Сцэнарый фільма напісалі Людміла Перагудава і Юлія Ляшко. Апошняя вядомая па тэлевізійных карцінах "Сяброўка восень", "Міксер і Елачка", "Рыфмуецца з каханнем" ды іншых меладрамах. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам праекта выступае Іван Паўлаў, які апошнім часам спецыялізуецца менавіта на тэлевізійных карцінах. Здымкі стужкі праходзяць у лячэбных установах сталіцы, у тым ліку - у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця". У кадр аператара фільма Вячаслава Дунаева таксама трапяць Нацыянальны аэрапорт "Мінск", Палац спорту, а інтэр'еры бальнічнай палаты будуць пабудаваны ў павільёнах Нацыянальнай кінастудыі.
Галоўную ролю ў карціне - загадчыка аддзялення паталогіі Веры Міхайлаўны - выконвае актрыса тэатра і кіно Вера Палякова. У астатніх ролях задзейнічаны не толькі беларускія артысты, сярод якіх можна назваць Кацярыну Шатрову, Святлану Зелянкоўскую, Ігара Сігова, Алесю Пухавую, Ганну Казючыц, але і вядомыя замежныя акцёры (прозвішчы іх пакуль трымаюцца ў таямніцы). Праект "Ой, ма-ма-чкі!" "Беларусьфільм" стварае сумесна з расійскімі партнёрамі. Чакаецца, што здымачны перыяд стужкі будзе завершаны да 2 мая, а ў другой палове бягучага года яна будзе гатова да выхаду на тэлеэкраны.
С.А.
На здымках: Вера Палякова і Ігар СІгоў; Святлана Бароўская, Аляксандр Паўлаў і Алеся Пухавая на здымачнай пляцоўцы.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА