Гэты адзіны паказ, як тлумачыць загадчык літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Ігар Скрыпко, ініцыяваны Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве. За больш чым 90-гадовую гісторыю тэатра купалаўцы аб’ездзілі з гастролямі ўсю Еўропу, але ж у Лондане пабываюць упершыню.
— У Францыі, Іспаніі, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінах прыхільнікі тэатральнага мастацтва нязменна ўспрымалі нас на ўра, — распавядае загадчык літдрамчасткі. — Гэта сведчыць, безумоўна, пра высокую запатрабаванасць купалаўцаў…
Нагадаем, што “Выкраданне Еўропы…” пастаўлена паводле п’ес князёўны Уршулі Радзівіл — заснавальніцы прафесійнага тэатра на Беларусі. Спектакль, па сутнасці, — рэканструкцыя святочнага вечара ў Нясвіжскім замку. Уся дзея — гэта сінтэз оперы, балета і камедыі… Падаецца, менавіта такі “замкавы” нюанс, але з выразным беларускім нацыянальным акцэнтам, у Лондане будзе выключна дарэчным.