Этна, класы і профі

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Грузія, Іран, Расія, Украіна, Японія — традыцыйная і акадэмічная музыка гэтых краін, сыграная і праспяваная “жыўцом”, спляцецца з беларускімі мастацкімі рэаліямі на ІІ Міжнародным фестывалі этнакультур і ХХІ Міжнародных навуковых чытаннях памяці Лідзіі Мухарынскай.

Арганізатарамі свята з’яўляюцца Міністэрства культуры нашай краіны і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

Штодзень з 16 па 20 красавіка запланавана па некалькі навуковых пасяджэнняў, якія будуць спалучацца з творчымі сустрэчамі, лекцыямі, майстар-класамі, зацікаўленымі абмеркаваннямі, прэзентацыямі і канцэртамі. Акрамя новых распрацовак знаных навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, можна будзе пазнаёміцца з плёнам дзейнасці студэнцкага навукова-тэхнічнага таварыства БДАМ.

Як заўсёды, у кантэксце сусветнай культуры шырока будзе прадстаўлена нацыянальная. Тут і дэманстрацыя вынікаў экспедыцыйна-палявых даследаванняў, і выстаўка навуковых ды нотных выданняў, і даклады, прысвечаныя творчасці Станіслава Манюшкі, Яна Тарасевіча, Яўгена Цікоцкага, Льва Абеліёвіча, Яўгена Глебава, Юрыя Корсака, Андрэя Мдзівані, Алега Соніна і, зразумела, самой Лідзіі Мухарынскай. Роздумам пра здабыткі ды перспектывы беларускай музыкі будуць прасякнуты і творчыя сустрэчы з кампазітарамі Сяргеем Картэсам, Аляксандрам Літвіноўскім, Алегам Хадоскам.