Аркестр на ўсе часы

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

"Бо мы адбіраем — самае лепшае"

/i/content/pi/cult/371/7212/1-1.jpeg

Зала Белдзяржфілармоніі прымала гэтым тыднем "Шлягеры на ўсе часы" - музычны праект, які штогод ладзіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Чатырохдзённы фестываль завяршыўся юбілейным канцэртам калектыву, якому сёлета споўнілася 25.

- Асноўныя святкаванні юбілею, - выдаў некаторыя сакрэты Міхаіл Якаўлевіч, - адбудуцца на "Славянскім базары ў Віцебску". Сольны канцэрт аркестра там так і будзе называцца: "Нам 25! І ўсё пачынаецца з пачатку". Прыедуць многія зоркі, з якімі мы працавалі. А зараз галоўнае - каб былі ўзгаданы ўсе, хто спрычыніўся да гадоў станаўлення і развіцця калектыву: кампазітар Ігар Палівода, піяністы Анатоль Гілевіч, Аркадзь Эскін, скрыпач Леанід Знак, якіх ужо няма з намі. Мая вялікая ўдзячнасць - цяперашнім музыкантам: трубачу Валерыю Шчарыцы, гітарыстам Уладзіміру Ткачэнку, Сяргею Анцішыну, ударніку Вадзіму Чайкову, скрыпачкам Ніне Лушчынскай, Алене Навуменка, канцэртмайстрам груп Дзмітрыю Ціхановічу, Дзмітрыю Шапавалаву, Уладзіміру Ксёндзу, Святлане Іванюковіч, Аляксандру Каліноўскаму, нашай вакальнай групе на чале з Аляксандрам Дзюміным. Салістаў жа ўвогуле давядзецца пералічваць усіх - пачынаючы, вядома, з народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава. Я таму і вырашыў весці гэтую праграму сам, каб узгадаць усіх добрымі словамі. І, карыстаючыся момантам, шырэй распавесці пра тое, чым мы займаемся. Галоўная наша задача - папулярызацыя беларускай музыкі. Таму ў дадзены канцэрт мы ўключылі і прэм'еру песні Эдуарда Зарыцкага да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.

Увогуле, прынцып адбору - вельмі важны ў мастацтве. Ён наўпрост звязаны і з іншай лініяй - арганізацыяй сучаснага творчага працэсу. Сёння моладзь, здараецца, імкнецца слухаць і выконваць толькі "свае" песні, часта - непрафесійныя. І, бывае, зусім не цікавіцца тым, што было створана раней, што робяць сапраўдныя прафесіяналы. Калі ж спяваюць маладыя салісты нашага аркестра, гэта для многіх становіцца сапраўдным адкрыццём, бо мы адбіраем - самае лепшае. І замаўляем новыя творы, да якіх таксама ставімся вельмі сур'ёзна. Пасля цяперашніх канцэртаў да мяне падыходзіла шмат публікі. Асабліва прыемна, што гэта была і моладзь - таксама са словамі ўдзячнасці. Калі такое чуеш, забываешся на ўсе складанасці падрыхтоўкі канцэртаў: кожная наша праграма выспявае год ці нават паўтара, праца заўсёды ідзе адначасова над некалькімі. І так - увесь час!..


На здымку: маэстра Фінберг (злева) пад час аднаго з канцэртаў праекта.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"