“Стаянкі" артэфактаў

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Новым даследаванням мінуўшчыны нашага краю прысвечана навуковая канферэнцыя “Археалогія, этнаграфія, гісторыя Магілёўшчыны і Верхняга Падняпроўя”, што адбудзецца напрыканцы мая ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Еўдакіма Раманава.

Як адзначылі ва ўстанове, адной з цэнтральных тэм прадстаўнічага форуму стане разгляд пытання па выкарыстанні музейных калекцый у якасці гістарычнай крыніцы. Акрамя таго, чакаецца шырокае абмеркаванне дакладаў па этнаграфіі Падняпроўя, краязнаўстве Магілёўшчыны. На думку загадчыка Магілёўскага музея этнаграфіі Святланы Рыбаковай, пад час канферэнцыі важна распавесці пра калекцыі рэгіёна, расказаць шырокай грамадскасці пра разнастайныя адкрыцці супрацоўнікаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.

Ці не самымі цікавымі, думаецца, стануць навуковыя выступленні, прысвечаныя археалогіі Магілёўшчыны. І абласному краязнаўчаму музею ў гэтай сферы ёсць чым пахваліцца. Мяркуйце самі: на сённяшні дзень археалагічная калекцыя ўстановы налічвае больш за 26 тысяч адзінак захоўвання асноўнага фонду. Яно і не дзіва: на тэрыторыі Магілёўскай вобласці вядома больш за дзве тысячы помнікаў археалогіі: гэта стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, умацаваныя гарадзішчы і адкрытыя паселішчы эпохі жалеза ды Сярэднявечча, старажытныя горад і замчышча, грунтавыя могільнікі і курганы. Асобны экспазіцыйны комплекс прысвечаны гарадзішчу Нікадзімава, што існавала на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна ў глыбокай старажытнасці.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"