Другі дубль "Песні пра долю"

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Рок-опера ў сінтэзе з цымбаламі

Прэм’ерай адроджанай рок-оперы Уладзіміра Мулявіна “Песня пра долю” Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча працягвае стратэгічны рух у кірунку вяртання твораў нацыянальнага рэпертуару на сцэну. І падыходы да гэтага твора былі даволі доўгімі. У шэрагу канцэртных праграм гучалі фрагменты рок-оперы, пакрысе ўзнаўляліся аранжыроўкі, ішла “прымерка” пад аркестр. Урэшце, сама рэакцыя публікі, у тым ліку на інтэрнэт-форумах, засведчыла цікавасць да “Песні…”.

За колькі дзён да дэбютнага паказу аркестравай інтэрпрэтацыі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі карэспандэнты “К” пацікавіліся тонкасцямі адной з вядучых партый рок-оперы — Мужыка — у яе выканаўцаў розных пакаленняў: саліста “залатога” складу “Песняроў”, заслужанага артыста Беларусі Анатоля КАШАПАРАВА і спевака, кампазітара Яна ЖАНЧАКА.

/i/content/pi/cult/373/7270/11_1.jpegКалі мы “вызванілі” Анатоля Кашапарава па відэасувязі, ён быў за рулём па дарозе з Фларыды ў Маямі. Узгадаць пра тую самую “Песню пра Долю”, што збірала палацы спорту, і паразважаць пра новую яе версію ён пагадзіўся з ахвотай. А паколькі сувязь мы трымалі праз Інтэрнэт, першае пытанне было наступнае:

— Відаць, у Інтэрнэце за падзеямі ў беларускай музыцы сочыце?

— Сапраўды, сачу! Да ўсяго, гляджу ўсе да адной тэлетрансляцыі беларускіх фестываляў: “Славянскага базару ў Віцебску”, магілёўскага “Залатога шлягера” ды не толькі.

— Анатоль Яфімавіч, як успрынялі навіну пра аднаўленне на сцэне “Песні пра долю”?

— Аднаўленне толькі вітаю, хаця, прызнаюся, мне даволі цяжка ўявіць рок-оперу з цымбаламі. Тым не менш, сінтэз — цікавы. Гэта з аднаго боку. З іншага ж, наколькі ведаю, аднаўленнем займаецца аркестр Жыновіча, а аранжыроўку робіць Аляксандр Крамко. Што мне падабаецца ў ягоным падыходзе, дык гэта імкненне “зняць” музыку, усе вакальныя партыі як мага бліжэй да арыгінала — “адно да аднаго”. Дый ці патрэбна інакш? Перад намі ўжо класіка! Не будзе, зразумела, таго, “песняроўскага”, вакалу, але з’явіцца нешта новае… Наогул, цудоўна, што зноў прагучыць музыка Мулявіна. Мне было б цікава паглядзець запіс новай пастаноўкі.

Шкада толькі, што копій арыгінала ў добрай якасці не захавалася, каб людзі маглі пачуць і пабачыць душу, сарцавіну рок-оперы. А аматарскія запісы… Мне шкада, што людзі, якім “Песняры” ў свой час дазвалялі падключацца да гукарэжысёрскага пульта і атрымліваць копіі канцэртных праграм, сёння проста гандлююць такімі стужкамі, а не знайшоўшы “купца” — даюць ім сатлець...

— Вы згадалі “песняроўскі” вакал. А якую параду адносна сваёй партыі вы далі б “спадкаемцу” па ролі — Яну Жанчаку?

— Яну параіў бы як найглыбей вывучыць “песняроўскую” першакрыніцу, улавіць самыя ключавыя моманты рок-оперы, магчыма, скантактавацца са мной… А ўсім маладым салістам пажадаў бы не ўнікаць вопыту папярэднікаў на сцэне. Магчыма, я залішне скептычны, але лічу, што сёння на эстрадзе моладзі наогул не стае сціпласці, элементарнай чалавечнасці, дабрыні. Аднойчы выйсці на сцэну — не азначае стаць “зоркай”: трэба пятнаццаць — дваццаць гадоў адпрацаваць, мець школу, аснову. Нядаўна адшукаў у Інтэрнэце відэазапіс “Спадчыны”, які быў зняты ў 1972-м. “Песняры” там вельмі акуратныя, сціплыя. А галасы як гучаць!

