Шчаслівы лёс архітэктара

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

18 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца імпрэза, прысвечаная творчасці заслужанага архітэктара Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, а таксама і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Леаніда Левіна.

У праграме вечара — прэм’ера фільма “Маналог. Леанід Левін”. Гледачам будзе прадстаўлена і фотавыстаўка манументальных аб’ектаў, спраектаваных Леанідам Левіным.

Яго манументальныя работы, створаныя цягам паўстагоддзя ў сааўтарстве з калегамі, увайшлі ў гісторыю нацыянальнай культуры. Хто не ведае архітэктурна-скульптурныя мемарыялы “Хатынь”, “Прарыў” ва Ушачах, “Праклён фашызму” ў вёсцы Шунеўка, “Чырвоны Бераг” на Гомельшчыне, “Яма” ў Мінску, помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу ў сталіцы, Канстанціну Заслонаву ў Оршы, Мікалаю Гастэлу і яго экіпажу пад Радашковічамі і яшчэ дзясяткі твораў, якія паўсталі ў Беларусі, Расіі, ва Узбекістане. І гэта не лічачы ўдзелу Левіна як архітэктара ў распрацоўцы праекта дэтальнай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска.