Прычал “Славянскага базару…”

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Неўзабаве ў Віцебску распачнуцца аглядавыя экскурсіі. Ахвотныя змогуць пазнаёміцца з перадфестывальнай сталіцай “Славянскага базару…”, набыўшы білеты на адзін з двух рачных цеплаходаў. І гэта — толькі адна з веснавых прыкмет летняга свята.

Як паведамляе "К" намеснік начальніка аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Анатоль Мядзведскі, Віцебск сёння актыўна рыхтуецца да ХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Будуюцца набярэжныя: з боку вуліцы Калініна і ад моста Блахіна. На апошняй будзе ўладкаваны прычал. Мэтазгоднасць яго ўзнікнення не выклікае сумневу, бо паблізу знаходзіцца Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна" - адзін з эпіцэнтраў каляфестывальнага вірлівага жыцця.

Працягваецца рэканструкцыя Канцэртнай залы "Віцебск". Летась, як вядома, тут давялі да ладу глядзельную залу. Цяпер, па словах Анатоля Мядзведскага, рамантуецца вестыбюль. Да пачатку "Славянскага базару..." мяркуецца завяршыць першую чаргу рамонтных работ у гарадскім заапарку. А на плошчы Перамогі будзе зманціраваны сучасны мабільны сцэнічны комплекс.

Рэжысёр спадарожных фестывалю мерапрыемстваў Ігар Баярынцаў распавядае "К", што, як і раней, пад час "Славянскага базару..." кожны раён Віцебшчыны будзе прэзентаваць у абласным цэнтры дасягненні вытворчасці, народных промыслаў і самадзейнай культуры. Рэгіянальныя падворкі будуць дзейнічаць на пешаходных зонах вуліц Суворава, Чайкоўскага, а таксама ў парку Пераможцаў.