— Якія акцэнты пры выкананні “Песні пра долю” рабілі асабіста вы? На што звяртаў увагу Мулявін?

— Калі тэматыка рок-оперы — цяжкая доля беларускага мужыка, то філасофскі лейтматыў куды больш шырокі: эпічны роздум пра лёс чалавека ўвогуле. Вось на гэтым і акцэнтавалася ўвага. Праўда, пры здачы твора дзяржаўнай камісіі давялося змяніць фінал, зрабіць яго больш аптымістычным, чым ён ёсць у Янкі Купалы. Класік у “Адвечнай песні” паказаў безвыходнасць, а наша “Песня пра долю” заканчваецца светлай надзеяй.

— Анатоль Яфімавіч, ці цяжка было выконваць вашу, адну з самых драматычных у творы, партыю? У “Песняроў” на той час па чатыры канцэрты ў дзень праходзіла…

— Самае цікавае, што было вельмі лёгка! Да сёння гэтая школа дапамагае. Вось пару месяцаў таму ў Дэнверы зладзіў канцэрт-сустрэчу, дзе выконваў “песняроўскі” рэпертуар. Выступаў ад 20-й вечара да 4-й раніцы з кароткімі перапынкамі…

— Дарэчы, ведаю, што ў вас ёсць цікавы праект з амерыканскімі рок-музыкантамі, дзе вы выконваеце менавіта рэпертуар “Песняроў”…

— Сутнасць ідэі  — у вяртанні да слухача тых песень, што выпалі ў свой час з рэпертуару ансамбля. Скажам, “Вуліцы без канца”. Ведаеце такую песню з фільма Ігара Дабралюбава? Музыку да яе напісаў Мулявін, а словы — яшчэ адзін артыст ансамбля першага складу Валерый Яшкін. Карацей, сутнасць задумы — нагадаць публіцы, што былі такія творы, лішні раз назваць імёны аўтараў. Цяпер разам з музыкантамі (а сярод іх, апрача двух амерыканцаў, ёсць яшчэ адзін беларус — пінчанін, што прыехаў у ЗША вельмі даўно) раблю новыя аранжыроўкі. Калі ўсё паспеем, хацелася б паказаць праект на “Славянскім базары…”. З гэтай нагоды планую ў хуткім часе прыехаць у Беларусь. А пасля мяркую знайсці вакаліста ці вакалістку ды стаць прадзюсарам гэтага калектыву…

Распытваў Сяргей ТРАФІЛАЎ

На здымку: Анатоль Кашапараў у рэдакцыі газеты "Культура" ў лістападзе 2008-га.

Фота Пятра ОВАДА з архіва "К"

 

Сярод салістаў цяперашняй “Песні пра долю” — Ян/i/content/pi/cult/373/7270/11_2.gif ЖАНЧАК, які ўжо не ўпершыню ўдзельнічае ў “песняроўскіх” праектах Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча.

— Творчасць “Песняроў”, — кажа Ян, — для мяне папраўдзе родная. Я працаваў у гэтым асяродку — і з Леанідам Барткевічам, і з “Лявонамі”, калі яны разам з дачкой Песняра Марынай Мулявінай працягвалі яго традыцыі. Усё, што рабіў Уладзімір Георгіевіч, складае адметны музычны напрамак. А імкненне калектыву да стварэння буйных кампазіцый і нават рок-опер увогуле было сапраўдным прарывам для айчыннай культуры.

— Ці слухалі вы “песняроўскае” выкананне “Песні пра долю”, перш чым пачынаць над ёй працу?

