Надзея ЕРМАКОВА, старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь: “Для бізнесу важна дапамагаць культуры”

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

“Талент заўжды будзе прыцягваць увагу інвестараў”

/i/content/pi/cult/371/7202/2-1.jpeg


"Я слаўлю Жанчыну", - так паэтычна прамовіла старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" Надзея ЕРМАКОВА пад час свайго выступлення на ўрачыстым узнагароджанні пераможцаў ІV Рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года", што адбылося напрыканцы мінулага тыдня. Дарэчы, сярод пераможцаў спаборніцтва ёсць і жанчыны, чый лёс звязаны з культурай.

Скарыстаўшыся нагодай, карэспандэнт "К" у нязмушанай абстаноўцы прыгожага жаночага балю задаў колькі пытанняў Надзеі Андрэеўне, фундатару (яшчэ з часоў, калі яна доўгія гады з'яўлялася старшынёй Праўлення АСБ "Беларусбанк") шматлікіх сацыяльных ініцыятыў. Якія ж асабістыя культурныя прыхільнасці Надзеі Ермаковай? А яе меркаванні як патэнцыйнага інвестара культурных праектаў? Пра гэта і не толькі - эксклюзіўная гутарка на старонках газеты "Культура".

- Надзея Андрэеўна, вынікі конкурсу "Жанчына года" падводзяцца ўжо чацвёрты раз. Больш за 20 гадоў дзейнічае грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын". На Вашу думку, наколькі ўплывовай за гэты час стала арганізацыя ў плане фарміравання новага іміджа жанчыны ў сучасным свеце?

- Тое, што сёння на цырымоніі ўзнагароджання прысутнічалі вельмі ўплывовыя фігуры грамадска-палітычнага і культурнага жыцця краіны - як жанчыны, так і мужчыны, - сведчыць: Беларускі саюз жанчын з'яўляецца арганізацыяй вядомай. Так, мы гуртуем вакол сябе актыўных, працавітых, інцыятыўных, таленавітых жанчын. Нашу дзейнасць паважаюць у "мужчынскім свеце". І тое, што да нас прыйшлі такія асобы, як генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, бізнесмен Яўген Шыгалаў, не кажучы пра моцны жаночы склад нашага прэзідыума - прыкмета таго, што Саюз - паважаная і ўплывовая структура.

- Наколькі важкі ўклад у арганізацыю ўносяць прадстаўніцы культурнай сферы?

- Як вы сёння маглі заўважыць па складзе намінанатаў і пераможцаў, жанчыны, якія прадстаўляюць галіну культуры, - адны з самых актыўных членаў нашай арганізацыі, увогуле адны з найбольш руплівых і дзейных натур. Але цяжка вылучаць выключна работнікаў і дзеячаў культуры ў кагорту "самых-самых", бо, па сутнасці, жанчыны, якія працуюць з людзьмі, - а гэта і педагогі, і медыкі, - яны з'яўляюцца прыкладам асоб, адданых справе і краіне. Лічу, усе жанчыны, занятыя ў сацыяльнай сферы, працуюць з імпэтам і душой.

- Надзея Андрэеўна, хацелася б даведацца пра Вашы асабістыя ўражанні ад сустрэчы з дасягненнямі культуры, з мастацтвам. Цікава, які твор мастацтва, з'ява культуры вылікала станоўчыя эмоцыі, душэўны водгук?

- Ведаеце, па прафесіі я - эканаміст, і калі быць шчырай, то мне рэдка даводзіцца бываць у музеях, тэатрах, наведваць канцэрты. Таму цяжка зараз вылучыць пэўнае моцнае ўражанне ад сустрэчы з творам высокага мастацтва. Але, з іншага боку, на цырымоні мы адзначылі актрыс Марыю Захарэвіч і Наталлю Гайда. Магу сказаць, што іх сцэнічныя работы выклікаюць у мяне павагу і захапленне. Як і творчасць народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава. Мне падабаецца тэмбр ягонага голасу, стыль, народнасць. Гэта тая культура, якая мне блізкая. Напэўна, гэтыя постаці першымі зараз прыходзяць мне на памяць...

