Сіндром зачыненых дзвярэй бэлька з РаВАНІЧАЎ

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Пра марныя пошукі Суціна і трывожны адлік “маятніка”

Перакананы: у любым горадзе ці мястэчку не абысціся без бігбордаў ці расцяжак з рэкламай мясцовага музея. Прычым - на самым людным месцы. А калі ёсць замак (або палац) ці хаця б яго руіны - варта засведчыць і іх наяўнасць. Для чаго, спытаеце? Каб адзін аўтатурыст на тыдзень спыніўся і завітаў ва ўстанову культуры? Ад такіх "дывідэндаў" з продажу білетаў, зразумела, і выдаткі на размяшчэнне банера не пакрыеш. Але ж акурат тут пачынаюць дзейнічаць законы рэкламы і дыялектыкі.

Патрэбны такія захады, акром турыстаў, і... мясцовым жыхарам, каб апошнія маглі, скажам, з першага разу падказаць шлях госцю да той або іншай адметнасці, каб ведалі, што яны жывуць побач з перлінай дойлідства ці з'яўляюцца землякамі славутай асобы. І вонкавая рэклама - у гэтым выпадку, абсалютна сацыяльная - спрацуе на выдатна. Тым больш - ва ўмовах невялікага населенага пункта: пасля паказу таго самага музея раз-другі, у мясцовых жыхароў непазбежна ўзнікне інтарэс, чым жа іх край прыцягвае гасцей. І тут ужо пачынаецца дыялектыка: вада камень точыць.

Нагодай жа для разваг на гэтую тэму стала наведанне Смілавічаў і Раванічаў, што на Чэрвеньшчыне, у мінулую нядзелю. Паездка - не па рэдакцыйным заданні. Для сябе. А вось высновы з яе атрымаліся якраз-такі не прыватнага кшталту.

...Вуліца Рэвалюцыйная ў Смілавічах пачынаецца адразу за цэнтральнай плошчай, дзе з аднаго боку - царква, з іншага - будынак пасялковага і сельскага саветаў. Самы цэнтр. Шукаю музейную экспазіцыю "Прастора Хаіма Суціна", наведанне якой - адна з мэт паездкі. Ці, прынамсі, Цэнтр дзіцячай творчасці, дзе яна "прапісана". Аднак на смілавіцкай вуліцы Рэвалюцыйнай пра музейную адметнасць мястэчка - анізвання. Сам сабе адзначаю, што сітуацыя з мінулай восені, калі наш карэспандэнт Ілья Свірын добра паблукаў па мястэчку, "шукаючы Суціна", не змянілася.

Сустрэць мінака ў надвор'е, калі вясна з зімою дужаецца, складана. Ды вось, нарэшце, бабуля. Пытаюся ў яе: дзе ж месціцца музей на вашай вуліцы? І пачынае яна адказ так, нібыта вось-вось траплю ў атмасферу Суціна: "А я ж вам, дзеткі, усё падкажу! Я ж мясцовая, на вуліцы гэтай жыву ого колькі! Толькі... Няма ў нас ніякага музея..." Тады пытаюся пра Цэнтр дзіцячай творчасці. Карацей, сяк-так дарогу высветлілі. Але і па ўказаных "кардынатах" давялося колькі разоў перапытаць, пакуль не былі знойдзены "правільныя" дзверы. Праўда, зачыненыя - і без аніякай шыльды, якая засведчыла б наяўнасць "Прасторы Хаіма Суціна". Ды і ў мясцовым Турысцка-краязнаўчым цэнтры, уваход куды месціцца на суседнім ганку, у супрацоўнікаў - выхадны. А ў суседні музей, па словах вартаўніка,
"...прыязджалі некалі - таксама ў нядзелю, - дык шукалі па ўсім горадзе кагосьці, каб адчыніць дзверы". Ды вось толькі, ці адчынілі, ён не сказаў...

Ужо ў Мінску зверыўся з Інтэрнэтам: мо ёсць нейкая адмысловая вэб-старонка музейнай экспазіцыі, дзе можна зрабіць папярэднюю замову на візіт? Не, няма. Ды і апошнія падзеі, звязаныя са смілавіцкай "Прасторай..." ды зафіксаваныя ў Сеціве, датуюцца не гэтым і не мінулым годам, а часам, калі чарговы праект прывезла сюды Нацыянальная камісія па справах UNESCO і Нацыянальны мастацкі музей... Затое маюцца турыстычныя маршруты "Смілавіцкая мазаіка", што ўключаюць наведанне і суцінскага кутка. Што ж, мо арганізаванаму турысту пашанцуе судакрануцца з Парыжам?

