Кіназмены да лепшага: пас на амбіцыйных і актыўных

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Як будзе выглядаць схема дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы айчыннага кіно?

Пра тое, што ў сістэме фінансавання айчыннага кіно адбываюцца змены, «К» пісала неаднаразова цягам мінулага года. Сапраўды, з дапамогай адпаведных заканадаўчых захадаў, якія з 2012-га ўступілі ў сілу, Беларусь, хочацца думаць, распачынае новую эпоху кінавытворчасці. Эпоху, у якой апрача звыклых «гульцоў» у выглядзе «Беларусьфільма» і «Белвідэацэнтра» павінны з’явіцца і іншыя, а дзяржаўныя кінавытворцы пачнуць працаваць па правілах, што дапамогуць ім стаць больш канкурэнтаздольнымі ў вачах гледачоў і пракатчыкаў. А зменам папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца, якая распачалася яшчэ восенню 2010 года, адразу пасля нарады ў Кіраўніка дзяржавы, прысвечанай праблемным пытанням развіцця айчыннай кінасферы.

«К» прапануе разгледзець асноўныя моманты змяненняў, што ўступілі ў сілу, і даведацца, ці гатовы самі беларускія кінематаграфісты да працы ў новай сітуацыі.

Дзяржава гарантуе

Практычна ва ўсіх краінах свету дзяржаўны бюджэт з’яўляецца галоўнай крыніцай фінансавання кінавытворчасці. Беларусь тут — не выключэнне. Але з 1 студзеня бягучага года ў сілу ўступіў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 567 «Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематографа». Згодна з ім, дзяржаўнае фінансаванне айчыннай кінавытворчасці набывае пэўныя рысы, якія павінны садзейнічаць павелічэнню глядацкай запатрабаванасці і эканамічнай эфектыўнасці беларускага кіно. Указам вызначаецца, што са сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе фінансавацца вытворчасць фільмаў са статусам "нацыянальны" і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, іх рэклама і экспертыза літаратурных сцэнарыяў, пакрыццё часткі прадзюсарскіх рызык вытворцам стужак з буйным бюджэтам, вытворчасці фільмакопій, захаванне і падтрыманне стужак у належным стане. Фінансавая падтрымка запланавана і ў дачыненні да падрыхтоўкі ды правядзення кінематаграфічных мерапрыемстваў, папулярызацыі мастацтва экрана. І, апрача таго, у дачыненні да выдаткаў на пагашэнне банкам часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі на вытворчасць карцін. Магчымасць і асноўныя ўмовы выдачы банкаўскіх крэдытаў кінавытворцам таксама пазначаны ў дакуменце.

Усе палажэнні Указа падмацаваны адпаведнымі пастановамі і інструкцыямі, што былі прыняты Саветам Міністраў і Міністэрствам культуры краіны. Дакументы дазваляюць працаваць новаму механізму фінансавання айчыннай кінавытворчасці. І апрача непасрэднай падтрымкі, у Беларусі з мінулага года дзейнічае сістэма падатковых ільгот, якімі могуць карыстацца, у тым ліку, кінавытворцы. Так, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 145 ад 14 красавіка 2011 г. «Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферы культуры і інфармацыі», арганізацыі, што займаюцца вытворчасцю, распаўсюджваннем і дэманстрацыяй кіна-, відэафільмаў, пазбаўлены ад неабходнасці выплаты пэўных відаў падаткаў.

Усе гэтыя заканадаўчыя захады, безумоўна, павінны прывесці да таго, чаго вельмі не хапала беларускаму кіно ў папярэднія гады: з’яўленню канкурэнтнага вытворчага асяроддзя, што, па ідэі, і надасць імпульс развіццю кінапрацэсу. Галоўная змена, якая адбылася ў нашым кіно пасля прыняцця вышэйзгаданых нарматыўных актаў, — бюджэтныя сродкі цяпер могуць паступаць на падтрымку праектаў не толькі дзяржаўных устаноў, але і арганізацый іншай формы ўласнасці. Гэта значыць, любая прыватная кінакампанія з нашай краіны, пры выкананні пэўных правілаў, можа прэтэндаваць на атрыманне бюджэтнага фінансавання, банкаўскіх крэдытаў і нават кампенсацыі ўкладзеных у кінавытворчасць асабістых сродкаў. Зразумела, пры гэтым дзяржава стане і надалей пільна кантраляваць развіццё кінапрацэсу. Але выконваць прадзюсарскія функцыі, адказваць за канчатковыя творчыя ды эканамічныя вынікі цяпер будуць тыя, хто непасрэдна займаецца вытворчасцю.

