“Чалавечыя” колеры без пераадольвання

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Козыр пераканаўчасці ад беларускага эксперыментальнага тэатра. Ці ж гэтага мала?

На Міжнародным маладзёжным форуме "М.@rt.кантакт", які з 21 па 27 сакавіка ў сёмы раз прайшоў у Магілёве, /i/content/pi/cult/371/7211/2-4.jpgконкурсныя спектаклі ды іх крытычныя абмеркаванні, майстар-класы і "круглыя сталы" традыцыйна далі багатую глебу для разважанняў адносна агульнага стану тэатральнага мастацтва. Аднак, немінуча застаючыся па заканчэнні "ў гісторыі", галоўную сваю важнасць і важкасць форум у "сухім астатку" выяўляе ў справе аналізу атрыманага досведу і яго прыкладнога значэння для сучаснага беларускага тэатра. Зрэшты, акурат гэта сярод асноўных задач бачаць і яго арганізатары - Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт ды Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Айчынную тэатральную моладзь сёлета прадстаўлялі шэсць калектываў: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча, Карняг-тэатр і Тэатр танца "Karakuli". Як выглядалі яны ў агульным кантэксце ўдзельнікаў форуму? У якіх творчых кірунках сёння рухаюцца маладыя беларускія рэжысёры? І наколькі адэкватна ацэньваюць яны ўласныя творчыя поспехі? Якраз на гэтую тэму важна паразважаць у дачыненні да вынікаў сёлетняга "М.@rt.кантакту".

Аснова імправізацыі -

усё тая ж...

Размову хочацца пачаць са спектакля "Нататкі стомленага рамантыка" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Найперш таму, што "акадэмічны" статус міжволі накладае на сам калектыў пэўнага кшталту патрабаванні як да выбару матэрыялу - драматургічнай асновы пастаноўкі, - так і да таго відовішча, што прадстаўляецца на сцэне. Дзе "злучаюцца" даўнія расказы "яшчэ несатырыка" Міхаіла Задорнава, чыё імя ў афішы відавочна паклікана прыцягнуць інтарэс да спектакля з боку глядацкай аўдыторыі, і маладыя акцёры Горкаўскага тэатра? Акцёрская імправізацыя і эцюдны спосаб існавання на сцэне - вось той прынцып, які прапануецца нам у якасці "добра забытага старога", здольнага вярнуць на сцэну атмасферу лёгкасці і нязмушанасці, рамантыкі і шчырасці.

Ды толькі ў самім спектаклі ўсе гэтыя першапачатковыя "вешкі" трансфармуюцца ў сваю... супрацьлегласць: рамантыка падмяняецца інфантыльнасцю як саміх персанажаў спектакля, так і акцёрскага існавання на сцэне, шчырасць "іграецца" з дапамогай выцягнутых са "старых скрыняў" пыльных савецкіх штампаў. А лёгкасць і нязмушанасць выражаецца ў тым, што драматургічная аснова - апавяданне Задорнава, цалкам пазбаўленае унутранай драматургіі, - з рэальнага 15-хвіліннага хронаметражу, неабходнага для яго прачытання "з ліста", расцягваецца на дзве з лішкам гадзіны сцэнічнага часу. Ну, а галоўная "фішка" спектакля - акцёрская імправізацыя - ператвараецца ў набор не надта густоўных поз і гэгаў у стылі "Крывога люстэрка", перацягваючы за сабой і ўвесь спектакль у плоскасць эстрадна-забаўляльнага прадстаўлення для непераборлівых выпадковых гледачоў.

Дык што, імправізацый/i/content/pi/cult/371/7211/2-2.jpegная прырода тэатра сёння сябе вычарпала? Цалкам абверг тое спектакль "Лафкадзіа" Незалежнага тэатральнага праекта з Масквы ў рэжысуры Святланы Івановай. Два акцёры, чысты ліст паперы і - кранальная гісторыя пра льва, што распавядаюць нам са сцэны, ператвараюцца ў віртуозную імправізацыю. Што ж выклікала глядацкую любоў да пастаноўкі, здавалася б, надзвычай простай, з пункта гледжання тэхнічнай забяспечанасці? У першую чаргу - тая шчырасць, з якой акцёры пражывалі на сцэне "львіную" гісторыю. А з прафесійнага боку - правільнае разуменне імправізацыйнай прыроды тэатральнага мастацтва: не з пазіцый стварэння акцёрамі "скульптурных кампазіцый", што ілюстравалі б тэкст, як тое атрымалася ў "Нататках стомленага рамантыка", а як увасабленне эмацыйнага руху, унутранай дынамікі гісторыі, якая распавядаецца з падмосткаў. Таму і тэкст не проста расфарбоўваецца інтанацыйна ды візуальна, а маладыя акцёры "выдаюць" нам вынік ўласнага пражывання гісторыі персанажа - жывую чалавечую эмоцыю. Апошняя ў сучасным тэатры - на вагу золата.