— Калі мы гэтак жа рыхтавалі “Гусляра”, я ўжо даўно быў знаёмы з музычным матэрыялам. А “Песню пра долю” ведаў хіба “тэарэтычна”: маўляў, быў такі твор паводле Янкі Купалы. Запіс пачуў толькі цяпер — далёка не лепшай якасці, зроблены непасрэдна з канцэрта. Форма спачатку падалася незразумелай, і толькі пасля некалькіх праслухоўванняў і, галоўнае, уласнага пранікнення ў задуму ўсё выбудавалася ў завершаную, стройную канцэпцыю.

— А як вы пачуваеце сябе адразу ў чатырох партыях: Пастушка, Сына, Маладога і Мужыка?

— Для мяне гэта дзве партыі ці нават адна: Юнак, які пасвіць статак, жэніцца, сталее і становіцца Мужыком. У іх адна доля — мужыцкая. Але і сапраўды, мне даводзіцца спяваць “за дваіх”: за Леаніда Барткевіча і Анатоля Кашапарава. Зразумела, паўтараць ранейшы варыянт не мае сэнсу. І не толькі таму, што ў нас дадаецца народны аркестр, а адпаведна — змяняецца стылістыка. Заўсёды хочацца знайсці новае, дый час ідзе, усё ўспрымаецца інакш. Я не ламаю ўжо складзеных канонаў, а проста дадаю яшчэ і сваё адчуванне герояў ды ўсяго твора. Людзей рознага ўзросту і, адпаведна, светаадчування можна перадаць самім голасам: у Юнака павінен быць гэткі крыштальны тэмбр, у Мужыка — драйвавыя ноткі. І, вядома ж, у партыі кожнага павінна заставацца імправізацыя: мастацтва не можа быць пралічаным “на ўсе сто” — у ім заўсёды ёсць хаця б невялікае “адхіленне” ад зададзенай траекторыі, якое рухаецца натхненнем.

— З гуртом “Янкі” вы прайшлі Нацыянальны адборачны тур на Міжнародны конкурс “Новая хваля-2012”. Якую песню павезяце на фінальны адбор у Маскву як “хіт сваёй краіны”? Можа, штосьці “песняроўскае”?

— Гэта будзе “Вераніка” ці “Алеся”. Але, шчыра кажучы, я яшчэ не вызначыўся, ці паеду ў Маскву ўвогуле. Прэм’ера “Песні пра долю” — 19 красавіка. А ў Маскве трэба быць 20-га зранку. Калі паспею — добра. А калі не — нічога страшнага. Наша прэм’ера мне куды больш даражэйшая. І, шырэй, — усё тое, што робіцца ў нацыянальнай культуры.

— Не плануеце рок-апрацовак народных песень?

— З гуртом “Янкі” будзем рабіць стылізацыі пад фольк. Народныя ж песні — самадастатковыя. Часцей за ўсё, не патрабуюць ніякай апрацоўкі, ды яшчэ ў іншым стылі. А менавіта такога апошнім часам з’яўляецца ўсё больш. Калі чую, да прыкладу, тую ж “Рэчаньку” ў стылі R’n’B, становіцца неяк не па сабе. Усё, што трэба выказаць у народнай песні, можна і неабходна зрабіць адно голасам: вакальнымі фарбамі ды адценнямі, нават самім тэмбрам. Гэта і ёсць, на маю думку, сучаснае прачытанне. А тыя ж рок-апрацоўкі бываюць на адзін капыл. Пэўна, кожны гістарычны перыяд патрабуе сваёй “музычнай праўды”. І сёння надыходзіць той этап, калі трэба больш давяраць народна-песеннай “аўтэнтыцы” ў яе адметным — аўтарскім — данясенні да слухача.

Занатавала Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Дэталь па сутнасці: меркаванні

Рэканструкцыя. З прыстасаваннем

Пры навінах аб пастаноўцы такіх знакавых твораў з рэпертуару “Песняроў”, як купалаўскія “Гусляр” ды “Песня пра долю”, у мяне заўжды ўзнікае пытанне, чаму гэтыя музычныя спектаклі (а разам з імі — і філарманічныя пастаноўкі паводле Багдановіча) не могуць знайсці сталае месца ў рэпертуары самой Філармоніі ці на тэатральнай сцэне?