Але вернемся ў Смілавічы. Гэтак жа "проста", як і музей, у мястэчку было знайсці палац, што складаецца з дзвюх частак розных стыляў ды эпох. Адна з іх - мае выгляд руіны, іншая - досыць прыстойна захавалася, прыдбаўшы, праўда, прыбудову савецкага часу. Дык вось, меркаванні выпадкова сустрэтых мінакоў, мужа і жонкі, наконт шляху да помніка мінуўшчыны разышліся. Бы ў анекдоце, яны з упэўненасцю паказалі ў розныя бакі: "Туды!". Даверыўшыся жаночай інтуіцыі, выйшаў акурат да мэты. Урэшце, смілавіцкаму палацу, у параўнанні з раваніцкім, што пабачыў пазней, ой як пашанцавала. Відаць, знаходжанне на тэрыторыі прафесійнага каледжа паўплывала на наяўнасць агароджы ды ахоўнай дошкі, пэўную знешнюю ахайнасць. Хаця "слядоў чалавека" звонку і ўнутры - нямала: як шкляных, так і пластмасавых. Іншая справа, што адсутнасць увагі, у тым ліку і праз нястачу рэкламы, робіць гэты палац Манюшкаў за якія трыццаць кіламетраў ад Мінска сапраўднай "terra incognita" для вандроўніка. А кошт пытання, падаецца, - усяго толькі пару бігбордаў, прынамсі, у самім мястэчку...

...Прыехаўшы ў Раванічы, што кіламетраў за шэсцьдзясят ад Смілавічаў, захацелася, каб у колішні палац Слатвінскіх, што пасля пераезду мясцовай бальніцы недзе з чвэрць стагоддзя таму знялюдзеў, уваход не быў вольным. Чаму? Станьце насупраць фасада - адразу ўбачыце ўсе тыя варонкі, дзе дахоўка зеўрае вялізнымі дзірамі, а проста над уваходам, амаль у вертыкальным становішчы, "завісла" масіўная бэлька - відаць, элемент колішніх перакрыццяў. І кожны парыў ветра ператварае яе ў гранічна небяспечны маятнік, які, хто ведае, мо і адлічвае час чыйгосьці жыцця.

Падобнага кшталту куткоў у палацы, што і сёння ўражвае сваімі каланадамі ды масіўнай архітэктурай, багата. А мо гэта толькі погляд уражанага турыста? Пра тое, што мясцовыя жыхары звыкліся са становішчам, сведчаць усё тыя ж праславутыя "сляды чалавека", якія густа раскіданы па ўсёй тэрыторыі, прылеглай да помніка, і ў ім самім. Нават напружвацца не трэба, каб зразумець: больш за палову забарон, зафіксаваных на шыльдачцы батанічнага помніка "Парк Раванічы", тут парушаецца, відаць, рэгулярна...

І ўсё ж праз старонкі газеты хацелася б запытацца ў раваніцкага кіраўніцтва, аддзела культуры райвыканкама ды і наогул раённай улады Чэрвеньшчыны: няўжо палац гэты вам настолькі не патрэбны? Няўжо прасцей дачакацца, крый божа, няшчасных выпадкаў, каб пачаць дзейнічаць, заявіўшы свае намеры, прынамсі, па кансервацыі будынка? Хіба прадпрыемствы раёна не змогуць акумуляваць неабходныя сродкі, прынамсі, на першачарговыя захады ў гэтым кірунку? Усё ж аб'ект не абы-які: уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ды і перспектыва прыстасавання ў яго не такая ўжо і туманная.

На дзіва, нават камяніца касцёла - ці не канца XVI стагоддзя - у тым жа паселішчы, што, прынамсі, гадоў трыццаць з гакам стаіць без дзвярэй і даху пасля пажару, не пакінула такога ўражання, як колішні палац у атачэнні векавых дрэў і двух ставоў. І зноў-такі - хоць бы якая адзнака тых цалкам матэрыяльных скарбаў мінулага, што маюцца ў Раванічах. Для турыстаў? Ды хоць бы для сваіх, мясцовых, жыхароў.

А яны, дарэчы, зрабілі сабе "самаідэнтыфікацыю", прыбраўшы ў назве паселішча на прыпынку грамадскага транспарту другую літару. Вось і ўязджаеш, атрымліваецца, зусім не ў Раванічы, а ў... Жарт? Толькі сумны. Цікава, ці звярнулі ўвагу на яго канатацыю, закладзеную, мо і падсвядома мясцовымі жыхарамі, чэрвеньскія ідэолагі?..

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах