Партал перадавых практык

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

У прасторы ЕўрАзЭС плануецца стварыць інтэрнэт-партал, прысвечаны нематэрыяльнай спадчыне.

Днямі ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбылося пасяджэнне працоўнай групы Савета па культуры пры Інтэграцыйным Камітэце ЕўрАзЭС, прысвечанае праблеме ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў краінах, якія ўваходзяць у міжнародную арганізацыю.

Сярод пытанняў, што разглядаліся ў рамках пасяджэння, былі праблемы стварэння інвентароў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў краінах
ЕўрАзЭС, шляхі інфармаванасці шырокай грамадскасці наконт ролі і значэння нематэрыяльных народных здабыткаў. Акрамя таго, закраналася пытанне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У прыватнасці, разглядалася эфектыўнасць перадавых практык у краінах ЕўрАзЭС у гэтай сферы.

Як адзначыла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны ўжо ўключана 75 элементаў нематэрыяльнай спадчыны, у тым ліку - 49 выяў гербоў і 26 лакальных традыцый. Сярод іх - па дзевяць рамесных тэхналогій і абрадаў, шэсць песенных і выканальніцкіх традыцый, а таксама па адной гульні ды танцу.

Акрамя таго, у 2009 годзе было прынята рашэнне стварыць асобны Інвентар нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У яго могуць трапіць не толькі элементы, што раней ужо ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, але і патэнцыйныя кандыдатуры для ўключэння, папярэдне адабраныя і прадстаўленыя рэгіёнамі. Па словах Алы Сташкевіч, гэты інвентар будзе ўключаць маніторынгавыя палі, якія дазволяць рэгуляваць стан элементаў і іх змяненне.

Варта адзначыць, што для ажыццяўлення работ па стварэнні Нацыянальнага інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны наша краіна летась атрымала грант з адпаведнага фонду UNESCO.

Па выніках пасяджэння ўдзельнікі прынялі рашэнне садзейнічаць далейшаму развіццю міжнародных кантактаў у сферы ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у тым ліку - распрацаваць і рэалізаваць механізм прафесійнага супрацоўніцтва на прасторы ЕўрАзЭС па гэтым пытанні. Да таго ж, усімі ўдзельнікамі пасяджэння была падтрымана ідэя па стварэнні аб'яднанага інтэрнэт-рэсурсу, прысвечанага нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Таксама ў будучым плануецца правядзенне трэнінгаў па інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны з удзелам экспертаў UNESCO.