Трыццаць чатыры працэнты — і ніводнага кліента

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Справа не ў зніжцы, або Чаму турысты не карыстаюцца культурнымі перавагамі “Карткі госця Рэспублікі Беларусь”?

/i/content/pi/cult/370/7177/2-1.jpeg

Сарыентавацца ў культурнай прасторы пэўнай краіны, у тым ліку выбраць для наведання канкрэтны музей ці мастацкую галерэю, замежнаму турысту даволі складана. Асабліва - не ведаючы чужой мовы, не маючы пад рукой інфармацыі пра час працы аб'ектаў сацыякультурнай сферы пэўнага горада. У такіх сітуацыях на дапамогу вандроўніку прыходзяць "карткі госця" таго або іншага горада, сістэма якіх не першы год актыўна выкарыстоўваецца ў турыстычнай інфраструктуры па ўсім свеце. Да прыкладу, за 24 еўра - менавіта столькі каштуе "Картка госця Таліна" на адны суткі - можна атрымаць не толькі адну бясплатную экскурсію па горадзе, але і вольны ўваход у разнастайныя музеі, на выставачныя пляцоўкі, істотныя зніжкі на наведванне розных, цікавых, у першую чаргу - для турыста, аб'ектаў эстонскай сталіцы. Падобная сістэма працуе ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Берліне, Кракаве... Не з'яўляецца выключэннем і наша краіна. Больш за тое: "Картку госця Рэспублікі Беларусь" можна атрымаць абсалютна бясплатна і, што немалаважна, карыстацца ёй не адзін ці два дні, а два з паловай гады.


Карэспандэнт "К" вырашыў скарыстацца момантам і "выпрабаваць" на сабе калі не ўсе, то хаця б самыя "смачныя" культурныя перавагі гэтага турыстычнага прадукту. Аднак у працэсе даследавання выявіўся і "адваротны бок" ужывання гэткай, падавалася б, істотнай выгоды.

У пошуку крыніцы

бонусаў

Праўда, знайсці "Картку госця..." аказалася не так ужо і лёгка. Мяркуйце самі. Згодна з турыстычнай завядзёнкай, па прыездзе ў новы горад у першую чаргу звяртаюцца ў інфармацыйны цэнтр. А таму першым пунктам пошукаў "Карткі госця..." невыпадкова быў абраны Турыстычны інфармацыйны цэнтр Рэспублікі Беларусь, што працуе ў нашай сталіцы. Аднак на ўсе пытанні наконт набыцця "Карткі госця..." супрацоўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме толькі разводзіў рукамі: маўляў, продажам прадукцыі яны не маюць права займацца, а ніякіх картак для бясплатнага распаўсюджвання ім ніхто не прапаноўваў. На жаль, нічым не здолелі дапамагчы карэспандэнту "К" і ў Інфармацыйна-турысцкім цэнтры "Мінск".

Далейшы пошук "Карткі госця..." быў праведзены ў прасторы Інтэрнэту і прывёў, у выніку, на сайт прыватнай кампаніі, якая, як пазней высветлілася, і з'яўляецца афіцыйным аператарам праграмы "Картка госця Рэспублікі Беларусь".

 На сённяшні дзень у праграме, што з'яўляецца, па сутнасці, прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, удзельнічае ўжо больш за 200 арганізацый, якія забяспечваюць некалькі соцень кропак прыёму картак унутры краіны. У Беларусі ўдзельнікамі праекта сталі не толькі вядучыя банкі і страхавыя кампаніі, гандлёвыя і медыцынскія цэнтры, гасцініцы, але і ўстановы культуры. Пры гэтым кругласутачная інфармацыйна-дыспетчарская служба неадкладна забяспечвае карыстальнікаў неабходнай даведачнай інфармацыяй аб магчымасцях прымянення карткі.

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" намеснік міністра спорту і турызму краіны Чэслаў Шульга, праекту "Картка госця Рэспублікі Беларусь" аказваецца ўсебаковая інфармацыйная падтрымка з боку Міністэрства. Акрамя таго, на знакавых, у тым ліку міжнародных, мерапрыемствах з удзелам беларускіх дэлегацый актыўна распаўсюджваюцца гэтыя турыстычныя карткі.

