Што можа фестываль?

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Спазнаць Беларусь, або Форум і турызм з эканамічным эфектам

/i/content/pi/cult/371/7209/1-1.jpeg

Засталося не так шмат часу да таго моманту, калі Гродна прыме IX Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэтая іміджавая падзея заўсёды прыцягвала і прыцягвае да сябе ўвагу не толькі жыхароў нашай краіны, а і шматлікіх замежных гасцей - дыпламатаў, журналістаў, турыстаў...

Цікавасць да фэсту год пры годзе расце. І не толькі таму, што ў ім прымаюць удзел прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на Беларусі. Многія замежныя госці прыязджаюць cюды, каб вывучыць паспяховы вопыт работы нашай дзяржавы ў сферы міжэтнічных зносін.

Пра падрыхтоўку да правядзення маштабнага форуму, метадычную падтрымку нацыянальных супольнасцей, перспектывы міжэтнічнага ўзаемадзеяння ў Беларусі, а таксама наладжванне сувязей з беларусамі замежжа, карэспандэнт "К" распытаў дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла РЫБАКОВА.

- Калі весці гаворку пра фестываль, што адбудзецца летам у Гродне, дык хачу засяродзіць увагу вось на якім моманце. Сярод прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей Беларусі існуе меркаванне, што без падобнага мерапрыемства ім не ўдалося б у такой ступені захаваць сваю нацыянальна-культурную спадчыну. Бо наш фэст адрозніваецца ад іншых падобных святаў за мяжой не толькі маштабамі, працягласцю і вялікай колькасцю ўдзельнікаў, але і той дзяржаўнай падтрымкай, якая яму аказваецца.

Што да сёлетняга форуму, дык з верасня па снежань 2011-га ў краіне прайшлі абласныя і Мінскі гарадскі адборачныя туры фестывалю. У іх прымалі ўдзел прыкладна дзве з паловай тысячы канкурсантаў 33 нацыянальнасцей, што пражываюць на Беларусі. Рэспубліканскае журы адабрала 800 чалавек, якія і будуць удзельнічаць у заключным этапе фэсту, што пройдзе ў Гродне. У праграме свята, па традыцыі, запланаваны танцы, спевы, чытанне вершаў, гульні, дэгустацыя нацыянальных страў і многае іншае.

- З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца пры правядзенні такога значнага і маштабнага форуму?

- Самы вялікі клопат - забяспечыць жыллём усіх удзельнікаў. На жаль, у Гродне не так ужо і шмат гасцініц, месцаў для начлегу, таму гэтая праблема застаецца актуальнай сёння. Многія замежныя госці просяць запрашальнікі на гэтае мерапрыемства, але мы з-за названай прычыны часам вымушаны ім у гэтым адмаўляць. Яшчэ адна праблема - у тым, што ў Гродне пакуль няма вялікай прыстасаванай сцэнічнай пляцоўкі для выступлення падобнай колькасці ўдзельнікаў. Цяпер гарадскія ўлады будуюць у горадзе амфітэатр прыкладна на тысячу глядацкіх месцаў, каб вырашыць пытанне.

- У час правядзення адборачных тураў у рэгіёнах, наколькі мне вядома, даволі часта ўзнікае патрэба ў метадычнай падтрымцы з боку Цэнтра...

- Так, сапраўды, мы пакуль не ў стане забяспечыць напрацоўкамі ўсе патрэбы рэгіёнаў. Аднак, да прыкладу, нядаўна (з дапамогай прыватнай фірмы) разаслалі ў абласныя цэнтры дыскі, на якіх запісана шэсць фільмаў пра розныя нацыянальныя супольнасці: рускіх, палякаў, яўрэяўі, літоўцаў, татараў і цыганоў. Плануем самастойна рыхтаваць разнастайную метадычную літаратуру і перадаваць яе ў рэгіёны. З часам абавязкова наладзім выхад метадычнага весніка, каб рассылаць яго тым, хто мае цікавасць да нацыянальна-культурнай тэматыкі. А таксама стараемся больш шырока выкарыстоўваць магчымасці Інтэрнэта і размяшчаць на сайце ўсю інфармацыю.

- Тады, пэўна, варта задумацца і пра стварэнне ў сценах РЦНК бібліятэкі, а таксама прапаноўваць кнігі на сайце?