- Магчыма, Вам прыйшоўся даспадобы якісьці з апошніх беларускіх фільмаў?

- Так, вы маеце рацыю. Мяне моцна ўразіла адна з апошніх карцін кінастудыі "Беларусьфільм" - "Талаш" - з народным артыстам Беларусі Генадзем Гарбукам у галоўнай ролі. Я нават запытала Алега Сільвановіча пра магчымасць займець копію стужкі. І ён абяцаў, што дашле дыск.

- "Талаш" зняты паводле аповесці Якуба Коласа, 130-годдзе з дня нараджэння якога шырока адзначаецца сёлета. А ці ўдаецца Вам знайсці час для чытання кніг?

- Гэта для мяне, у сувязі з вялікай занятасцю, цяпер вельмі дарагое задавальненне. Нават на цырымонію ўзнагароджання жанчын прыйшла толькі таму, што гэты час кампенсую выхадам на работу ў выхадныя. Таму, на жаль, такой раскошы, як час для чытання мастацкай літаратуры, сёння не маю. У цэнтры маёй ўвагі - кнігі эканамічнай тэматыкі, навіны, Біблія.

- Але, магчыма, усё ж такі пэўны твор ляжыць на століку ў вашым пакоі?

- Так. Гэта Евангелле і спецыяльнае выданне "Як правільна маліцца".

- А на рабочым стале?

- А рабочы стол, паверце, завалены паперамі і самымі рознымі дакументамі...

- Надзея Андрэеўна, калі мы закранулі Вашу працоўную дзейнасць як старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, то хацелася б даведацца пра меркаванне прафесійнага эканаміста на конт сферы культуры як патэнцыйнага аб'екта ўвагі банкаўскай супольнасці. Якіх якасцей сферы культуры не стае, з пункта гледжання бізнесу, і, наадварот, якія рысы з'яўляюцца прывабнымі для інвестараў?

- Мне, прызнаюся, нават складана адказаць на ваша пытанне як прафесіяналу. Але як чалавек магу зазначыць: на маю думку, такая якасць, як талент, заўжды будзе прыцягваць увагу інвестараў ды каго заўгодна. Калі ж няма прыроднага дару, людзі, да прыкладу, "прыкрываюцца" камп'ютарнымі тэхналогіямі ці "фанерай". Сапраўдны твор мастацтва, лічу, уразіць і таго чалавека, які нічога, здавалася б, у гэтым не разумее. І менавіта такое мастацтва - шчырае, высокае, таленавітае - выклікае павагу.

- А як Вы лічыце, ці патрэбна патрымка таленту, або ён, паводле распаўсюджанага меркавання, "праб'ецца сам"?

- Безумоўна, патрэбна! Калі культура будзе выключна станавіцца на рыначныя рэйкі, лічу, ад гэтага мы ўсе толькі страцім. Глядзіце: ніхто не будзе спрачацца з тым, што, да прыкладу, поп-гурт прыцягне ўвагу масавага гледача. А вось канцэрт сімфанічнай музыкі - толькі абраных. І таму належыць дапамагчы высокаму мастацтву захавацца, развівацца і працягваць быць даступным. Тое ж самае - і з тэатрам, выяўленчым мастацтвам, харэаграфіяй: кожны творца варты дастойнай аплаты і ўвагі гледача ды дзяржавы. Менавіта таму, на маю думку, для бізнесу важна дапамагаць культуры.

- І апошняе пытанне. Усё ж такі, нягледзячы на занятасць, якое культурнае мерапрыемства Вы хацелі б наведаць?

- Шчыра прызнацца, даўно мару паслухаць канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Вось вы мне зараз сказалі, і я згадваю, што ў хуткім часе маэстра ладзіць чарговы канцэрт. Трэба ўсё ж такі неяк адшукаць час і пайсці на яго...


Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"