"Не руйнаваць" і "захаваць". Ці “адкручваць назад” праз два гады?

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Ці можна замяніць помнік спадчыны памятнай таблічкай?

/i/content/pi/cult/371/7206/1-2.jpeg

Дыскусіі сярод прафесіяналаў - звыклая справа. Але гэтае рашэнне Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята аднагалосна. Праект рэзалюцыі, агучаны старшынёй рады - намеснікам міністра культуры краіны Віктарам Курашам, не выклікаў пярэчанняў. Ніхто не прагаласаваў супраць і ніхто не ўстрымаўся.

У рамках падрыхтоўкі горада Горкі да правядзення Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла "Дажынкі" распачалася звыклая ў такіх выпадках кампанія ачысткі вуліц ад "друзу". Толькі вось у гэтую катэгорыю нейкім чынам трапілі і тры старыя будынкі з комплексу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Мясцовая інтэлігенцыя ўспрыняла такую задуму, мякка кажучы, неадназначна.

Для таго, каб расставіць усе кропкі над "і", старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік выступіў з ініцыятывай правядзення ў Горках выязнога пасяджэння Навукова-метадычнай рады. Яе членам прапанавалася разгледзець магчымасць выключэння згаданых будынкаў з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Кампетэнтныя эксперты аднадушна адхілі гэтую прапанову як неадпаведную ні айчыннаму заканадаўству, ні дзяржаўнай палітыцы ў галіне культуры, ні аб'ектыўнай архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасці саміх аб'ектаў. Рашэнне - прынята. Але пытанні ўсё ж засталіся. Бо паміж паняццямі "не руйнаваць" і "захаваць" ёсць выразная семантычная розніца.

Ілюстрацыя гісторыі і парад стыляў

Найстарэйшая ВНУ краіны ад самага пачатку сваёй 170-гадовай гісторыі з'яўлялася "сэрцам" Горак. І больш чым заканамерна, што менавіта на яе тэрыторыі паўстане галоўная пляцоўка "Дажынак-2012". Тры "спрэчныя" камяніцы маюць трапіць у самы эпіцэнтр свята. А выгляд у іх сёння - зусім несвяточны. Таму і паўстала пытанне...

Гэтыя будынкі належаць да розных часоў ды архітэктурных стыляў. Былы таксатарскі корпус па цяперашняй вуліцы Ціміразева паўстаў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На пачатку стагоддзя наступнага да яго быў прыбудаваны інтэрнат, выкананы ў актуальнай на той час стылістыцы мадэрна. А ў 1930-я, калі навучальная ўстанова атрымала "другое дыханне", з'явіўся і "аскетычны" па сваім выглядзе канструктывісцкі будынак па вуліцы Мічурына. Як мяркуецца, аўтарам яго праекта быў знакаміты Георгій Лаўроў .
/i/content/pi/cult/371/7206/1-3.jpeg
- Гэтыя будынкі нібы ілюструюць гісторыю Акадэміі, важныя этапы яе станаўлення, - адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

Найстарэйшы з будынкаў атрымаў статус помніка спадчыны яшчэ ў 1980-я, а вось астатнія два - зусім нядаўна, у пазамінулым годзе. І тут раптам было вырашана "адкруціць" назад!

- Дык што, за няпоўныя два гады тыя вартасці будынкаў, праз якія ім быў нададзены статус, раптам кудысьці зніклі? - іранізаваў з гэтай нагоды старшыня Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч.

Матывацыі такіх "пературбацый" былі акрэслены наступным чынам: "...У сувязі з састарэласцю будынкаў і значнасцю фінансавых выдаткаў на іх рэканструкцыю".

У лядашчасці сумнявацца не выпадала. "Мадэрнавы" будынак інтэрната ўжо адселены і некалькі гадоў пустуе, у двух іншых яшчэ пакуль жывуць людзі. Зрабіўшы крок па ўшчэнт прагнілай падлозе, адразу разумееш, чаму "тубыльцы" адрэагавалі на з'яўленне "дэлегацыі з Мінска" даволі эмацыйна.

 Як адзначыў рэктар Сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Курдзека, жыльцы напаўаварыйных дамоў ужо зусім неўзабаве пераселяцца ў новыя кватэры з усімі сучаснымі выгодамі. А на месцы тых будынкаў плануецца стварыць прыгожую паркавую зону для студэнтаў. Ёсць нават ідэя, як можна увекавечыць памяць пра страчаныя пабудовы!

- Чаму б не маркіраваць тое месца, дзе яны размяшчаліся, нейкімі памятнымі знакамі альбо нават асобнымі фрагментамі муроў? - прапанаваў рэктар.

Віктар Кураш і іншыя члены рады падрабязна патлумачылі прыхільнікам таго рашэння, чаму яно не з'яўляецца слушным.

Адметнасць або друз?

Некаторыя жыхары Горак не хаваюць свайго скепсісу: маўляў, хіба вартыя тыя непрыглядныя ды лядашчыя камяніцы нейкай увагі ды адмысловага стаўлення? Аднак спецыялісты ў галіне архітэктуры маюць на гэты конт прынцыпова іншае меркаванне. Вось вытрымкі з даведкі, падрыхтаванай дэканам факультэта архітэктуры БНТУ, доктарам архітэктуры Арменам Сардаравым і доктарам архітэктуры Сяргеем Сергачовым:

"Мадэрнавы" інтэрнат:
"...Узораў архітэктуры гэтага высокамастацкага напрамку, які існаваў у айчыннай архітэктуры не больш за паўтара дзесяцігоддзя, захавалася ўсяго па адным-два ў буйных гарадах Беларусі, у малых яны надзвычайна рэдкія. Дзякуючы гэтаму будынку комплекс Сельгасакадэміі з'яўляецца адзіным архітэктурным ансамблем на Беларусі, у якім прадстаўлены ўсе мастацкія стылі ХІХ і ХХ стагоддзяў..."

Былы таксатарскі корпус: "...Архітэктура характарызуецца цэласным мастацкім рашэннем рэтраспектыўнай скіраванасці, якая ў тыя гады пачала фарміравацца. Гэта найстарэйшы з захаваных будынкаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на Беларусі. Ён з'яўляецца неад'емнай часткай ансамбля Акадэміі, падтрымліваючы гістарычнасцю сваёй архітэктуры і выразнасцю дэталей той асаблівы маштаб навучальнага асяроддзя, які захаваўся ў гэтай частцы Горак..."

Канструктывісцкі жылы дом па вуліцы Мічурына: "...З'яўляецца прыкладам усвядомленага ўключэння ў ансамбль Акадэміі ўзору авангарднай архітэктуры 30-х гадоў, які існаваў не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ў многіх краінах Еўропы. Будынак мае гісторыка-культурнае значэнне, адлюстроўваючы сваёй архітэктурай важны перыяд гісторыі Акадэміі і грамадскія змены, звязаныя з сацыялістычным будаўніцтвам..."

Як падкрэсліў Віктар Кураш, гісторыка-культурную вартасць гэтых дамоў нельга ацэньваць па-за кантэкстам: яны з'яўляюцца складнікам ансамбля Акадэміі.

- Гэта ансамбль папраўдзе еўрапейскага маштабу, - адзначыў навуковы кіраўнік праекта ўзнаўлення гістарычнага цэнтра Мінска Сяргей Багласаў. - І таму выключную важнасць мае дбайнае захаванне кожнага з яго элементаў. Яго зберажэнне павінна стаць амбітнай задачай для горада і вобласці...

Яшчэ адна невялічкая даведка. На тэрыторыі Акадэміі статус помніка маюць ажно 15 пабудоў (стары "склепавы" флігель і ўжо нашумелы дамок, у якім пару гадоў жыў Максім Гарэцкі, у Дзяржспісе не значацца і таму вырачаны на знос). Гэта больш, чым ва ўсім астатнім Горацкім раёне, дзе старыя будынкі можна пералічыць на пальцах адной рукі!

Пра "эканамічную

мэтазгоднасць"

Галоўны аргумент на карысць дэмантажу - вялікая ступень зношанасці пабудоў: да 70%! Таму спецыялісты профільных арганізацый, якія правялі адмысловыя даследаванні, прыйшлі да высновы, што рамонтныя работы з'яўляюцца "эканамічна немэтазгоднымі". Бо пабудаваць такія самыя дамкі з нуля будзе каштаваць ледзь не ў разы танней за іх рэстаўрацыю.

Члены рады звярнулі ўвагу на адну акалічнасць: аўтары згаданага экспертнага заключэння неяк зусім не ўлічылі, што будынкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Калі б не гэтая дэталь, прынцып "эканамічнай мэтазгоднасці" быў бы цалкам дарэчны.

- Не сумняваюся ў тым, што гэтае заключэнне, падрыхтаванае сур'ёзнымі арганізацыямі, можна лічыць аб'ектыўным, - адзначыў памочнік гендырэктара РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза" Іван Жураўлёў. - А вось высновы, як падаецца, з'яўляюцца неправамернымі...

