Перспектывы супрацы і “Зоркі Садружнасці”

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Як паведамляюць у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, 12 — 13 красавіка міністр культуры Павел Латушка наведаў з рабочым візітам Маскву. Ён прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД і Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Павел Латушка выступіў паўнамоцным прадстаўніком Урада Беларусі ў Праўленні МФГС.

Цягам сумеснага пасяджэння абмяркоўваліся леташнія вынікі работы МФГС, аналізавалася праектная дзейнасць бягучага года. Як вядома, пры фінансавай падтрымцы МФГС у 2011 годзе быў рэалізаваны пілотны праект, датычны арганізацыі першай Культурнай сталіцы СНД у Гомелі. Пры фундатарстве фонду ў нас адбыліся выступленні Маладзёжнага сімфанічнага аркестра СНД пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Співакова, прайшлі Мінскі Міжнародны кінафестываль “Лістапад”, маладзёжная праграма Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “20 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў” ды іншыя мерапрыемствы… Сёлета МФГС плануе падтрымаць тэатральную праграму “Славянскага базару ў Віцебску”, кінафестываль “Лістапад”, Міжнародны бібліятэчны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, праект “Сацыяльная рэабілітацыя асоб з абмежаванымі магчымасцямі” і іншыя…

На сумесным пасяджэнні разглядаліся таксама канцэпцыя стратэгічных захадаў і прыярытэты гуманітарнага супрацоўніцтва.

Адбыліся перамовы са сустаршынёй Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаілам Швыдкім.

Павел Латушка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння міждзяржаўных прэмій “Зоркі Садружнасці”. Лаўрэатам прэміі за мінулы год стаў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка, які адзначаны прэстыжнай узнагародай за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.