Праз месяц Маладзечна на чатыры дні стане фартэпіяннай сталіцай краіны: 26 - 29 красавіка тут пройдзе Х Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі. Яго арганізатарам выступае Міністэрства культуры краіны сумесна з упраўленнем культуры Мінаблвыканкама.
Удзельнікамі конкурсу стануць навучэнцы сярэдняга звяна, але іх колькасць будзе строга абмежаванай: кожная спецыяльная навучальная ўстанова мае права даслаць не больш за двух канкурсантаў. Так што першы адборачны этап конкурсу, які не праходзяць толькі замежныя ўдзельнікі, ужо, можна сказаць, пачаўся: з імёнамі сваіх прадстаўнікоў музычныя вучылішчы і каледжы павінны канчаткова вызначыцца да 10 красавіка, калі заканчваецца прыём заявак.
Прэстыжнасць гэтага конкурсу, у адрозненне ад многіх іншых, што ладзяцца ў свеце, вызначаецца не ўласна грашовай каштоўнасцю прэмій ды прызоў. Усе яго лаўрэаты, як пацвердзіў намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры краіны Анатоль Мукалаў, спасылаючыся на Правілы прыёму, атрымліваюць права быць залічанымі ў Акадэмію музыкі без здачы ўступных іспытаў. Таму правядзенне такіх конкурсаў становіцца, па сутнасці, працягам шматлікіх захадаў па мэтанакіраваным пошуку найбольш адораных і перспектыўных музыкантаў. У творчых ВНУ такога профілю апрыёры не можа быць надта высокага, у параўнанні з іншымі сферамі, уступнага конкурсу, бо выпадковых абітурыентаў тут не бывае: да кожнага "прыглядаюцца" на працягу ўсяго ранейшага навучання.
Склад журы Рэспубліканскага адкрытага конкурсу не будзе перавышаць сямі чалавек. А каб не ўзнікала сумневаў у справядлівасці яго рашэнняў, члены "судзейскай калегіі" маюць адно абмежаванне: яны не могуць удзельнічаць у галасаванні за сваіх вучняў ці сваякоў. Прапісаны ва ўмовах конкурсу і крытэрыі ацэнкі выступленняў. Гэта не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства (іншымі словамі, навучанасць юнага музыканта), але і яркасць ягонай індывідуальнасці, а таксама пачуццё стылю - уменне дакладна перадаць стылёвыя адметнасці абраных для праграмы твораў. Падобныя падыходы да "судзейства" ў галіне мастацтва ўжо добра зарэкамендавалі сябе ў сусветнай конкурснай практыцы.
Хутка будзе зацверджаны канчатковы склад журы і ўдзельнікаў. Парадак выступленняў канкурсантаў будзе вызначаны, як заўсёды, лёсаваннем, якое адбудзецца ўжо па прыбыцці канкурсантаў. Месца ж правядзення конкурсных праслухоўванняў вядома даўно: сёлета гэта Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага.
Н.Б.