У памяць пра святую

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Гэтымі днямі распачнуцца святочныя ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай.

У прыватнасці, 31 сакавіка будзе адслужаны малебен у адзіным у свеце праваслаўным храме, асвечаным у гонар святой, пасля чаго адбудзецца адкрыццё помніка славутай княгіні, аўтарам якога стаў Міхаіл Інькоў.

Па словах епіскапа Барысаўскага Веніяміна, вікарыя Мінскай епархіі, у вобразе святой праведнай княгіні грамадства ўбачыць узор дабрадзейнасці. Акрамя таго, па яго словах, сёлета будзе шырока адзначацца 1020-годдзе праваслаўя на нашых землях, а таксама юбілей самага старога храма на тэрыторыі беларускай сталіцы - Свята-Петрапаўлаўскага, якому ў ліпені споўніцца 400 гадоў.

Сярод урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтых знакавых дат, чакаюцца Мінскія епархіяльныя чытанні, што адбудуцца 3 мая. Сумесна з Міністэрствам культуры нашай краіны плануецца правядзенне дабрачынных канцэртных праграм і тэатральных пастановак, а таксама святочнага канцэрта харавой музыкі з удзелам прафесійных харавых калектываў і царкоўных хораў.

Варта таксама адзначыць, што скульптура ўшанаванай святой і апошняй княгіні Слуцка,  - адна з шэрагу праектаў манументальнага мастацтва, праца над якімі вядзецца ў дадзены момант. Таксама, як паведамілі карэспандэнту "К" у Мінгарвыканкаме, ідзе конкурс на стварэнне скульптурнай кампазіцыі "Слова аб палку Ігаравым", вынікі якога мусяць быць падведзены ўжо ў чэрвені.

Наш кар.