыйную, халодную і педантычную”, дзе “расквітнеў тусклы натуралізм”. Але не трэба забываць, што школа павінна была даць не гатовых “геніяў”, а толькі першапачатковыя веды ў малюнку і жывапісе, перш чым яны прадоўжаць свой шлях у вялікае мастацтва. Так ці інакш, але, да прыкладу, будучыя заснавальнікі Парыжскай школы, атрымаўшы тут азы рысавання, пачыналі свой зорны шлях менавіта адсюль, са школы Трутнева. І гэта факт, які ніхто не можа аспрэчыць.

Творчая дзейнасць Трутнева ў “віленскі перыяд” — таксама цікавая старонка ягонай біяграфіі. І тут ніхто не можа ўсумніцца ў яго высокім прафесіяналізме ды назіральнасці ў адлюстраванні жыцця беларусаў, літоўцаў, яўрэяў і рускага люду. Ёсць жывапісныя палотны ды акварэлі на “злобу дня”: “Падзеі 1905 года”, “Гвалт”, “Пад вартай”, “Провады навабранца на Далёкі Усход” (тэма Руска-японскай вайны). Цікавая гістарычная карціна “Святога Антонія Віленскага вядуць на пакаранне смерцю”. Вельмі прачула адлюстраваў мастак сцэну развітання братоў Антонія і Іаана перад вечнай разлукай, асабліва — іхнія твары, поўныя глыбокай веры і гатоўнасці пакутаваць за Хрыста (як вядома, язычніцкія жрацы — у час праўлення князя Альгерда — павесілі Антонія на дубе 17 красавіка 1317 года, а потым задушылі і яго старэйшага брата Іаана)...

Сярод іншых жанравых твораў, часам сацыяльна вострых па характары, — кампазіцыі “Літоўская карчма”, “Плытагоны на Віліі”, “Трушчобы ў сутарэннях”, “Казіміраўскі кірмаш”, “Жабрак з сабакам”, “Таўкучы рынак у Вільні”, “Вяртанне з поля”, “Споведзь”, “Вясковыя пахаванні” і г. д. Не цураўся Трутнеў і працы над афіцыйнымі партрэтамі рускіх імператараў, “айцоў” Віленскай губерні ды вядомых дзеячаў Праваслаўнай Царквы: гэта выявы абаронцы праваслаўя ў ВКЛ Канстанціна (Васіля) Астрожскага, Мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), апекуна Віленскай вучэбнай акругі М.Сергіеўскага; пісаў неаднойчы жонку, дзяцей Сашу і Машу, блізкіх сяброў.

Асобная старонка творчасці Трутнева — стварэнне ікон для іканастасаў праваслаўных цэркваў Вільні, Мінска, Гродна, а таксама для Коўна, Любліна і Варшавы. Большасць ікон мастак маляваў бясплатна. Дарэчы, цягам амаль дваццаці гадоў Трутнеў быў старастай віленскага кафедральнага Прачысценскага сабора. Цудоўны пяціярусны іканастас апошняга ён намаляваў з дапамогай вучняў. У гэтым іканастасе сярод 73 ікон ёсць шмат выяў святых, лёс якіх быў звязаны непасрэдна з Беларуссю, у тым ліку — Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, княжны Іуліяніі Гальшанскай. У царкоўным жывапісе мастак кіраваўся галоўным старажытным правілам: “Не описывать Божества от самоизмышления своими догадками, но держаться с превеликим тщанием образцов древнейших (візантыйскіх. — Б.К.) иконописцев”.

А яшчэ Іван Пятровіч знаходзіў час ездзіць па Беларусі і рабіць замалёўкі ды акварэлі помнікаў старажытнасці ў Полацку, Мсціславе, Віцебску, Гродне. Па гэтых “пленэрных” творах у 1890 годзе ў Пецярбургу быў выдадзены альбом хромалітаграфій, створаны па ініцыятыве этнографа П.Бацюшкава. У “Аўтапартрэце” Трутнеў абапіраецца менавіта на гэты альбом у саф’янавым пераплёце.

