У Дзень тэатра і не толькі

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

На ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі колькасць намінацый будзе пашырана.

26 сакавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню тэатра.

Як зазначыў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, сёння ў Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 27 дзяржаўных тэатраў.
У 2011-м выйшла прыкладна 140 новых пастановак, з іх 53 - па творах айчынных аўтараў. Таксама за мінулы год званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь" было прысвоена Гродзенскаму абласному драматычнаму тэатру і Тэатру-студыі кінаакцёра.

Па словах Уладзіміра Карачэўскага, сёлета плануецца правесці чарговую Нацыянальную тэатральную прэмію, прычым колькасць намінацый гэтага конкурсу будзе пашырана. Таксама ў маі бягучага года ў Мінску адбудзецца Оперны форум маладых выканаўцаў дзяржаў - удзельніц СНД, у якім чакаецца ўдзел і прадстаўнікоў краін Балтыі ды Грузіі.

Міністэрства культуры, падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі, стварае ўсе ўмовы для развіцця беларускага тэатральнага мастацтва. Штогод дзяржава павялічвае фінансаванне тэатраў, і дзякуючы гэтай падтрымцы ў Беларусі з'яўляюцца новыя цікавыя пастаноўкі. Да таго ж, па словах першага намесніка міністра культуры краіны, да канца 2013-га плануецца завяршыць Праграму рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння дзяржаўных тэатраў Беларусі на 2004 - 2013 гг. Сярод аб'ектаў яе ўвагі сёння - Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, тэатры ў Гродне, Слоніме і Брэсце.

26 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адбылося ўручэнне прэмій імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Ушакова.

Упершыню лаўрэатамі конкурсу сталі адразу два мастакі: Валянціна Праўдзіна (за сцэнаграфію да спектакля "Вельмі простая гісторыя" М.Ладо) і Любоў Сідзельнікава (за сцэнаграфію да спектакля "Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара" Г.Даніцэці).

Сёлета супрацоўнікі музея зрабілі выстаўку, дзе наведвальнікі змаглі ўбачыць як творы Івана Ушакова, так і сцэнаграфію сучасных тэатральных мастакоў.

А 27 сакавіка ўручалася прэмія Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка".

Упершыню ўзнагароду атрымалі адразу тры лаўрэаты: народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, знакаміты харэограф Валянцін Елізар'еў, вядучая салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, народная артыстка Беларусі Наталля Руднева і вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак.

Прыз "Крыштальны анёл" быў уручаны сцэнографу Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аліне Фаміной, "Крыштальная зорка" прысуджана вядучай артыстцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлане Жукоўскай, узнагарода "Крыштальная кветка" - у руках актрысы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай. Прыз "Натхненне" атрымаў дырэктар Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі Аляксандр Козак.