Майскія святы — народныя!

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Цягам апошняга веснавога месяца музыканты-народнікі ўсёй краіны будуць масава падарожнічаць: 2 — 6 мая яны завітаюць у Ліду, а літаральна праз тыдзень, 12 — 18-га, — у Брэст. У гэтых гарадах пройдзе VI Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах, што арганізоўвае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і мясцовыя ўлады.

Конкурс ахопіць зусім юных і маладых выканаўцаў, якія граюць на баяне, акардэоне, домры (ці мандаліне), гітары, балалайцы, цымбалах. Менавіта па такіх шасці намінацыях і будуць вызначацца пераможцы.

- Конкурс імя Іосіфа Жыновіча, - распавядае начальнік аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Анатоль Мукалаў, - мае, насамрэч, куды больш даўнюю гісторыю, чым гэта можа адлюстраваць яго сёлетняя лічба - "шэсць". Першыя падобныя спаборніцтвы пачыналіся яшчэ ў 1970-я, і многія іх былыя ўдзельнікі і пераможцы ўжо выгадавалі не толькі сваіх вучняў, але і вучняў сваіх вучняў. Такая пераемнасць пакаленняў - таксама, дарэчы, адна з цудоўных народных традыцый. Увогуле, сярод конкурсаў па іншых спецыяльнасцях, што праводзяцца ў Беларусі, гэты - самы масавы. Сёлета ён збярэ амаль 200 удзельнікаў. Прычым адбор ажыццяўляецца паэтапна і складаецца з некалькіх прыступак. Спачатку яго праводзяць самі навучальныя ўстановы, потым праходзяць занальныя конкурсы, абласныя, і, нарэшце, фіналам становіцца Рэспубліканскі конкурс.

У Лідзе збяруцца самыя юныя ўдзельнікі - навучэнцы школ мастацтваў. Спаборнічаць яны будуць па трох узроставых групах. У Брэст жа з'едуцца тыя, хто навучаецца ў сярэдніх спецыяльных установах. Пераможцы конкурсу, і гэта вельмі важна, атрымліваюць права паступлення ў адпаведныя навучальныя ўстановы без іспытаў: навучэнцы школ - у каледжы і вучылішчы, студэнты сярэдняга звяна - у Акадэмію музыкі.