“Акордавы” падыход

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

У Жодзіне 6-ты раз прайшоў Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў і маладзёжнай музыкі “Белазаўскі акорд — 2007”. Вызначыўшы пераможцаў, ён скіраваў развіццё нацыянальнай песеннай эстрады ў бок гэткага “канцэпцыйнага шоу”. І задумаўся над пераходам да міжнароднага ўзроўню.

 /i/content/pi/cult/133/725/Belaz1.jpg
 Уладальніца Гран-пры Вікторыя Мінчукова.

Тое, што вытворчы гігант і яго Палац культуры ўзялі на сябе арганізацыю і правядзенне падобнага мерапрыемства, трэба толькі вітаць. І падтрымліваць! Так і адбываецца: конкурс, заснавальнікам якога застаецца “БелАЗ”, усе гады праходзіць пры садзейнічанні Федэрацыі прафсаюзаў краіны. Сазаснавальнікамі на цяперашні дзень выступаюць Жодзінскі гарвыканкам і Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Да таго ж, “Белазаўскі акорд — 2007” наведаў начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны В.Чэрнік, што пакінула спадзеў на далейшую падтрымку добрага пачынання з боку міністэрства.
А падтрымліваць ёсць што. Конкурс мае, хай і на абмежаванай “палацавай” прасторы, найвысокі арганізацыйны фармат, што адпавядае самым патрабавальным міжнародным стандартам. Справа не толькі ў наяўнасці добра аформленага сайта, адсутнасці збояў у працы і запрашэнні тэлезорак (да пастаянных вядучых Ларысы Грыбалёвай і Ягора Хрусталёва сёлета далучыліся Яўген Лашкоўскі з АНТ і спявачка Мілана). Удзельнікі (за 6 гадоў гэта 190 выканаўцаў з 50 населеных пунктаў рэспублікі) праходзяць сур’ёзны адбор. Канкурсанты рыхтуюць не толькі дзве песні (адну — беларускую, другую — адвольную), але і ўласныя відэапрэзентацыі.
А на ўручэнні ўзнагарод атрымліваюць кампакт-дыскі з конкурснымі запісамі.
Увогуле, гэты конкурс, клапоцячыся пра павышэнне нацыянальнага выканальніцкага ўзроўню, не толькі размяркоўвае прызы. Ён, што вельмі важна, прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Акрамя абавязковага патрабавання беларускай песні, для больш дакладнай арыентацыі ўдзельнікаў у песенным бязмежжы арганізатары змяшчаюць на сайце спіс твораў, якія выконваліся на конкурсе ў мінулыя гады, і тым самым штораз пашыраюць айчыннае рэпертуарнае кола. Конкурсны гімн, створаны сынам і бацькам Карызнамі, друкуецца на праграмках. А нязменны старшыня аргкамітэта і галоўны аўтар усіх ідэй — дырэктар Палаца культуры “БелАЗ”а Генадзь Смольскі заўсёды ўпрыгожвае конкурс запрашэннем найбольш адметных творчых калектываў з іншых рэгіёнаў краіны. Чым не “раскрутка” свайго, беларускага? Так, сёлета госцем конкурсу стаў харэаграфічны ансамбль

 /i/content/pi/cult/133/725/Belaz2.jpg
 Дзяніс Дзенісенка (Першая прэмія).

“Прэм’ер-Спонайд” з Полацка, напоўню атрымаўшы глядацкія сімпатыі за свае бліскучыя, нешараговыя, папраўдзе сучасныя нумары. Адыгрывае конкурс і ролю своеасаблівага “інстытута павышэння кваліфікацыі”, бо запрошаныя на яго дырэктары і іншыя прадстаўнікі ўстаноў культуры рэспублікі не толькі дзівяцца на белазаўскія ноў-хаў, але і назапашваюць вопыт. Прываблівае ў конкурсе і яго пільная ўвага да пераможцаў мінулых гадоў, якія і надалей удзельнічаюць у галаканцэртах ды іншых мерапрыемствах Палаца.
Галоўнае ж, мабыць, у тым, што конкурс знайшоў сваю ўласную мастацкую нішу, ён не перагукаецца з іншымі творчымі спаборніцтвамі. Асабліва відавочна гэта стала сёлета, калі Гран-пры атрымала не Алена Сілюк з Гродна, самая галасістая паводле прыродных даных (ёй, на жаль, бракавала густу, каб узняцца вышэй за ІІ месца), а куды больш стыльная Вікторыя Мінчукова з Наваполацка. Астатнія вылучаліся чымсьці адным. Дзяніс Дзенісенка з Магілёва (Першая прэмія) прыцягваў лепшай навучанасцю.
Яго землякі Аляксей Чорны і Аляксандр Маркевіч з Ліды, якія падзялілі трэцюю
прэмію,— сваімі творчымі індывідуальнасцямі. Прычым першы запомніўся менавіта выканальніцкай адоранасцю (абаяльным артыстызмам, непасрэднасцю, шчырасцю), а другі — найперш кампазітарскай, уласнымі песнямі, замешанымі на фальклорнай і шляхетнай даўніне. Вольга Шчаглова з Жодзіна (прыз глядацкіх сімпатый) — уменнем максімальна “выкласціся” на сцэне. Ніна Клепікава з Барысава (прыз “За лепшы сцэнічны вобраз”) уразіла не знешняй акцёрскай ігрой, а глыбокім унутраным спасціжэннем песень.
Павел Перавозчыкаў з Гомеля (прыз “Надзея”) — раскаванасцю і… нарцысізмам.
Ірына Леганькова са Смалявіцкага раёна (прыз “За любоў да роднай песні”) — народнай манерай выканання і “адкрытым” тэмбрам, што рабілі яе выкананне пазаконкурсным.
Вышэйшую ж “акордавую” ўзнагароду атрымала не столькі асабіста В.Мінчукова, колькі ўся Народная студыя эстрадных шоу-праграм “Оn-linе” пад кіраўніцтвам Г.Шалаевай. Прафесіяналы і публіка, мяркуючы па апладысментах, не маглі не вылучыць цалкам гарманічныя нумары, дзе адно аднаму адпавядалі ўсе складнікі: выбар песень (за песню “Два браты” яе аўтар А.Мітрошкін атрымаў спецыяльны прыз журы), іх вакальнае, інструментальнае і тэатралізавана-харэаграфічнае ўвасабленне.
Заўважым, што менавіта комплексна-“акордавы” падыход да песні адпавядае і стандартам “Еўрабачання”. Толькі там свой вердыкт выносяць тэлегледачы, а тут — журы. У яго складзе — паэт У.Карызна, кампазітар А. Атрашкевіч, спявачка А.Кірсанава, прадзюсер С.Ждановіч і іншыя на чале з народным артыстам Л.Захлеўным. Конкурсам зацікавіліся ў замежжы, таму праз год ён мог бы стаць адкрытым, а надалей — і міжнародным.

Надзея БУНЦЭВІЧ