Кропля крыві на аркушы белым

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Мір і вайна мастака Аркадзя Астаповіча

/i/content/pi/cult/371/7225/15_1.jpeg(Заканчэнне. Пачатак у № 12.)

…Так, вёска Навасёлкі стала для мастака своеасаблівым “пушкінскім Болдзіна”. Прырода навакольных мясцін выйшла на першы — і галоўны — план ягонай творчасці. Рэдкая непасрэднасць і лірычнасць, прастата, ды не прастакаватасць, выяўленчай мовы, а ў некаторых выпадках — нават эпічнасць, робяцца характэрнымі рысамі яго работ. І ў гэтай галіне яму няма роўных. Згадайма такія аркушы, як, напрыклад, “Ля ўзлеску”, “Сакавік”, “Вёска”, “Прысады”, “Краявід з прасёлкам”, “Далягляды. Гай”, “Зіма”, “Ранняя вясна”, “Рэчка”, у якіх мастак таленавіта перадае непаўторны настрой роднай зямлі, прыгажосць звычайнай хаткі з тыповай для Беларусі кладкай бярвенняў, сілуэт вальмавай пуні, напалову прысыпанай мяккім снегам, будынкі ў атачэнні маляўнічых дрэў, двары ля прыгумення ў трошкі пацямнелым снезе... Павінен сказаць, што больш за іншае Астаповічу ўдавалася зіма, якую ён надзвычай любіў. Можа, яго прываблівалі кантрасныя суадносіны белага і цёмнага тонаў, характэрныя менавіта для гэтай пары года з яе зменлівым надвор’ем?

Большасць ягоных твораў 1920-х — “чысты” пейзаж, пейзаж-настрой. Але часам яго краявіды набываюць характар жанравых карцінак, дзе адлюстраваны людзі ў гарманічным сінтэзе з прыродай. Напрыклад, у аркушы “З дровамі” па заснежанай вясковай вуліцы запрэжаныя коні павольна цягнуць бярвенне. На першым плане — дзеці, якія ідуць у школу. А ў глыбіні — цёмныя сілуэты хат з белымі дахамі, студні з жураўлямі, дрэвы пад снежнымі шапкамі... У рамантычным жа творы “Палёт” мастак адлюстраваў на фоне велізарнага неба біплан, што ляціць над нізкім пейзажным гарызонтам. Майстра валодаў уменнем гарманічна спалучаць у адзінай вобразна-выяўленчай сістэме жывапісна-танальныя і лінейна-дэкаратыўныя нюансы, аддаючы ўсё ж перавагу першым. Плоскаснасць, маляўнічасць прыёму пераважае над контурнасцю. Таму многія аркушы мастака, дзякуючы заліўкам тушшу, нагадваюць цудоўны манахромны жывапіс. Што і казаць, Астаповіч быў сапраўдным песняром беларускага краявіду з ярка нацыянальным каларытам, а непасрэднасць, паэтычнасць і душэўнасць многіх яго твораў кампенсавалі некаторыя прафесійныя недахопы, якія маглі знаходзіць у ягонай творчасці крытыкі і калегі.

А яшчэ ў навасёлкаўскі час Астаповіч шмат рысаваў птушак і жывёл: кожны “вобраз” — у сваім тыповым прыродным асяроддзі. Для каго і для чаго ён рысаваў усіх гэтых драпежнікаў, жаб, ласёў, экзатычных насарогаў, пінгвінаў, страўсаў, хамелеонаў, чапляў, чубатых арлоў, удаваў, сланоў, рыб — невядома. Але нейкая прычына, мабыць, існавала, бо ўся гэтая серыя стваралася толькі ў 1926-м. Ні да, ні пасля гэтага года мастак да фаўны не датыкаўся. Можа, была замова нейкага выдавецтва праілюстраваць дзіцячую кніжку, але штосьці не спрацавала? Альбо творца, малюючы жывёльны свет, проста жадаў хаця б на час акунуцца ў экзатычную казку і адчуць сябе падарожнікам у іншы свет? На гэты конт у мяне ёсць і свая версія: менавіта ў гэтым годзе ў Астаповіча нарадзіўся першы сын Арсен, і мастак, так бы мовіць, загадзя рыхтаваў яму падарунак: цудоўныя малюнкі, зробленыя тушшу, бяліламі, акварэллю, гуашшу. Карацей кажучы, дакладных звестак пра гэта мы не маем.

Словам, у Навасёлках Аркадзь ды яго сястра Зіна, якая прыязджала сюды з Петраграда-Ленінграда кожнае лета, пачувалі сябе вельмі ўтульна і свабодна. Алена Смірнова, унучка Зінаіды, піша: “…Партрэты і нешматлікія фатаграфіі тых гадоў захавалі для нас выгляд маладых мастакоў. Аркадзь — высокі, хударлявы, “…з журбінкай ў вачах на ледзь стомленым твары, з вожыкам попельна-шэрых валасоў, з дзівоснай усмешкай”. Зінаіда — невялічкага росту, блакітнавокая, з кучаравымі пышнымі светла-русымі валасамі…”

Але напрыканцы 20-х ён пачаў распрацоўваць і зусім не характэрныя для яго пэндзля і алоўка аркушы, звязаныя з тэмай “працы новага савецкага чалавека”: “Трактар”, “Першыя трактары”, “Качагарка”, “Лесапільны завод”, “Самалёт”, “Індустрыяльны краявід”.