"Бы ў сапраўдным тэатры"

Акурат гэткая думка з'явілася ў маёй галаве, як толькі распачаўся "Мой бедны Марат" Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. І цягам усяго спектакля ад яе так і не ўдалося пазбавіцца: над пастаноўкай проста-такі лунаў вэлюм састарэлых прыёмаў, якімі ў пасляваенныя часы карысталіся для пастаноўкі твораў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай.

Гісторыя траіх маладых людзей, што сустрэліся ў блакадным Ленінградзе і засталіся вернымі свайму сяброўству на ўсё жыццё, напісаная Аляксеем Арбузавым, у свой час скарыла падмосткі многіх тэатраў былога Савецкага Саюза. Аднак чым прыцягвае яна пакаленне сённяшніх маладых творцаў, у чым выяўляе сваю актуальнасць? "Я хацеў бы звярнуцца да тых чыстых узаемаадносін, якія культываваліся ў часы маладосці маіх бацькоў, каб супрацьпаставіць іх засіллю гламуру і танных шоу", - кажа рэжысёр пастаноўкі Ягор Лёгкін. І - перапрацоўвае п'есу Арбузава, спрашчаючы, для большай даступнасці маладому пакаленню гледачоў, лініі ўзаемаадносін паміж персанажамі, у выніку чаго стасункі паміж імі... "стэрылізуюцца" да схематычнага "адзін - прыйшоў, другі - сышоў, трэцяя - засталася".

Акцёры, разам з рэжысёрам, займаюцца стараннай інтанацыйнай расфарбоўкай тэксту, у выніку чаго само паняцце сцэнічнага дзеяння са спектакля знікае, пакідаючы нам усяго толькі "плоскую" карцінку-агітку, пазбаўленую жывых узаемаадносін між героямі. І сам пафас драматургічнага твора - размова пра жыццёвы выбар кожнага чалавека - нівелюецца да банальнасцей.

Яскравым кантрастам "Майму беднаму Марату" ў конкурснай афішы стаўся яшчэ адзін спектакль, што звярнуўся да тэмы блакаднага Ленінграда, - "Разваліны" Цэнтра драматургіі і рэжысуры імя А.Казанцава і М.Рошчына. Радыкальны па сваёй фактуры, спектакль, дзе закранаюцца факты канібалізму ў тыя гады, не проста выводзіць гледачоў са стану ўнутранай раўнавагі, але на фоне часам паталагічных карцін прымушае ўсё ж задацца пытаннем: ці здольны чалавек усведамляць межы чалавечнасці, якія нельга пераступаць нават тады, калі альтэрнатыва - смерць?

Але галоўны інтарэс, што прадстаўляюць для нас "Разваліны", - узор таго, як новае пакаленне тэатральных творцаў, не адмаўляючыся ад важных тэм, свядома сыходзіць ад штампаў і "класічных" падыходаў да ваеннай тэмы, якія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў таму страцілі актуальнасць. Усведамленне таго, хто сёння ў маладзёжнай зале, вымагае і адпаведнай інтанацыі размовы. І пэўны радыкалізм сцэнічнай мовы, за кошт якога тэатру ўдаецца скалыхнуць нават самага цынічна настроенага гледача, - таксама нагода, каб параўнаць канчатковы эфект ад спектакля з тым, што мы маем пасля "лагодных" пастановак кшталту "Майго беднага Марата".

Эксперымент - удалы

Зрэшты, варта адзначыць, што айчынная маладзёжная тэатральная палітра была прадстаўлена не толькі адным - рэпертуарным - тыпам тэатра. На фоне традыцыйных спектакляў кшталту "Страцім-Лебедзя" Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча фестывальная публіка пабачыла і пастаноўкі альтэрнатыўных маладзёжных калектываў, якія існуюць па-за традыцыйнай прасторай. Гэта і Тэатр танца "Karakuli" Вольгі Лабоўкінай, што працуе ў галіне сучаснай харэаграфіі, з мініяцюрамі "Не" і "Фарбы", і, канешне ж, Карняг-тэатр, які прывёз сваю работу мінулага сезона - "Спектакль № 7". Кожны з калектываў, нягледзячы на маладосць, прадэманстраваў сталыя, дакладна выбудаваныя і завершаныя вынікі творчай дзейнасці, што, магчыма, у нечым не паралеляцца са звыклымі ўяленнямі пра тое, да якой ступені тэатр мусіць быць "непадобным" і актыўным у дачыненні да гледачоў. Аднак галоўным козырам усіх работ сталася іх мастацкая пераканаўчасць. Ці ж гэтага мала?

