Развітальнае слова

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

САБАЛЕЎСКІ Анатоль Вікенцьевіч

/i/content/pi/cult/373/7272/14_5.jpeg6 красавіка 2012 г. пасля цяжкай працяглай хваробы на 80-м годзе пайшоў з жыцця адзін з найвядомых беларускіх тэатразнаўцаў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Анатоль Вікенцьевіч САБАЛЕЎСКІ.

А.В. Сабалеўскі нарадзіўся 27 мая 1932 г. у вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Першыя гады школьнага навучання прыпалі на даваенны час. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, скончыўшы сямігодку і выявіўшы выдатныя здольнасці да матэматыкі, А.Сабалеўскі паступіў у Мінскае педвучылішча і паспяхова скончыў яго ў 1953 г. Аднак юнаку быў наканаваны іншы лёс. Цяжка нават зразумець, як вясковы хлопец, не маючы ніякай інфармацыі і нават уяўлення пра сцэнічнае мастацтва, звязаў сваё жыццё менавіта з тэатрам. Праўда, схільнасць да літаратуры выявілася ў яго з дзяцінства, ён шмат чытаў, сам пісаў вершы.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958 г.), пад час вучобы ў якім і пачалася яго актыўная тэатральна-крытычная і літаратурная дзейнасць, А.Сабалеўскі паступіў у аспірантуру пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.Луначарскага ў Маскве, якую паспяхова скончыў, абараніў у 1961 г. дысертацыю і атрымаў вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

3 1961 г. А.В. Сабалеўскі працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і адначасова выкладаў гісторыю тэатра і тэатральную крытыку ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. 3 1972 г. ён — загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, мовы і літаратуры, а з 1984 па 1989 гг. — рэктар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1992 — 1998 гг. А.Сабалеўскі — арганізатар і галоўны рэдактар часопіса “Тэатральная Беларусь” (пазнейшая назва — “Тэатральная творчасць”), які асвятляў тэатральнае і культурнае жыццё краіны і замежжа, друкаваў творы беларускіх драматургаў. Адначасова з 1993 г. А.Сабалеўскі ўзначальваў кафедру тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. У 2000 г. А.Сабалеўскі вярнуўся на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі і да выкладчыцкай працы на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе плённа працаваў амаль да апошніх месяцаў свайго жыцця.

Як навуковец А.В. Сабалеўскі глыбока даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі беларускага тэатра, драматургіі, праблемы нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў тэатральным мастацтве, узаемасувязей розных тэатральных культур, творчасць дзеячаў сцэны. Ён — аўтар больш як 500 артыкулаў, аповесці “Жылі-былі хлопцы...” (1961 г.), шэрагу апавяданняў, укладальнік, рэдактар тэкстаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да “Хрэстаматыі па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі” ў 4-х тамах (2000 г.), раздзелаў у “Гісторыі беларускага тэатра” (т. 1, 1983 г.), раздзелаў у шматтомным выданні “Беларусы. Т. 13. Тэатральнае мастацтва” (2012 г.), кніг “Рампай асветленае: тэатральна-крытычныя артыкулы” (1962 г.), “Уладар дум чалавечых: творчасць народнага артыста СССР Барыса Платонава” (1964 г.), “Ад п’есы — да спектакля” (1965 г.), “Беларуская савецкая драма. Кн. 1 — 2” (1969 — 1972 гг.), “Театр открывает занавес (1970 г.); “Беларуская савецкая драматургія і яе сцэнічнае ўвасабленне” (1971 г.), “Белорусская драматургия в театрах народов СССР” (1972 г.), “Жыццё тэатра: мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі” (1980 г.), “Сучаснасць і гісторыя” (1985 г.), “Кандрат Крапіва: нарыс жыцця і творчасці” (1989 г.), “Глеб Глебаў: жыццё і творчасць вялікага беларускага камедыйнага акцёра” (1994 г.) і іншых.

Навуковаму і рэдактарскаму вопыту А.В. Сабалеўскага належыць ініцыятыва задумы ўнікальнага выдання “Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя” ў 2-х тамах і плённая яе рэалізацыя з аўтарскім калектывам у 2003 г. Апошняя яго кніга — “Майстры, падзеі, акалічнасці” (2011 г.).

Шматбаковая дзейнасць вучонага і педагога Сабалеўскага А.В. атрымала высокую ацэнку далёка за межамі Беларусі. Камісія па прысуджэнні міжнародных прэмій узнагародзіла яго Залатым медалём “UNITY” (“Адзінства”) за выдатны ўклад у навуку і прапаганду ідэй міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі свету. Ён — акадэмік Міжнароднай акадэміі навук аб прыродзе і грамадстве, а аддзяленне мастацтвазнаўства, музеязнаўства і калекцыянавання гэтай акадэміі абрала яго членам прэзідыума. А.В. Сабалеўскі — ганаровы доктар навук Ташкенцкага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя М.Уйгура. Імя вучонага добра вядомае ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, ва Украіне і ў Малдове, ва Узбекістане і ў Кіргізіі, Грузіі і Казахстане.

Светлая памяць пра Анатоля Вікенцьевіча Сабалеўскага назаўжды застанецца ў сэрцах яго сяброў, калег і вучняў.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў