Такія розныя фарбы…

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва на экспазіцыі прадстаўлены адразу тры выстаўкі таленавітых беларускіх мастакоў: “Без часавых межаў” Віталя Герасімава, “Зямныя далягляды” Алены Бараноўскай і “Мелодыі лета” Міколы Ісаёнка.

“Сярэбраны перазвон”, “Перламутравы вечар” — светлыя назвы для светла-хрысціянскіх твораў Віталя Герасімава. На гэтых палотнах пануюць колеры фарфору ды фіялетавай пудры.

 /i/content/pi/cult/133/723/Farby1.jpg
 В.Герасімаў. “Першы прамень”.

Трапяткое паветра, вольная прастора. Вецер гуляе праз вокны і дзверы. Рэалізм пераплятаецца з абстракцыяй: прывіды і паветра пераплятаюцца ў чырванаватую смугу, з якой з’яўляюцца Каложская царква, царква Барыса і Глеба, Ісус, Марыя.
З каляровых плям выкрышталізоўваюцца анёлы і рыбы, лялькі і рэторты, абразы і колбы — усё “Без часавых межаў”. “Якая ляціць” — шагалаўскае палатно, “у галоўнай ролі” — сукуб з русалчынымі вачыма, які плыве над горадам з чароўнай усмешкай.
Феерыя “Навагрудку” — старыя карычневыя руіны знакамітага замка, якія на самой справе выглядаюць, як апошнія зубы ў роце старога, здаюцца палітрай мастака-вар’ята. “Аўтапартрэт” Герасімава пакідае дзіўнае пачуццё: з карціны на вас глядзяць ці то вочы ўрубелеўскага Дэмана, ці то Ван Гога (“Аўтапартрэт з адрэзаным вухам” — тая самая горыч у вачах). Дрыжыць вечаровае паветра, цякуць фарбы, промні сонца праламляюцца ў “Вячэрніх метамарфозах”.
Аснову выстаўкі А.Бараноўскай складаюць паэтычныя краявіды. Серыя работ мастачкі называецца “Зямныя далягляды”. Тонкія ніці жаночых пачуццяў перапляліся на яе палотнах.

 /i/content/pi/cult/133/723/Farby2.jpg
 А.Бараноўская. “Вербная нядзеля”.

Пастэль і далікатнейшыя лініі прамалёўкі, кропкі-кропачкі. Унучка пуантылізму. Мастачку цікавіць паўночная прыгажосць беларускай прыроды: прыгажосць няяркая, адценняў халоднага золата і залацістага бляска срэбра. Белае сонца ранняй вясны, чарот, высокія травы ў інеі, блікі вады, камяні, паводка, далёкі лес — свет, у якім жывуць… не людзі, не, — эльфы. На Вербную нядзелю ў струменьчыках блакітнага, падсвечанага сонцам паветра, — толькі альховыя завушніцы ды срэбны царкоўны перазвон. А Мірскі замак на палотнах Алены выглядае лялечным і казачным.
У халодным сонечным кастрычніку “Мелодыі лета” Міколы Ісаёнка гучаць радасна,гудуць зялёным шумам. Ружы, люпіны, званочкі, макі, цыніі, незабудкі, бэз, клімацісы, сланечнікі. Бэз і грушы — пах дарагіх духоў.
Дары лета — мёд, сланечнікі і каліна — гучаць сакавіта ды ярка, але Ісаёнак выкарыстоўвае больш стрыманыя фарбы, фарбы позняй восені, колеры дрэў — карычневы і цёмна-жоўты. Вясковыя гароды, вясковыя палісаднікі, дурное летняе неба задзірлівай сіні. Старыя драўляныя хаты з пабеленымі дахамі. Уся экспазіцыя — як куток батаніка : незабудкі колеру “хворай персідскай бірузы” ды языкі полымя сярод буяючай зеляніны — “Макі. Парыў ветру”.

Алена САСНОЎСКАЯ
Надзея МАХНЮК