- Так. Цяпер, дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, у будынку Цэнтра ідуць пэўныя рамонтныя работы. Пасля іх завяршэння адно з памяшканняў будзе прыстасавана пад бібліятэку. Прычым у ёй прадставім не толькі кнігі ці часопісы, а і ўсю наяўную гукавую і відэаінфармацыю па нацыянальных супольнасцях Беларусі і суайчынніках за мяжой. Натуральна, частка запісаў будзе змешчана і на нашым сайце. Акрамя таго, каб палепшыць сувязь з рэгіёнамі, плануем ладзіць выязныя мерапрыемствы, калі зможам кансультаваць, ладзіць майстар-класы, прадстаўляць свае напрацоўкі.

- Наколькі сёння рэальная і дзейсная дапамога Рэспубліканскага цэнтра суполкам?

- Як вядома, пры РЦНК дзейнічае Кансультацыйны савет нацыянальных супольнасцей. На пасяджэннях гэтай арганізацыі іх прадстаўнікі вырашаюць праблемныя пытанні, плануюць і рэалізуюць сумесныя праекты. Менавіта дзякуючы дзейнасці Савета мы атрымалі зніжаную арэндную стаўку для памяшканняў, дзе размяшчаюцца 42 грамадскія аб'яднанні, што існуюць цяпер на Беларусі: на сёння яна складае 0,1 еўра за квадратны метр. Гэта нашмат менш, чым плацяць іншыя арганізацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Зазначу і тое, што на базе РЦНК рэгулярна праходзяць сумесныя мерапрыемствы з культурнымі цэнтрамі іншых краін.

- Міністэрства культуры надае сёння самую пільную ўвагу фарміраванню станоўчага іміджа Беларусі за мяжой і папулярызацыі айчыннай культуры ў іншых краінах... Зразумела, гэтую рэпрэзентацыю магчыма рабіць праз нашых суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой...

- Каб актывізаваць дадзеную дзейнасць, мы выступілі з прапановай аб заснаванні конкурсу на лепшы праект па папулярызацыі Беларусі за мяжой. Хочам задзейнічаць вопыт, напрацоўкі і ўвесь патэнцыял нашых суайчыннікаў, якія ўжо сёння дэманструюць найлепшыя дасягненні, культуру і мову беларускага народа. А тыя арганізацыі, што перамогуць у запланаваным конкурсе, атрымаюць каштоўныя падарункі, нацыянальныя касцюмы ды інструменты для калектываў, кнігі, аўдыя- і відэазапісы пра нашу краіну, каб і надалей развіваць сваю дзейнасць на карысць Беларусі. Пагадзіцеся, вельмі важная дакладная і праўдзівая інфармацыя пра нашу дзяржаву ў іншых краінах свету. І данесці яе найлепш змогуць якраз-такі суайчыннікі.

Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб зрабіць нашы кантакты больш цеснымі і плённымі. Так, пачалі прыцягваць суайчыннікаў за мяжой да ўязнога турызму ў нашу краіну. У рамках конкурсу Нацыянальнага агенцтва па турызме "Спазнай Беларусь", што адбыўся летась, мы заснавалі два прызы і ўручылі іх тым арганізацыям, якія паспрыялі павелічэнню турыстычнага прытоку беларусаў і гасцей з замежжа у нашу краіну. У намінацыі "За папулярызацыю ўязнога турызму" перамаглі Асацыяцыя беларусаў Эстоніі і адна з польскіх турфірм.

Дадам, што ў рэгіёнах пастаянна ідзе супрацоўніцтва з суайчыннікамі і ў эканамічным плане. Напрыклад, бізнесмен з Новасібірска пабудаваў у сваёй роднай вёсцы, што ў Кобрынскім раёне, тэнісны корт, адрэстаўраваў царкву, дапамог бібліятэцы і школе. І падобныя прыклады можна прыводзіць па ўсіх абласцях. А яшчэ пры непасрэднай падтрымцы дыяспар некаторыя рэгіёны Беларусі выйшлі на эканамічнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі свету. Напрыклад, Гомель і Сургут сталі гарадамі-пабрацімамі дзякуючы высілкам грамадскага аб'яднання "Беларусы Югры" - гэта адна з самых буйных арганізацый беларусаў у замежжы і наогул адно з найвялікшых згуртаванняў прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей Сібіры. Таму супрацоўніцтва з нашымі суайчыннікамі за мяжой абавязкова будзем працягваць і надалей.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"