Прагрэсіўны нямецкі вербацім - пастаноўка "Над вадой, пад думкамі" тэатра "Марабу", у якой цягам гадзіны падлеткі калашмацілі адно аднаго ў басейне, - па сіле эмацыйнага ўздзеяння і пазнавальнасці сітуацый застаўся далёка па-за "Спектаклем № 7". А ў супрацьвагу славенскім ружовым чалавечкам з "Электрычнага піцця гарбаты" тэатра "KUD Ljud", чыё імкненне да інтэрактыву часам выглядала залішне навязлівым, беларускія "Karakuli" ў сваіх "Фарбах" прадэманстравалі, якім чынам гэтыя "чалавечыя" колеры могуць перамешвацца без дадатковага пераадольвання чаго-кольвечы.

І яшчэ адной, вельмі важнай, "фарбай" сёлетняга "М.@rt.кантакту" стаў спектакль гаспадароў фестывалю - Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра - "Гаспадар кавярні" па п'есе Паўла Пражко ў рэжысуры Кацярыны Аверкавай, ролю ў якім выканаў малады акцёр Аляксандр Куляшоў. Не адзін год запар у рамках форуму ідуць размовы пра неабходнасць "з'яднання" прагрэсіўных маладых беларускіх драматургаў і рэжысёраў. А па выніках мінулага фестывалю Міністэрства культуры краіны прыняло рашэнне аказаць мэтавую падтрымку менавіта ў рэалізацыі такога нацыянальнага маладзёжнага праекта. У тым ліку і для таго, каб стварыць дадатковую зацікаўленасць для маладых творцаў працаваць на айчыннай тэатральнай прасторы. /i/content/pi/cult/371/7211/2-1.jpeg

Эксперыментальную работу магіляўчан можна смела назваць удалым крокам у гэтым кірунку, які, хацелася б спадзявацца, падштурхне і іншыя нашы тэатры да працы з актуальнымі беларускімі драматургамі. Прынамсі, спектакль "Гаспадар кавярні" выклікаў не проста жывы інтарэс у маладзёжнай аўдыторыі форума, але і лёг яшчэ адной важкай цаглінкай у падмурак развіцця ў нашай краіне тэатральнага працэсу, альтэрнатыўнага (ці паралельнага - каму як падабаецца) рэпертуарнаму. А яго неабходнасць сёння ўжо не падлягае сумненню, бо толькі здаровая канкурэнцыя за права быць "уладаром дум" здольная падштурхоўваць рэжысёраў да стварэння па-сапраўднаму яркіх спектакляў-падзей, якіх чакаюць не толькі крытыкі, але і ўсе тыя, хто любіць тэатр.

"У сухім астатку"

- Прыз глядацкіх сімпатый (па выніках глядацкага галасавання) - "Лафкадзіа", Незалежны тэатральны праект (Масква, Расія);

- спецыяльны дыплом "За яркую візуалізацыю біблейскіх вобразаў" - "Сны Маісея", Тэатральная група "Містарын" (Іерусалім, Ізраіль);

- спецыяльны дыплом "За гарманічны сінтэз пластычнага і драматычнага тэатра" - "Спектакль № 7", Карняг-тэатр (Мінск, Беларусь);

- спецыяльны дыплом "За лепшую ролю другога плана" - Сафія Райзман за ролю Анечкі ў спектаклі "Разваліны", Цэнтр драматургіі і рэжысуры імя А.Казанцава і М.Рошчына (Масква, Расія);

- "За лепшую мужчынскую ролю" - Канстанцін Шэлестун за ролю Вяршыніна ў спектаклі "Тры сястры" Тэатра-студыі "Невялікі драматычны тэатр" (Санкт-Пецярбург, Расія);

- "Лепшы малады акцёр" - Одзін Ланд Байран і Казімір Ліске ў спектаклі "Лафкадзіа" Незалежнага тэатральнага праекту (Масква, Расія);

- "Лепшая маладая актрыса" - Марыя Сямёнава за ролю Ірыны ў спектаклі "Тры сястры" Тэатра-студыі "Невялікі драматычны тэатр" (Санкт-Пецярбург, Расія);

- Гран-пры форуму - "Тры сястры" Тэатра-студыі "Невялікі драматычны тэатр" (Санкт-Пецярбург, Расія).

наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Магілёў - Мінск

На здымках: сцэны са спектакляў "Гаспадар кавярні", "Спектакль № 7" і "Лафкадзіа".

Фота Яўгеніі АЛЕФІРЭНКА