У 1929 годзе Аркадзь Астаповіч, прыняўшы ўдзел у III У/i/content/pi/cult/371/7225/15_2.jpegсебеларускай выстаўцы, пакідае Навасёлкі і да пачатку Вялікай Айчыннай застаецца ў Мінску, зрэдку выязджаючы то ў Ленінград, то на “пленэры” ў Навасёлкі і пад г. Луга. Адкрываецца новая старонка жыцця і творчасці мастака. Разам з жонкай і сынам Арсенам (другі сын — Валянцін нарадзіўся ў 1932 годзе) ён пасяляецца на вуліцы Свярдлоўскай, у кватэры № 2 дома 97. У гэтым невялічкім доме да 1931-га жыла сям’я яго малодшай сястры Зоі — будучага вучонага-гісторыка.

Адразу ж па прыездзе ў Мінск мастак уладкоўваецца настаўнікам малявання, чарчэння і матэматыкі ў 9-ю сярэднюю школу і — паралельна — у вячэрнюю сямігодку № 3, дзе навучаліся дзеці рабочых. Канешне, часу для творчасці стала менш: так, напрыклад, у 1931 годзе ён амаль што нічога не стварыў, а ў наступным, 1932-м, — некалькі крымскіх эцюдаў ды шараговых аркушаў кшталту “Рабочыя ля станка” ды “Праца ў калгасе”. Перспектывы сталічнага жыцця, якія яму здаваліся да прыезду ў Мінск радаснымі і светлымі, паступова сыходзілі на нішто. І гэта было зразумела. Ужо ішлі працэсы супраць “нацдэмаўшчыны”. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі, які першым ацаніў творчасць Астаповіча і набыў некаторыя ягоныя творы для ўстановы, быў арыштаваны і сасланы. А што было рабіць у гэтых умовах мастаку-пейзажысту з яго лірычным талентам? Трэба было альбо шукаць іншую працу, напрыклад, цалкам перайсці на педагагічную дзейнасць, альбо пачынаць упісвацца ў новыя ўмовы, як гэта зрабілі амаль усе беларускія мастакі. Трэцяга шляху ў Астаповіча не было, калі не лічыць таго, які прывёў да гібелі некаторых яго калег.

Астаповіч прыняў сацыяльна-палітычныя змены ў краіне і, адпаведна, пераасэнсаваў і сваё мастацтва. На V Усебеларускай выстаўцы 1932 г. ён экспануе тушавы малюнак “Дзе крызіс не адчуваецца” і акварэль “Праца ў калгасе. Апрацоўка лёну” — творы жорсткія, плакатныя і вельмі слабыя, паколькі зусім чужародныя для яго таленту. Урэшце, мастак і сам гэта разумеў. У лісце да сястры ад 9 кастрычніка 1932 года ён піша: “…На выстаўку ўзялі пяць малюнкаў, хаця, па-мойму, яны таксама, безумоўна, слабыя. За некаторых беларускіх мастакоў можна парадавацца: даюць ужо вельмі сімпатычныя рэчы. Бачыш іх рост і адчуваеш, што сам амаль топчашся на месцы… Трошкі зрабілася сумна. У мяне кожная няўдача спараджае яшчэ большае жаданне перамогі. Яшчэ гадоў чатырнаццаць у маім распараджэнні… Яшчэ паваюем...”

Але “паваяваць” на поўную моц яму не давялося: “сацыялістычная рэчаіснасць” патрабавала ад мастакоў не “слязлівай лірыкі”, не пейзажаў настрою, не паэзіі зямлі, а — зусім іншага. Вось і даводзілася Астаповічу, калі ўжо маляваць краявіды, дык “калгасныя” ці пейзажы з заводскімі ваколіцамі ды машынамі. А яшчэ — “Каланіялізм”, “Першамайская дэманстрацыя”, “На будаўніцтве”, “Парашутны дэсант”, “Парашуты”, “Самалёты, якія ляцяць”, “Хлопчык з аэрапланам”, “Дражджавы завод” і нават “Чалюскін” у льдах”. Хаця трэба сказаць, што ў некаторых работах адчуваецца моцная рука майстра, як, скажам, у малюнках пяром і тушшу “Апрацоўка лёну”, “Чырвонаармеец” ці “Начны шлях”.