Падтрымка кінавытворцаў з боку дзяржавы пры гэтым не будзе агульнай. Атрымаць сацыяльна-творчы заказ ці заказ на пастаноўку нацыянальнага фільма змогуць, толькі тыя кінематаграфісты, хто прадэманстраваў свае творчыя ды арганізацыйныя магчымасці, пазмагаўшыся ў спаборніцтве з калегамі-канкурэнтамі. Частковая кампенсацыя дзяржавай прыватных прадзюсарскіх рызык, магчымасць якой закладзена ва Указе № 567, таксама чакае толькі тых прадзюсараў, чые стужкі будуць паспяхова ісці ў кінапракаце Беларусі або іншых краін, сабраўшы звыш 80 тысяч гледачоў за тры гады.

Падтрымка праз конкурс

Пэўным штуршком для ажыўлення дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кіно павінен стаць і Адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, што днямі быў аб’яўлены Міністэрствам культуры краіны. Конкурс разлічаны на арганізацыі кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь, і збор заявак будзе ажыццяўляцца з 26 красавіка па 25 мая бягучага года, а да 1 верасня ўжо павінен прайсці разгляд кінапраектаў конкурснай камісіяй і адбыцца падвядзенне вынікаў.

— Дзякуючы заканадаўчым захадам нацыянальная кінавытворчасць павінна выйсці на новы ўзровень, — адзначыла выконваючая абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны Святлана Шыцікава. — Што ж да Адкрытага рэспубліканскага конкурсу на лепшы кінапрект, то ён праводзіцца ў мэтах павышэння ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства і ў мэтах захавання ды развіцця традыцый нацыянальнага кінематографа. Вельмі спадзяёмся, што ён дапаможа павысіць мастацкі ўзровень фільмаў і іх відовішчны патэнцыял, а таксама стымулюе сумесную вытворчасць, бо мы надзвычай зацікаўлены ў супрацоўніцтве з прыватнымі кампаніямі і замежнымі партнёрамі. Такім чынам, менавіта конкурс можа стаць яшчэ адным крокам да развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кіно краіны. Паводле ўмоў, конкурс павінен праводзіцца не менш, чым раз на год. Мы ж плануем праводзіць яго двойчы на год...

Што да ўмоў спаборніцтва, то яны, па зразумелых прычынах, — даволі жорсткія, бо разлічаны, у першую чаргу, на тыя кампаніі-вытворцы, што ўжо маюць арганізацыйны вопыт і настроены на сур’ёзную працу. Мяркуйце самі. Патэнцыйныя ўдзельнікі павінны адпавядаць пэўным высокім патрабаванням, бо журы пры ацэнцы праектаў будзе адзначаць выкарыстанне канкурсантамі новых арыгінальных творчых ідэй і задум, мастацкую якасць літаратурнага сцэнарыя, разглядаць сацыяльную вартасць кінапраекта і стварэнне прывабнага іміджа Беларусі. Заяўкі павінны ўтрымліваць поўны папярэдні разлік каштарысу вытворчасці фільма, які будзе аналізавацца конкурснай камісіяй на прадмет абгрунтаванасці. Вялікім плюсам на карысць удзельніка будзе прыцягненне да працы над праектам іншых вытворцаў, а таксама планаванне мерапрыемстваў па прасоўванні стужкі, у тым ліку — за межамі Беларусі.

Такім чынам, на конкурс маюць выносіцца не толькі літаратурныя сцэнарыі, як тое было раней, а, у ідэале, — паўнавартасныя праекты разам з дакументамі, што пацвярджаюць станоўчую рэпутацыю кампаніі-вытворцы і непасрэдных стваральнікаў карціны, а таксама план рэалізацыі стужкі з моманту яе стварэння з абгрунтаваннем камерцыйнай эфектыўнасці праекта.

Менавіта члены камісіі конкурсу (сярод іх — не толькі прадзюсары, сцэнарысты, рэжысёры тэатра і кіно, акцёры, рэдактары, кіназнаўцы, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі тэлеканалаў, кінавідэапракату, дзяржаўных і прыватных кінавытворчых структур, але і прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства фінансаў краіны) маюць вызначаць і памер дзяржаўнай падтрымкі праектаў. Вядома, што дзяржава будзе выдаткоўваць да 70% сродкаў, неабходных для вытворчасці ігравых стужак, да 100% — неігравых і анімацыйных, у тым ліку дэбютных, карцін для дзяцей і юнацтва, а таксама фільмаў са статусам нацыянальных кінапраектаў.

Пераможца атрымае ўсё?

Дарэчы, у гэтым годзе на кінавытворчасць у нашай краіне выдаткавана сума, эквівалентная 10 млн. долараў ЗША. Пра тое было паведамлена на сустрэчы з журналістамі ў Міністэрстве культуры з нагоды ўступлення ў сілу змен у заканадаўстве. Сума даволі значная, калі ўлічыць, што бюджэт сярэдняга ігравога фільма на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў межах 1,5 млн. долараў. Але выдаткаваць грошы замала — трэба, каб яны пайшлі на вартыя ўвагі праекты. Ці гатовы нашы кінематаграфісты да ўдзелу ў конкурсе і, наогул, да больш шчыльнай канкурэнцыі?

— Ніхто не будзе спрачацца, што конкурс — патрэбны, але тэрміны яго — даволі сціслыя, — каменціруе генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч. — Да таго ж, галоўны здымачны перыяд — лета — сёлета прыпадае якраз на час падвядзення вынікаў конкурсу, таму яго пераможцы з адпаведнымі запытамі вымушана распачнуць сваю працу пазней…

Дарэчы, Дэпартамент па кінематаграфіі з наступнага года плануе ўлічваць асаблівасці здымачнага працэсу і падводзіць вынікі конкурсу непасрэдна перад пачаткам летняга перыяду.

— Прынамсі, мы не чакалі ўступлення ў сілу новых умоў фінансавання і яшчэ да 1 студзеня распачалі працу над трыма праектамі, на якія прыцягнуты сродкі ад продажу маёмасных правоў, — кажа кіраўнік «Беларусьфільма». — Цяпер, каб быць канкурэнтаздольнымі, плануем максімальна развіваць сумесную вытворчасць. Студыя павінна працаваць стабільна, у чым, дарэчы, зацікаўлены і нашы замежныя партнёры, якія не плануюць удзельнічаць у конкурсах, але вельмі рады супрацоўнічаць з Нацыянальнай кінастудыяй...

Што да канкурэнцыі, то пакуль невялікія прыватныя арганізацыі хіба тэарэтычна здолеюць канкурыраваць з «Беларусьфільмам», за якім стаяць вялікія арганізацыйныя і матэрыяльныя рэсурсы. Але сама магчымасць спаборніцтва з нацыянальнымі брэндамі натхняе некаторых патэнцыйных кінавытворцаў.

— Я не згодны з тым, што невялікія кампаніі не здолеюць стварыць канкурэнцыі буйным дзяржаўным студыям, — лічыць прадзюсар Уладзімір Максімкаў, кіраўнік прыватнага тэлевізійнага медыя-холдынгу. — Што да матэрыяльнага боку, то, канешне ж, спаборнічаць будзе цяжка, аднак галоўнае ў кіно — гэта творчы патэнцыял, а вось ён дакладна ніколі не залежыў ад памераў арганізацыі, і маладыя невялікія кампаніі могуць тут даць фору нават самым буйным і вопытным...

Зрэшты, адна з асноўных задач конкурсу якраз і заключаецца ў тым, каб адкрываць новыя імёны. Заяўляецца, што дзяржава будзе цалкам фінансаваць да двух дэбютаў у год.

— І мяне як дырэктара студыі прываблівае менавіта магчымасць працаваць з маладымі, — кажа Алег Сільвановіч. — Ва ўсялякім выпадку, гэта — новыя падыходы да кінавытворчасці, выхад нашай краіны на сучасны сусветны ўзровень кінамастацтва. Яны садзейнічаюць прыходу маладых талентаў. Рызыкаваць з дэбютантамі куды больш прывабна для прадзюсара, чым рабіць тое самае з аўтарамі, якія знялі дзве-тры стужкі з сумніўным поспехам…

Ці стане першы конкурс сапраўды такім "плённым", як на тое спадзяецца кіраўніцтва кінасферы, стане вядома праз паўгода. Прынамсі, конкурсы на лепшы літаратурны сцэнарый, якія праводзіліся Міністэрствам культуры ў апошнія гады, дэманстравалі супярэчлівыя вынікі. Сапраўды яркіх і абсалютна арыгінальных работ з іх дапамогай на свет у выніку пакуль не з’явілася. Надзею на поспех дадзенага конкурсу дае менавіта тая акалічнасць, што спаборнічаць будуць не літаратурныя творы, а — цалкам аформленыя праекты і кінакампаніі.

— Сістэма прыярытэтаў і крытэрыі ацэнак будуць канчаткова вызначацца ўжо непасрэдна ў ходзе конкурсу, але ўжо сёння можна сказаць, што галоўным крытэрыем будзе актуальнасць, якая можа існаваць і ў межах нацыянальнай тэматыкі, — адзначае член камісіі Адкрытага рэспубліканскага конкурсу, кіназнаўца Антаніна Карпілава. — Фільмы для дзяцей і юнацтва, анімацыя, дакументалістыка — моцныя бакі нашага кінамастацтва, і ўжо тут для камісіі галоўным павінен стацца крытэрый маральнай адпаведнасці. Прынамсі, менавіта з’яўленне новых, маладых асоб у нашым кіно і мае стаць галоўным вынікам конкурсу…

Безумоўная падтрымка кіно і яго стваральнікаў з боку дзяржавы не можа быць неўзаемнай. Відавочна, што кінасфера ў нашай краіне знаходзіцца толькі на самым пачатку шляху да мастацкай актуальнасці і сапраўднай глядацкай запатрабаванасці. Але зробленыя дзяржавай захады дазваляюць казаць, што «мяч» — на «палове поля» амбіцыйных і актыўных кінавытворцаў, якія, спадзяёмся, неўзабаве падхопяць ініцыятыву.