У Маладзечне адкрылася выстаўка карцін Уладзіміра Тамашэвіча. Цягам месяца наведвальнікі Цэнтральнай бібліятэкі змогуць пабачыць 22 жывапісныя творы земляка.
Выстаўка мае назву "Дарога дадому". Тэматычная сцішанасць, тэхналагічнае эксперыментаванне і жывапісныя экспромты - літаральна ва ўсім адчуваецца стаўленне аўтара да роднай зямлі. Прасякнуты духам радзімы, ён пераносіць свае эмоцыі на палатно. Той свет, які Тамашэвіч запомніў з дзяцінства, цяпер дапамагае яму перадаць глыбока рэалістычныя, блізкія для ўсіх выявы Бацькаўшчыны.
Работы "Чэрвеньскі сад", "Поўдзень", "Снежань", "Перад навальніцай", "Зімой на балоце", "Імгненне" - гэта вытанчаная элегія пра нашу пяшчотную маляўнічую прыроду.
Усе карціны аб'яноўваюць прыглушаныя колеры, нібыта змяшаныя з настальгічным сумам. "Гэта ж не французскі Праванс, каб выкарыстоўваць стракатыя фарбы", - тлумачыць аўтар.
Таццяна КАСЦЯН
Маладзечна