Дыспазіцыя будаўніцтва

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Рэпартаж з "Беларусьфільма": час высаджваць дрэвы

/i/content/pi/cult/373/7266/7_1.jpegРэканструкцыя будынкаў Нацыянальнай кінастудыі знаходзіцца ў актыўнай фазе. У гэтым днямі ўпэўніліся карэспандэнты «К», якія наведалі чарговае пасяджэнне штаба, а таксама будаўнічую пляцоўку новага вытворчага корпуса студыі. Прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны на чале з намеснікам міністра Віктарам Курашам, самой студыі, будаўнічых і праектных арганізацый абмяркоўвалі злабадзённыя пытанні і дэталі рэканструкцыі тэрыторыі, якую цяпер займаюць сам «Беларусьфільм» і дзве аўтабазы: непасрэдна студыі і Мінкультуры. Апошняя, згодна з планам рэканструкцыі, зменіць сваю дыслакацыю і будзе размяшчацца ў Калодзішчах пад Мінскам — новае памяшканне для яе гатова амаль на 80%. А вось што да кінастудыі, то яе шлях да новага аблічча і функцыянальных магчымасцей пакуль працягваецца.

Наша выданне за апошнія гады неаднойчы ўзнімала пытанне рэканструкцыі адзінай кінастудыі краіны. Згодна з першапачатковым планам, адноўлены «Беларусьфільм» меўся пабачыць свет яшчэ два гады таму. Але ў справы ўмяшаўся эканамічны крызіс, ад супрацоўніцтва адмовіўся замежны інвестар, у пары з якім павінна была разгортвацца рэканструкцыя... Праца прыпынілася, практычна не пачаўшыся. Катлаван і бетонныя канструкцыі новага вытворчага корпуса студыі заліло вадой…

Сапраўды, задачы перад будаўнікамі стаяць няпростыя. /i/content/pi/cult/373/7266/7_2.jpegБудынак галоўнага корпуса студыі — гістарычная і архітэктурная каштоўнасць, але яго памяшканні трэба прыстасаваць пад новыя тэхнікі і метады працы. Плануецца, што ўсе службы студыі, якія цяпер месцяцца ў галоўным корпусе, на час яго рэканструкцыі пераедуць у новы вытворчы корпус. Пры гэтым пэўныя цяжкасці могуць узнікнуць з асобнымі лабараторыямі, што сертыфікаваны замежнымі спецыялістамі для працы ў канкрэтных памяшканнях.

Але адкладваць рэканструкцыю далей было нельга. Вядомы ўсім мінчанам галоўны будынак «Беларусьфільма» пачаў дзейнічаць у 1960-м. За паўстагоддзя ён знасіўся фізічна і маральна. Новыя тэхналогіі, новыя патрабаванні кінавытворчасці таксама вымагаюць змен у самой канструкцыі будынкаў і тэхнічнай базе. Выканаць запыты часу павінен новы вытворчы комплекс, над якім зараз актыўна працуюць будаўнікі. У ім размесцяцца не толькі два новыя здымачныя павільёны, але і вытворчыя памяшканні, лабараторыі, склады, майстэрні, куды пераедуць цэхі студыі, раскіданыя цяпер па малых і таксама аджылых сваё будынках.

Рэканструкцыя Нацыянальнай студыі фінансуецца ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. У бягучым годзе на гэтыя мэты запланавана выдаткаваць каля 161 мільярда рублёў. Агульная ж сума на рэканструкцыю, паводле першапачатковых падлікаў, складае амаль 205 мільярдаў.

/i/content/pi/cult/373/7266/7_5.jpeg— Задача перад будаўнікамі стаіць даволі няпростая, — каменціруе намеснік міністра культуры краіны Віктар Кураш. — Справа не толькі ў тым, каб узвесці новы корпус і рэканструяваць наяўны за даволі сціслы тэрмін, але і ў тым, каб кінавытворчасць у час рэканструкцыі не перапынялася! Перакананы, «Беларусьфільм» і будаўнікі справяцца з задачай, хоць праблем на гэтым важным аб’екце хапае, у тым ліку — з-за двайнога «старту» будаўніцтва. Сыход замежнага інвестара пакінуў шэраг тэхнічных пытанняў. Напрыклад, інжынерныя сеткі былі спраектаваны пад першапачатковы праект рэканструкцыі, і цяпер даводзіцца ўдакладняць іх схему згодна з актуальным планам. Пакуль канчаткова не вырашана пытанне з тэрмінамі ўзвядзення будынка Тэатра-студыі кінаакцёра. Штодня на будаўніцтве вытворчага корпуса працуе каля сямідзесяці рабочых, але гэтага відавочна недастаткова. Будзем дабівацца, каб праца была больш інтэнсіўнай і ішла ў тры змены, балазе надвор’е цяпер гэта дазваляе…

...Выйшаўшы на двор кінастудыі, заўважылі вялікае старое дрэва, што расце побач са сцяной старога корпуса. Супрацоўнікі «Беларусьфільма», якія суправаджалі журналістаў «К», распавялі, што гэтай асіне — равесніцы старога будынка «Беларусьфільма» — нядоўга стаяць на тэрыторыі студыі: хутка яе месца зоймуць маладыя, здаровыя расліны. Зразумела, нам невядома, хто пасадзіў дрэўца ў далёкім 1960-м: мо нейкі малады будаўнік, а мо і сам класік беларускага кіно Уладзімір Корш-Саблін... Спадзяёмся, што ўзрошчанае на нашай кінастудыі заўжды будзе прыносіць добры ўраджай.

Фота Юрыя ІВАНОВА