Закон Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны абумоўлівае ўсе тыя выпадкі, калі аб'ект можа быць выключаны з Дзяржаўнага спіса. Кепскі стан захаванасці ў гэтым даволі сціслым пераліку адсутнічае.

- Калі б наша стаўленне да гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначалі іх тэхнічныя характарыстыкі, у свой час нам давялося б знесці і Нясіжскі замак, і Мірскі, - дадаў Ігар Чарняўскі. - Іх стан некалі быў не лепшы, чым сёння  - у гэтых будынкаў...

Урэшце, члены рады знайшлі і яшчэ адзін контраргумент пазіцыі "мэтазгоднасці" - гэтым разам ужо з той самай эканамічнай "оперы". А што, няўжо сам знос старых камяніц не запатрабуе выдаткаў, не кажучы ўжо пра добраўпарадкаванне вызваленага месца? Гэта толькі ў народзе кажуць: каб руйнаваць, шмат розуму не трэба. Насамрэч, дэмантаж пабудовы ў насычаным жыццём атачэнні ўяўляе з сябе досыць складаную і затратную інжынерную аперацыю.

Натуральна, члены рады не маглі абмінуць увагай і яшчэ адно пытанне: чаму ж тыя будынкі апынуліся ў сваім цяперашнім незайздросным стане? Зразумела, што для гэтага спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе інтэнсіўнай іх эксплуатацыі. І калі б ёй спадарожнічалі своечасовыя прафілактычныя захады, прызначаныя перадухіляць звыклыя "хваробы" падмуркаў ды сц/i/content/pi/cult/371/7206/1-1.jpegен, высновы згаданай вышэй экспертызы, мабыць, былі б крыху іншыя. Тым больш, варта нагадаць, што былы таксатарскі комплекс мае статус помніка спадчыны яшчэ з пачатку 80-х гадоў.

І яшчэ. Як слушна адзначыў Анатоль Бутэвіч, выключэнне падобных аб'ектаў з Дзяржаўнага спіса можа стварыць вельмі небяспечны прэцэдэнт. Як вядома, вельмі многія нашы помнікі знаходзяцца не ў найлепшым стане, і дзе гарантыя, што такі "лёгкі" прыклад вырашэння іх праблем не стане заразлівым? І тады замест непрыглядных спаруд з'явяцца новыя прыгожыя таблічкі з надпісам "На гэтым месцы стаяў...".

Музей, альбо

фітнес-клуб, альбо...

Карацей кажучы, для рэкрэацыйнай зоны, мабыць, давядзецца пашукаць нейкае іншае месца, і, зважаючы хаця б на вялізную тэрыторыю Акадэміі, можна меркаваць, што гэтая праблема больш чым вырашальная. Але... Кропку тут ставіць усё адно зарана. Думку, якая літаральна лунала ў паветры, агучыў галоўны архітэктар Горацкага раёна Віктар Бяляеў:

- Наўрад ці нехта запярэчыць меркаванню членаў рады, але ж тут паўстае пытанне: што рабіць далей? І пад час падрыхтоўкі да фестывалю, і ўжо пасля яго правядзення. Бо, зразумела, калі аб'екты будуць пуставаць, яны будуць разбурацца і далей. Таму маю вялікую просьбу "падказаць" адказ на гэтае пытанне...

Уласна, другая частка пасяджэння і была прысвечана пошукам гэтых адказаў - датычных як першачарговых захадаў, так і перспектыўнага функцыянальнага прызначэння. Тым больш, ніякіх ідэй наконт магчымага прыстасавання старых будынкаў кіраўніцтва Акадэміі не мае - і гэта, дарэчы, з'яўлялася яшчэ адным аргументам на карысць іх зносу. Фінансаў для правядзення рэстаўрацыі няма і пакуль не прадбачыцца, а тэрміны - падціскаюць.

І сапраўды, у сённяшнім сваім стане тыя камяніцы глядзеліся б бяльмом у святочнай палітры "Дажынак". Часу на рэстаўрацыю ўжо ў любым выпадку не хопіць. Як магчымы варыянт выйсця з гэтай сітуацыі Віктар Кураш прапанаваў пакуль абмежавацца касметычна-"фасадным" рамонтам ды першаснымі супрацьаварыйнымі мерапрыемствамі, каб вярнуцца да пытання ўжо пасля свята, у спакойнай атмасферы. І ўжо тады атрымаць канчатковы адказ на яго.

