"Летапіс"ныя стужкі: на чыім полі гульня?

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

На экране — "водар часу"?

/i/content/pi/cult/371/7217/2-3.jpg

Мінулы год стаў "ураджайным" для кінематаграфістаў студыі "Летапіс". Позірк рэжысёраў скіраваны ў мінулае зямлі, да яе выбітных сыноў. Сёння "К" прапануе агляд стужак, створаных на "Летапісе" менавіта маладымі, але даволі вопытнымі рэжысёрамі. Прычым падышлі яны да справы - па-рознаму.
Дакументалістаў доўгі час успрымалі выключна як хранікёраў, але калі функцыі хронікі канчаткова ўзяло на сябе тэлебачанне, стала зразумела: фіксуючы знешні адбітак падзеі, яно не ў стане захаваць эмацыйны малюнак мінулага. Гістарычныя падзеі і постаці, такім чынам, у бачанні тэлевізійных журналістаў і рэжысёраў, уяўляюць з сябе, збольшага, пералік фактаў, нанізаных на храналагічную шкалу. Масавы глядач, на каго, у ідэале, павінны арыентавацца кінематаграфісты, выбірае зусім іншае. Папулярныя даследаванні па гісторыі падобныя цяпер да прыгодніцкіх раманаў - і па змесце, і па афармленні. А гістарычныя постаці на старонках такіх выданняў усё часцей нагадваюць персанажаў мастацкай літаратуры.

Менавіта з гэтай прычыны да аматара гісторыі вельмі складана звяртацца з экрана ў традыцыйнай манеры "кніжкі з малюнкамі", агучанай дыктарам. Якасная гістарычная дакументалістыка ў сучасных умовах "інфляцыі глядацкай увагі" павінна адначасова радаваць і адукоўваць, што, зразумела, залежыць ад выбару дакладнай формы.

Навуковы дэтэктыў

Карціна сцэнарыста Уладзіміра Мароза і рэжысёра Юрыя Цімафеева "Старажытнае слова. Лёс Міхала Баброўскага" распавядае пра постаць выбітнага навукоўца, які жыў і працаваў у першай палове ХІХ стагоддзя. Стужка - сапраўдны навуковы дэтэктыў, падзеі якога пачынаюцца ў славенскай Любляне, працягваюцца ў Варшаве, Санкт-Пецярбургу, на Беласточчыне - ва ўсіх тых гарадах і мясцінах, дзе жыў і працаваў знакаміты (але, на жаль, не на Беларусі) першаадкрывальнік і даследчык легендарнага Супрасльскага кодэкса.

Кадр за кадрам глядач складае захапляльную мазаіку з фактаў ды сведчанняў. Прычым адразу дзвюх гісторый: жыцця і складанага лёсу Міхала Баброўскага - святара, навукоўца, удзельніка віленскіх гурткоў першай трэці ХІХ стагоддзя, і лёсу помніка старажытнаславянскага пісьменства. Даследчыкі трох славянскіх краін распавядаюць пра жыццёвы шлях Міхала Баброўскага і пра яго галоўнае адкрыццё, што было зроблена ў манастырскай бібліятэцы.

У рэжысёра Юрыя Цімафеева ў дадзеным выпадку атрымаўся цікавы прыклад гістарычнага нарыса з элементамі мастацкага разважання. Ігравыя ўстаўкі з запісанымі дыктарам вытрымкамі з лістоў і дзённікаў Міхала Баброўскага ствараюць неабходны эмацыйны настрой. Насычаная інфармацыяй і сапраўды жывая карціна ўздзейнічае і эмацыйна, і інтэлектуальна. Здымачная група вырашыла праблему адсутнасці візуальнага матэрыялу, наведаўшы максімум мясцін, звязаных з тэмай аповеду. Напрыклад, каштоўнасць Супраслеўскага кодэкса для агульначалавечай культуры падкрэслена падрабязнай і, здавалася б, доўгай дэманстрацыяй сейфаў, у якіх захоўваюцца яго асобныя сшыткі ў Варшаве і Любляне, мер бяспекі, з якімі лісты Кодэкса паказваюцца ў самых выключных выпадках.

Сама сутнасць руплівай дзейнасці Баброўскага ўвасоблена праз паказ віленскіх ды жыровіцкіх муроў, што амаль не змяніліся за апошнія два стагоддзі. Дзякуючы прафесійнаму мантажу, вельмі якаснай аператарскай рабоце Сяргея Мілешкіна, карціна робіць вялікае ўражанне і, безумоўна, з'яўляецца адной з лепшых у сваім родзе за апошні час у нашым кіно.

А можа... асацыяцыі?

Стужка ж Яўгена Сяцько "Вытокі. Браніслаў Эпімах-Шыпіла", сцэнарый якой створаны ў сааўтарстве з Ганнай Запартыка, распавядае пра культурнага дзеяча, што жыў на сто гадоў пазней за героя вышэйзгаданага фільма.

У адрозненне ад калег, стваральнікі дадзенай стужкі абралі формай свайго аповеду якраз "падарожжа" па храналагічнай шкале. Аператар Аляксандр Уласаў, паўнапраўны сааўтар карціны, прапанаваў гледачу выбітны візуальны рад. Скажам, Браніслаў Эпімах-Шыпіла значны перыяд свайго жыцця правёў у Санкт-Пецярбургу. І горад у стужцы ўвасобіўся праз кадры з выявай архітэктурнай класікі Паўночнай Пальміры. У асноўным на фоне такога відэарада ідзе аповед пра лёс Эпімах-Шыпілы.

Але, нягледзячы на змястоўнасць, у тым ліку - праз слова экспертаў, якія часта з'яўляюцца ў кадры, стужцы "Вытокі. Браніслаў Эпімах-Шыпіла" не стае менавіта мастацкіх якасцей, якія маглі б ператварыць выкладзены ў дыктарскім закадравым тэксце дыдактычны матэрыял у нешта большае. Карціна атрымалася занадта ілюстратыўнай: для паўнавартаснага гістарычнага відэанарысу ёй не хапае падрабязнасцей, а для мастацкага эсэ - вобразнасці.

Магчыма, аўтарам варта было пайсці на пэўную рызыку і "згуляць" на тэлевізійным полі: увесці ў кадр асобу вядучага, з якім мог бы асацыіраваць сябе глядач, больш уважліва "прайсціся" аб'ектывам па матэрыяльных сведчаннях эпохі. Прынамсі, тэлефармат у дадзеным выпадку напрошваецца сам сабой. Тым больш, што аўтары актыўна карысталіся яго элементамі: дыктарскім тэкстам ды вялікімі па памерах інтэрв'ю-"сінхронамі". Ці не варта наступным разам пайсці далей і абраць распаўсюджаны фармат, якім у свой час пачаў карыстацца на постсавецкім тэлебачанні Леанід Парфёнаў?