У Закон прыняты папраўкі

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

12 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні былі прыняты папраўкі ў Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Як распавяла ў гэты ж дзень “К” член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, удзельнік рабочай групы па падрыхтоўцы законапраекта Алена Новік, унесены змяненні ў 37 артыкулаў дзеючага Закону. З іх два — выключаны і дванаццаць выкладзены ў новай рэдакцыі.

— Папраўкі, удакладненні і змяненні, што ўнесены сёння ў Закон, прызначаны забяспечыць аднаўленне, захаванне і належнае ўтрыманне матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, — зазначыла Алена Новік.

У прыватнасці, у Законе скарэкціраваны склад і змест тэрміналагічнага апарата, дадзены азначэнні такім паняццям, як “ансамбль” і “комплекс”. Удакладнена кампетэнцыя Савета Міністраў і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па пытаннях надання і пазбаўлення статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Так, да кампетэнцыі Савета Міністраў зноў аднесена функцыя па прыняцці рашэння аб наданні матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праявам творчасці чалавека статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Таксама, па словах Алены Новік, дакладна акрэслены кампетэнцыя і пытанні аплаты працы навуковага кіраўніка, які прызначаецца пры выкананні работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Пашыраюцца шляхі выяўлення нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, акрамя прафесійнага, прадугледжваецца такое выяўленне і самімі носьбітамі: гэта значыць, што сам чалавек або калектыў, які захаваў каштоўнасць нематэрыяльнай культуры, можа заявіць пра яе ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і прэтэндаваць на наданне гэтай спадчыне адпаведнага ахоўнага статуса.

Для ўладальніка гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўласніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, прадугледжваюцца пэўныя абавязкі, у прыватнасці, па ўстаноўцы ахоўнай дошкі, падпісанні ахоўнага абавязацельства, складанні пашпарта на аб’ект спадчыны.

Калі ж уласнік безгаспадарча ўтрымлівае матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць і гэта можа прывесці да страты яе адметных духоўных, мастацкіх ды дакументальных вартасцей, то, паводле Закону, прадугледжваецца магчымасць перадачы помніка (зямельнага ўчастка, на якім ён знаходзіцца) ва ўласнасць дзяржаве паводле рашэння суда.

Таксама, як зазначыла Алена Новік, удакладняюцца крыніцы фінансавання аховы помнікаў спадчыны: пад гэтыя мэты прадугледжваюцца сродкі ўладальнікаў, добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку — індывідуальных прадпрымальнікаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"