"Люкс" і маркетынг

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Што набывае і страчвае пастаноўка ў "сетцы"?

/i/content/pi/cult/371/7215/2-1.jpeg

Прэм'ера Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра - аперэта Ф.Легара "Граф Люксембург", якую ў закуліссі любоўна называюць "Люксам", - ураўнавалася па кошце білетаў з колішняй "Блакітнай камеяй" К.Брэйтбурга. Непараўнальныя паводле мастацкіх якасцей і ўжо па саміх сваіх жанрах, абодва спектаклі можна назваць "сеткавымі"...

"Сеткавыя" пастаноўкі - гэта амаль ідэнтычныя па рэжысуры, сцэнаграфіі, харэаграфіі і іншых складніках "квазіпераносы" спектакля з адной сцэны на іншую. "Квазі-" - таму што тыя або іншыя дэталі змяняюцца. Асабліва калі гэтым займаецца рэжысёр Сусанна Цырук. Для яе наш "Граф Люксембург" - не першы. Той, што яна паставіла ў Іркуцку ў верасні
2010-га, цяпер намінаваны на прэстыжную расійскую тэатральную прэмію "Залатая маска" - і як спектакль цалкам, і як рэжысёрская работа. Цікава, што дзесяцігоддзе таму "Граф Люксембург" ужо спрабаваў "прымерыць" "...Маску" - праўда, беспаспяхова. Але гэта быў зусім іншы спектакль: Рыгора Дзіцяткоўскага ў Новасібірску. З нашым яго яднала хіба адно: спевы баранесы Клемянціны не па-руску, а па-нямецку. А яшчэ тое, што ў ім удзельнічаў наш Дзяніс Нямцоў.

Але пакінем параўнанні: нават калі Цырук цалкам перанесла б спектакль, адметнасць нашага - ужо ў яго маладзёжнасці. І калі партыю Рэнэ Люксембурга студэнты кансерваторыі, здаралася, спявалі і раней, дык ніводная з пастановак, пачынаючы з прэм'еры 1909 года, не ўскладала, як наша, на моладзь ролі старых. Клемянціна Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай - не з'едліва-ўпартая бой-баба, а гэткае гарэзлівае, у меру шкадлівае "дзіця", абсалютна натуральнае ў сваіх учынках, якое разумее ўласную ўседазволенасць і патрабуе выканання сваіх капрызаў. Ну, а камандныя ноткі ў дачыненні да мужчын - жартоўная дэманстрацыя ўмення самой будаваць свой лёс. Ці не гэтым займаюцца і астатнія гераіні аперэты?

Аляксандр Асіпец малюе Князя Базінэлі ўсім суквеццем фарбаў, назапашаных у іншых спектаклях. Затое Андрэй Марозаў у гэтай жа ролі - цалкам "белы ліст", карціна на якім ўзнікае на вачах, прычым абсалютна свежай, нязвыклай пластыкай. Чаго каштуюць хаця б узнятыя ўгару "лебядзіныя" рукі з вялізнымі далонямі-лапатамі ці балетны "напаўшпагат", ці "кульбіты шчасця" пасля чарговых прынятых таблетак. Нават думка ўзнікае: можа, герою папраўдзе зусім не 68, і ён толькі дурыць усім галаву сваім прыдуманым узростам?

Яркай атрымалася і так званая пара характарных герояў. Больш спрактыкаваны Сяргей Спруць уявіў свайго Армана гэткім "простым хлопцам", крыху з хітрынкай. Пачатковец Анзор Алімірзоеў, які спявае так, што заслухаешся, надаў свайму персанажу шчырасць, адухоўленасць мастака, апанаванага беспаспяховым імкненнем надзець на сябе маску бестурботнасці. Вельмі пластычнай, абсалютна натуральнай у паводзінах паўстала Жульета, цудоўна ўвасобленая як прызнанай Лесяй Лют, так і нядаўна прынятай у трупу Ірынай Кучынскай.

Каларытна глядзелася тройца памагатых князя, сярод якой асабліва смешнымі, як і мае быць, выглядалі ўлюбёнец публікі Дзяніс Нямцоў (ён стаў уладальнікам унутрытэатральнага Прыза глядацкіх сімпатый) і малады артыст хору Дзмітрый Філіповіч.

З лірычнымі ж героямі аказалася не ўсё так проста. У адных салістаў - праблемы з голасам, у іншых - з дыкцыяй, камусьці не хапае адчування тэатральнай, а не канцэртнай сцэны, хтосьці надта хвалюецца... А галоўнае - у іх каханне штосьці не верыцца, бо яны "завісаюць" паміж тонкім псіхалагічным тэатрам (а менавіта такой паўставала нававенская аперэта на нашай сцэне, калі герояў увасаблялі Наталля Гайда і Рыгор Харык) і карнавальнасцю як прынцыпова іншым складам мыслення і жыцця.

Карнавальнасці сцэнічных строяў так і хочацца дадаць сакавітасці, насычанасці адценняў, зграбнасці сілуэтаў. Сцэнаграфія ж Любові Сідзельнікавай, наадварот, пераўзышла ўсе ранейшыя варыянты іншых мастакоў. Тыя ж самыя абрысы, прадыктаваныя рэжысёрскай канцэпцыяй. Зніклі многія дэталі інтэр'ераў, элементы дэкору "а-ля рэалізм", затое мосцік стаў вышэйшы ды прыгажэйшы, дадаліся рамантычныя ліхтары - у сцэнічнай прасторы з'явілася больш паветра і цеплыні, якая, бы жывая істота, пачала дыхаць.

Рэжысура Сусанны Цырук неад'емная ад яе новай аўтарскай версіі "Графа Люксембурга", што закранула не толькі ўласна лібрэта, але і музыку, куды дадаліся іншыя хіты Ф.Легара - з той жа "Вясёлай удавы". Узнік і дасціпны "нямы рэпартаж" аб замежным падарожжы сяброў. Танцавальнасць нававенскай аперэты падкрэслена значнасцю балетна-пластычных мізансцэн - часцей парадыйных (харэограф - Аляксандра Ціхамірава). Аркестр на чале з Алегам Лесуном, незадоўга да прэм'еры пашыраны новымі музыкантамі, гучыць вельмі прыстойна. Сюды б яшчэ добрую гукарэжысуру!

Дык што нам дасць "сеткавая" пастаноўка? Магчымасць абменаў артыстамі. "Граф Люксембург" уключаны ў праграму Тыдня музычнага мастацтва "Наталля Гайда запрашае", які пройдзе ў нашым тэатры 17 - 21 красавіка. З Іркуцка прыедуць Уладзімір Якаўлеў (князь Базінэлі) і Аляксандра Гарашчук (Жульета). Мо і нашы артысты потым пагастралююць? І ў выніку такіх "поглядаў збоку" спектакль набудзе, нарэшце, тую нябачную "нітку люрэксу", без якой дасканалая быццам бы задума пакуль не заззяла стыльнасцю і бездакорнасцю...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"