Каб пракарміць сям’ю, даводілася браць халтуру і ў выдавецтвах. Перад вайной ён рабіў ілюстрацыі для дзіцячага часопіса “Іскры Ільіча” і для некаторых “сур’ёзных” кніг накшталт “Рабінзона Круза” (была выдадзена ў 1937 г., але без абазначэння імя Астаповіча — захаваліся толькі аўтарскі накід вокладкі і разварот). Цяжка сказаць, што адчуваў мастак, калі заставаўся сам-насам з уласнымі думкамі. Не думаю, што ён як творца так хутка сябе перабудаваў і цалкам, з поўнай верай у сталінскі сацыялізм, ператварыўся ў “сацрэаліста”. Пра такія складаныя душэўныя пачуцці ён, зразумела, у лістах да сястры не пісаў, ды і ў побыце вёў сябе асцярожна. І хаця ў 1932-м ён стаў членам Мінскага аддзялення Усебеларускага аб’яднання мастакоў, стараўся нікуды не “высоўвацца”. Ну, а калі з’яўлялася магчымасць выехаць кудысьці “на пленэр”, вокамгненна збіраў чамадан, алоўкі, фарбы і ад’язджаў: ці ў Крым — памаляваць марыны, ці, разам з сястрой, — у Навасёлкі ці, на Пскоўшчыну або ў Ленінград, дзе пастаянна жыла і працавала Зінаіда Антонаўна разам з мужам, ветэрынарным урачом Іванам Аляксандравічам Бачаровым, і дачкой Нінай.

Канешне, Астаповіч і
ў 1930-я гады не мог не маляваць і не рысаваць тое, што чыста і шчыра любіў, без чаго проста жыць не мог — пейзажы, якія ён ствараў толькі “для сябе” і для блізкіх сяброў. Хаця, можа быць, у іх ужо не той узвышана-эмацыйны настрой, што браў за душу ў Навасёлках, але найлепшыя камерныя, нават інтымныя, аркушы кажуць самі за сябе: серыя рысункаў і акварэлей “Крым”, работы, прысвечаныя Мінску і яго маляўнічаму наваколлю, 28 малюнкаў з альбома 1940 года і адна з апошніх перадваенных акварэлей — “Дрэвы”. А яшчэ — каля 20 невялічкіх твораў жывапісу, якім мастак захапіўся менавіта ў другой палове 1930-х.

Так бы мовіць, нічога “забароненага”. Тым не менш, у 1938 годзе Аркадзь Астаповіч быў арыштаваны органамі НКУС і накіраваны ў магілёўскую турму. Зараз цяжка сказаць — ці праз паклёп “сяброў”, ці яшчэ з нейкай прычыны. Што было б далей — вядома. Але Астаповічу пашанцавала: пасля чатырохмесячнай адседкі ён быў вызвалены. Якраз у гэты час Мікалая Яжова, “сталінскага наркама” і ката, які сам апынуўся ў скуры “ворага народа”, змяніў “мяккі” Лаўрэнцій Берыя, што выпусціў частку бязвінна асуджаных з ГУЛАГа.

І яшчэ. Захаваўся апошні ліст мастака, які ён даслаў сваёй сястры Зіне, ейнаму мужу І.Бачарову і пляменніцы Ніне з той самай 6-й стралковай дывізіі, куды ён, старшы лейтэнант, уліўся пасля таго, як пакінуў палаючы Мінск. Хачу прывесці яго цалкам.

“12 ліпеня 1941 г. (Г. зн. праз 2 месяцы і 11 дзён ён загіне. — Б.К.)

Дарагія Зіначка, Іван Аляксандравіч і Ніначка!

Напісаў два лісты, але не ведаю, ці атрымалі вы іх. Я ўжо ў часці, хутка буду ведаць свой адрас, тады напішу, а цябе, Зіначка, прашу тады неадкладна паведаміць, ці ёсць якія звесткі ад Ніны, якую я з хворым Сенем і Валем пакінуў у в. Каралёў Стан (калгас Леніна) ля станцыі Калодзішчы, за 15 км ад Мінска, у сям’і Філіповіча. Хочацца спадзявацца, што яны як-небудзь адтуль выбраліся, тады яна вам напіша. Слабая ў мяне надзея ўбачыць іх зноў ці хоць бы даведацца, што яны жывыя. Але хочацца спадзявацца на гэта. Я здаровы. Ногі, якія крыху падбіў пад час пераходу, праходзяць. Цяпер галоўнае пытанне для мяне — гэта лёс Ніны і дзяцей. Каб ведаў, што з імі, ці ўсё добра, больш бы я нічога не хацеў. Спадзяюся, што ў вас усё добра.

Цалую вас усіх. Ваш Аркадзь”.

А ў мінскай майстэрні мастака, мабыць, так і застаўся на стале чысты белы, не крануты акварэльным пэндзлем, аркуш, на якім праз хуткі час “праявіліся” чырвоныя кроплі крыві, пралітыя беларускім мастаком-салдатам у тым яго апошнім баі пад Арлом…

P.S. Сястра мастака — Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова апошнія трыццаць гадоў свайго жыцця пражыла ў Віцебску, у сям’і дачкі, у д. 46 па вуліцы Леніна. Шмат займалася арыгінальнай графікай, акварэллю і жывапісам. 26 верасня 1993-га памерла і была пахавана на віцебскіх гарадскіх могілках "Мазурына".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"