У апошнія гады жыцця мастак моцна хварэў, асабліва складаныя былі праблемы з вачамі. І тым не менш, маляваў, праўда, толькі акварэллю: віды свайго невялічкага лецішча пад Вільняй, наваколле горада, эцюды Крыма і Каўказа, дзе яму часам удавалася адпачыць.

Што казаць? Па таленце Трутнева цяжка паставіць у адзін шэраг са знакамітымі перасоўнікамі Крамскім, Ге, Пяровым або Рэпіным і Сурыкавым, бо ягоныя творы ўсё ж “не дацягваюць” да іхняй псіхалагічнай і вобразна-пластычнай сілы. Але ён і не прэтэндаваў на іх славу і вядомасць. Проста, будучы рэалістам, Іван Пятровіч заўсёды імкнуўся да жыццёвай праўды, да “эстэтычнай раўнавагі” паміж канкрэтнасцю, верагоднасцю “натуры” і ўвасабленнем на палатне яе мастацкага вобраза. Так, ён быў рускім мастаком і рэалізм лічыў самым галоўным кірункам з усіх тагачасных плыняў.

Але — хачу гэта асобна падкрэсліць — ніколі не прыгнятаў, не "душыў", не прэсаваў сваіх вучняў, якія маглі аказацца па-за межамі таго рэалізму, як яго разумеў Трутнеў, хаця погляды такіх “парушальнікаў спакою” не падзяляў. Так, у лісце да сакратара Акадэміі М.П. Боткіна ён шчыра прызнаваўся:
“…Баюся я новага павеву, што збівае некаторых, і вялікага намагання патрабуецца, каб стрымаць у памяркоўных рамках моладзь. Вось для гэтага і патрэбна мець у Віленскім музеі старажытнасцей некалькі добрых карцін, на якія трэба было б указаць як на ўзоры сучаснай школы…” Наіўны Іван Пятровіч! Не хацеў разумець, што бурлівыя хвалі новага еўрапейскага мастацтва ўжо нельга было аніяк спыніць.

Тым не менш, у трутнеўскай “акадэміі” ўсё ж існаваў ліберальны разняволены дух, які, напрыклад, дапамог Суціну пасля першай няўдачы пры паступленні ў школу пераздаць уступныя іспыты. А нейкаму М.Стрончыну нават дазволілі паступіць у школу ў сярэдзіне навучальнага года. Але, як ні дзіўна, ніводнага выдатнага рускага мастака — выпускніка школы я назваць не магу, а вось “антырэалістаў”, скажам, у асобах ураджэнцаў Беларусі Я.Драздовіча, Х.Суціна, Ж.Ліпшыца, М.Кікоіна, П.Крэменя, Л.Сегала сёння ведае ўвесь свет. Такія метамарфозы ў гісторыі мастацтва маюць месца, калі былыя вучні класічных артадаксальных акадэмій “ператвараліся” то ў рускіх “перасоўнікаў”, то ў французскіх “імпрэсіяністаў” і “экспрэсіяністаў”.

Іван Трутнеў пайшоў з жыцця 5 (17) лютага ў 1912 годзе. Пасля яго школу на кароткі час узначаліў Іван Рыбакоў, потым — Сяргей Южанін. Абодва — былыя паплечнікі майстра. Але Першая сусветная вайна паставіла тлустую кропку, і школа ў Вільні спыніла сваё існаванне. На ўсёй планеце пачыналася зусім новая эпоха — і ў грамадскім жыцці, і ў культуры, і ў мастацтве… Але галоўная заслуга Трутнева, лічу, у тым, што ён на тагачаснай тэрыторыі Беларусі стварыў першую народную мастацкую школу (раней за ўсе аналагічныя школы ў расійскай правінцыі), развіў у людзей другой паловы XIX cтагоддзя эстэтычны густ да культуры, да мастацтва, да адукацыі, таму за сваю шчырую адданасць справе, за сціпласць, працавітасць, розум і талерантнасць здабыў сабе глыбокую павагу сучаснікаў. А наша задача — не забываць тых, хто паклаў свае сілы і талент на служэнне “разумнаму, добраму, вечнаму”, хто так ці інакш меў дачыненне да развіцця і станаўлення нацыянальнай беларускай культуры.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"