І “Нашы любімыя"...

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

2 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца ўрачысты канцэрт, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі.

- Адметнасць лёсаў і культур двух народаў не перашкаджае мець шмат агульнага - і ў мінулым, і ў сучасным, - кажа рэжысёр мерапрыемства Марына Раманоўская. - Усё гэта і хацелася паказаць у канцэрце. І, вядома, зрабіць яго святочным, запамінальным, насычаным цікавымі выступленнямі.

Вечар будзе ўмоўна складацца з чатырох блокаў. Першы - "Агульныя славянскія карані", другі - "Гісторыі агульнай старонкі": тут будуць адлюстраваны дзве тэмы, наўпрост звязаныя з 2012 годам. Першая - гэта Год кнігі, 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Творчасць гэтых паэтаў, якая даўно стала "візітоўкай" нашай нацыянальнай літаратуры, была буйным здабыткам і для ўсёй савецкай культуры. Другая ж тэма гэтага блока - 200-годдзе дзвюх узаемазвязаных гістарычных падзей: Барадзінскай бітвы і бітвы пад Беразіном. Трэці блок - "Наша сёння" і, нарэшце, чацвёрты - "Нашы любімыя": тут будуць сабраны песні, артысты, гурты - вядомыя і любімыя ва ўсім былым СССР.

- Я добра разумею, - працягвае рэжысёр, - што поспех канцэрта вызначаецца не толькі прыдумкамі і фантазіямі пастаноўшчыка, але і, у нашмат большай ступені, самімі артыстамі. У гэты вечар на сцэне збяруцца лепшыя салісты і калектывы, сапраўдныя зоркі беларускага і расійскага мастацтва. Сярод іх - ансамблі "Сябры", "Песняры", Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, салісты Нацыянальнага музычнага цэнтра імя Уладзіміра Мулявіна, Дзіцячы харэаграфічны калектыў "Зорька". З Расіі прыедуць ансамбль "Самоцветы", Аляксандр Маршал, Марына Дзявятава. Апошняя, дарэчы, выступіць і вядучай - разам з Георгіем Калдуном і Уладзімірам Гасцюхіным, чыім голасам агучым гістарычны блок.

Н.Б.