Акцыі міласэрнасці

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

З 2 па 4 мая ў сталіцы пройдзе ІІ Творчая сустрэча-форум калектываў музычных школ і спецыялізаваных навучальных устаноў для дзяцей з парушэннямі зроку. Як паведамляе мастацкі кіраўнік акцыі і загадчык філіяла сталічнай ДМШ № 19 Алена Маслава, першы форум прайшоў у 2010 годзе. Ён ладзіцца пад эгідай Саюзнай дзяржавы і называецца “Мы — разам!”.

Сярод задач мерапрыемства — садзейнічанне працэсу рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей-інвалідаў, прыцягненне да гэтай дабрачыннай справы грамадскіх, дзяржаўных арганізацый і камерцыйных структур, развіццё ў дзяцей творчай індывідуальнасці…

Арганізатары сустрэчы-форуму — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленне культуры Мінгарвыканкама, ДМШ № 19 Мінска. Спансіруюць акцыю Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Мінскі Міжнародны клуб жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў у Рэспубліцы Беларусь, Саюз яўрэйскіх суполак Беларусі, адзін з прыватных афтальмалагічных цэнтраў.

Па словах Алены Маславай, у сустрэчы будуць прымаць удзел творчыя калектывы філіяла ДМШ № 19, Курскага музычнага каледжа, а таксама спецыялізаваных навучальных устаноў з Гродна, Жабінкі ды іншых беларускіх гарадоў. Пад час форуму ў тэатральнай зале Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі пройдуць метадычная канферэнцыя і канцэрт.