Не для аднаго ж паказу, па ідэі, павінна рабіцца падобная маштабная, лічы, “рэканструкцыя з прыстасаваннем” пад сучасныя галасы і гледача? Але пасля аншлагавай прэм’еры пра твор... забываюць на наступныя n гадоў… Між тым, афішы музычных тэатраў і філармоній у сталіцы і абласцях зусім не багатыя на сучасныя беларускія назвы. А больш дакладным будзе сказаць: яны іх фактычна не маюць. Тым больш — у жанры рок-оперы, як “Песня пра долю”, ці рок-сімфоніі, як “Гусляр”. Дык чаму б не прадставіць гледачу магчымасць пабачыць пастаноўку зноў? Бо важкая ў гэтым сэнсе рыса твораў Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка — патэнцыйная вядомасць для публікі: хтосьці чытаў паэмы, а хтосьці бачыў яшчэ і “песняроўскія” версіі.

Так, няпроста сабраць салістаў, аркестр у адным месцы з пэўнай рэгулярнасцю. Аднак, па-першае, ведаючы графік спектакляў на пару месяцаў наперад і яны могуць спланаваць свой час, а па-другое, чаму б не падумаць пра другі састаў вядучых салістаў, як гэта робіцца на ўсе буйныя спектаклі ў тэатрах? А глядач, упэўнены, прагаласуе набыццём білета за такую ініцыятыву. Тым больш, першакрыніцы пастановак — “Адвечная песня” і “Курган” Янкі Купалы — творы праграмныя, таму праз колькі паказаў абавязкова дададуцца і школьнікі з настаўнікамі. І форма прачытання класікі — рок-опера — прагучыць для іх арыгінальна. Прынамсі, на памяці моладзі падобных эксперыментаў, на жаль, фактычна не здзяйснялася…

С.Т.

Аднаразовая рок-опера?

Тэатральных пляцовак у Мінску, у параўнанні з абласнымі цэнтрамі, шмат. У параўнанні ж з заходнееўрапейскімі гарадамі ўсё наадварот. А галоўнае — няма эксперыментальнай сцэны. Таму самыя цікавыя, нешараговыя, творчыя праекты застаюцца ў адзіным выкананні — без паўтораў.

Не практыкуецца ў нас і такая вядомая ў свеце тэатральная мадэль, як японская. Там музычная прэм’ера, пракатваецца некалькі разоў запар, усе паказы здымаюцца-запісваюцца, і на іх аснове выпускаецца кампакт-дыск і DVD-версія. Спектакль можа аднавіцца толькі тады, калі ўвесь тыраж відэазапісаў распрадаецца, а публіка ўсё яшчэ не страціла цікавасці. Такое вось спалучэнне грашовага пытання з творчым.

У нас жа гэтае яднанне пакуль не такое гарманічнае. Пастаноўкі “на публіку” арыентуюцца на адпаведныя густы і запатрабаванасць. Праекты “нацыянальнага значэння”, як тыя ж “Гусляр”, “Песня пра долю”, а таксама “Апокрыф” Ларысы Сімаковіч паводле Максіма Багдановіча, ажыццёўленыя Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча, фінансуюцца з дапамогай фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і са сродкаў Міністэрства культуры краіны. Іх далейшы пракат, як ні дзіўна, звязаны з яшчэ большымі выдаткамі: на арэнду залы (пагадзіцеся, філарманічная зусім не прыдатная для тэатральных пастановак, у ёй нават святло цяжка ўсталяваць), на перавоз інструментаў аркестра (цымбалы, прабачце, у руках праз увесь горад не пацягнеш, як тую скрыпку). З гастролямі яшчэ складаней, бо тут выдаткі падскокваюць у разы. Так што выйсця пакуль — няма. А так хацелася б! Можа, справа сапраўды ў адкрыцці эксперыментальнай універсальнай сцэны? Не надта вялікай па памерах, але абсталяванай, прыдатнай і для музычных пастановак розных жанраў.

Н.Б.