Дотык рукі да… канвеера

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Прадзюсарскі праект "made in Смілавічы"

/i/content/pi/cult/373/7268/10_4.jpegСнежныя зімы апошніх гадоў прымусілі моднікаў і модніц звярнуцца да няхітрай, ды такой цёплай спадчыны, як валёнкі. А ў якасці аб’екта назірання вядучы беларускі дакументаліст Віктар Аслюк абраў не тонкую ручную працу ўнікальных майстроў-шапавалаў з Дрыбіншчыны, а канвеер Смілавіцкай фабрыкі — адзінай у Еўропе, дзе валёнкі вырабляюць у прамысловых маштабах.

Дасведчаныя людзі сцвярджаюць: валёнкі, зваленыя ўручную, — мяккія, лёгкія, добра захоўваюць цяпло чалавечага цела, да таго ж, яны больш камфортныя за набітыя на жалезных агрэгатах фабрычныя вырабы. Ці праўда гэта — застаецца ў карціне “Цяпло” нявысветленым. У рабоце Віктара Аслюка няма побытавай або тэхнічнай інфармацыі. Як і некаторыя іншыя фільмы дакументаліста, “Цяпло” — стужка-“здымак”, стужка-адчуванне, якая вяртае нас да першапачатковай сутнасці неігравога кіно як імпрэсіяністычнай рэакцыі.

Цяпло ў фільме хаваецца ў вясковых хатах, з труб якіх ідзе дым, у той час як унутры вытворчых памяшканняў яго “выпраменьваюць” толькі людзі, прыстаўленыя да распрацаваных на досвітку заснавання фабрыкі механізмаў. Менавіта да вытворчага працэсу прыкаваны аб’ектыў камеры Анатоля Казазаева. 130 чалавек — увесь калектыў фабрыкі  — нібыта раствараецца на фоне гіганцкіх кіпаў ваўнянай сыравіны, якая на вачах гледача перажывае шэраг змен. Воўну мнуць, расцягваюць, ізноў прасуюць, і яна паступова атрымлівае добра вядомую форму.

Для аўтарскага погляду Віктара Аслюка фабрыка па вытворчасці валёнкаў — аб’ект для эмацыйна-пачуццёвага вывучэння. Па сукупнасці прыёмаў і кірунку аўтарскага погляду “Цяпло” трэба аднесці да такіх жа натуралагічных эксперыментаў дакументаліста, як і ягоная стужка пра салігорскіх калійшчыкаў “Шахта”. І там, і тут аўтар адмаўляецца ад няхай абязлічаных, але ўсё ж такі партрэтаў сучаснікаў, спрабуе зафіксаваць цэласна-калектыўнае ў выглядзе бесперапыннага працэсу ці з’явы.

Валёнкі ў дадзеным выпадку — падстава зазірнуць у падзабыты фабрычна-заводскі свет. Але калі ў іншых аўтараў людзі і машыны зліваюцца пад адзінай “суцэльнаметалічнай абалонкай”, то ў “Цяпле” яны — галоўны складнік фабрычнага канвеера. Такім чынам, “чалавечае” выходзіць на першы план, даказваючы, што без дотыку жывой рукі ніякага цяпла не бывае. Падаецца, сканцэнтраваны на машынах, Віктар Аслюк прайграе самому сабе, звыкламу канцэнтравацца на людзях. І яшчэ. Фільм не дае адказу на галоўнае пытанне: а дзе ж тое праславутае цяпло нараджаецца? Магчыма, усё-такі — у хатах, якія стаяць побач з фабрыкай?

...Сыравіна ў Смілавічы трапляе з краін Цэнтральнай Азіі, і прасачыць “шлях цяпла” — ад папасаў узбекскіх мерыносаў да футурыстычных вуліц Токіа з мясцовымі моднікамі ў беларускіх валёнках — прывабная ідэя для прадзюсара, якому можа быць цікавы буйны міжнародны праект.