- Сёння трэба знайсці незатратны спосаб надання гэтым будынкам эстэтычнага выгляду, унікнуўшы прымянення "агрэсіўных" матэрыялаў, - лічыць Ігар Чарняўскі, - з тым, каб пасля вярнуцца да пытання і знайсці магчымасць рэстаўрацыі ды прыстасавання. Паверце, таму, хто стукае, адчыняюць...

Доктар гістарычных навук Вольга Ляўко звярнула ўвагу на адну акалічнасць: музей Акадэміі сёння месціцца ў сучасным будынку, - хаця куды лагічней было б распавядаць пра гісторыю ўстановы менавіта ў тых сценах, дзе яна, лічы, пачыналася. Віктар Кураш развіў гэтую думку: чаму б не стварыць у Горках адмысловы музей сельскай гаспадаркі, які ў цікавай форме адлюстроўваў бы развіццё агратэхналогій з часоў старажытнасці? Так, праект затратны, але... Цяжка не пагадзіцца з яго ідэалагічнай актуальнасцю. А намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Наталля Карнеева распавяла пра задуму перавесці ў таксатарскі корпус Раённы дом рамёстваў, які цяпер знаходзіцца ў прыстасаваным будынку...

Усе гэтыя варыянты выглядаюць цалкам дарэчнымі - няхай сабе, і не ў самай блізкай перспектыве. Балазе пытанне "Для каго?" у дадзеным выпадку нават не паўстае. У Акадэміі навучаецца каля пятнаццаці тысяч чалавек, з іх 600 - замежныя студэнты. Пра такую колькасць наведвальнікаў за год большасць рэгіянальных музеяў можа толькі марыць. І гэта нават без уліку "гіпатэтычных" пакуль турыстаў!

Цяперашняя моладзь з'яўляецца ці не самым актыўным ды патрабавальным спажыўцом разнастайных паслуг. Адсюль і яшчэ адзін варыянт: можна паспрабаваць знайсці для гэтых будынкаў інвестараў. Пад фітнес-клуб, інтэрнэт-кавярню або, скажам, салон прыгажосці. У такім месцы вольная ніша заўсёды знойдзецца. А нарматыўная база для перадачы занядбаных помнікаў спадчыны "ў добрыя рукі" амаль задарма ўжо неўзабаве мае быць поўнасцю сфарміравана.

Урэшце, ёсць і яшчэ адзін варыянт: прыстасаванне жылых дамоў... ізноў пад жытло. Як адзначыў Ігар Чарняўскі, ёсць сэнс задумацца пра ўмовы льготнага крэдытавання для тых, хто хоча займець кватэру ў помніку спадчыны ды гатовы спрычыніцца да яго рэстаўрацыі.

 Калі гістарычныя руіны месцяцца пасярод чыстага поля альбо, скажам, у зоне адсялення, тут і сапраўды можна пагадзіцца: варыянтаў іх прыстасавання не існуе. Іншая справа - эпіцэнтр таго віру, якім з'яўляецца Сельскагаспадарчая акадэмія. На яе балансе знаходзяцца 84 будынкі, праектуюцца новыя... Установа перажывае чарговы віток свайго развіцця. І таму папраўдзе цяжка паверыць у тое, што ў такой вялікай гаспадарцы не знойдзецца прызначэння для трох сціплых камяніц. Галоўнае - не ставіцца да іх як да "адрэзанай лусты".

- Адна з задач нашай ВНУ - не толькі навучыць прафесіі, але і выхаваць любоў да сваёй краіны, прывіць пачуццё прыгожага, - адзначыў рэктар Сельскагаспадарчай акадэміі. - Мы прагнем, каб наш выпускнік, стаўшы дырэктарам гаспадаркі або старшынёй райвыканкама, рабіў у сябе тое, што ён бачыў у Акадэміі...

Гэта папраўдзе высакародная мэта. І няма ніякага сумневу ў тым, што складнік патрыятызму і хараства - не толькі тое ж добраўпарадкаванне, але і стаўленне да гістарычнай спадчыны. Тым больш, менавіта ад кіраўнікоў "на месцах", перадусім, залежыць лёс многіх нашых архітэктурных перлін.

Як вядома, слова "культура" этымалагічна звязана менавіта з земляробствам. Але сёння гэтае паняцце мае ўсё ж больш шырокі сэнс і датычыцца не толькі "хлеба штодзённага".


наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Горкі - Мінск