- У развіцці дадзенага праекта мы вельмі зацікаўлены, паколькі праект "Картка госця..." з'яўляецца добрым прыкладам прымянення сусветнага вопыту ў сферы турызму. Сёння ў большасці краін Еўропы выкарыстоўваюцца аналагічныя прадукты. Іншая справа, што ў асобных гарадах - гэта платны і даволі нятанны прадукт, у іншых жа, у тым ліку ў беларускай сталіцы, - ён распаўсюджваецца бясплатна, - падкрэсліў Чэслаў Шульга.

Па словах намесніка міністра спорту і турызму, хацелася б, каб з цягам часу гэты праект стаў больш даступным для любога госця нашай краіны і апраўдваў сваю назву.

Калі казаць пра даступнасць "Карткі госця Рэспублікі Беларусь", то, па словах дырэктара сістэмнага аператара праграмы Юрыя Цвірко, сёння ў Рэспубліцы Беларусь у рамках Праграмы выпушчана больш за 500 тысяч картак. Іншая справа, што, паводле задумы стваральнікаў дадзенага праекта, "Картка госця..." з'яўляецца брэндавым, прэстыжным прадуктам, арыентаваным на пэўную аўдыторыю, у першую чаргу - на патэнцыйных замежных інвестараў. Гэтым тлумачыцца і выбар месцаў распаўсюджвання картак: дыпламатычныя прадстаўніцтвы нашай краіны за мяжой, буйныя эканамічныя форумы, міжнародныя фестывалі. Да прыкладу, спецыяльныя выпускі картак былі зроблены да фестываляў "Славянскі базар у Віцебску" і "Залаты шлягер", дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску.

Зніжкі на выбар

А што ж установы культуры? Наколькі маштабна яны ўключаны ў праграму "Карткі госця..."? Якія перавагі маюць ад удзелу ў праекце яны самі? А іх кліенты?

Сёння "Картку госця Рэспублікі Беларусь" прымаюць усяго некалькі ўстаноў культуры, інфармацыя пра іх змешчана на сайце Праграмы: гэта Нацыянальны гістарычны музей і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей гісторыі Мінска і Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура... Пры гэтым варта адзначыць, што з рэгіянальных устаноў культуры ў Праграме прадстаўлены толькі Палац культуры Маладзечна. Па словах Юрыя Цвірко, цяпер вядуцца перамовы аб уключэнні ў яе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Па рэгіёнах зрухаў пакуль не назіраецца, хаця той жа транзітны турыст мог бы завітаць у Брэсцкую крэпасць, Палац Радзівілаў у Нясвіжы ці ў Музей Шагала ў Віцебску, як кажуць, па дарозе.

Калі прыватнай ўстанове, каб далучыцца да Праграмы, неабходна заплаціць 150 тысяч беларускіх рублёў, то для ўстаноў культуры гэта абсалютна бясплатна. Пры гэтым кожная мае права вызначаць від паслугі, на які ўстанаўліваецца пэўная зніжка. Гэта можа быць і адзін працэнт (як у Нацыянальнай бібліятэцы - на наведанне агляднай пляцоўкі ў святочныя дні з выкарыстаннем панарамнага бінокля на адну гадзіну), і ажно 34 (як на ўваходны білет у Мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура).

Кожная ўстанова культуры, што ўдзельнічае ў праекце, мае права бясплатна размяшчаць інфармацыю на сайце праграмы пра свае мерапрыемствы ды акцыі. І гэты патэнцыял карткі актыўна выкарыстоўваюць, у адрозненне ад іншых, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама - гісторыі Мінска.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Святланы Гаўрылавай, уключэнне асобных музеяў у спіс удзельнікаў Праграмы ўзгаднялася з Міністэрствам спорту і турызму. Менавіта гэтым і тлумачыцца фрагментарнасць у выбары ўстаноў. А мо ўсё ж варта падумаць і пра ўключэнне ў пералік рэкамендаваных турыстам, прынамсі, усіх устаноў са статусам "Нацыянальны"? Яны, як правіла, і становяцца "кропкамі адліку" маршрутаў гасцей Беларусі.

А што ж іншыя?

А што мяркуюць наконт праграмы "Картка госця Рэспублікі Беларусь" іншыя айчынныя музеі, якіх у пераліку прапанаваных сёння няма?

У тым жа Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе пра "Картку госця Рэспублікі Беларусь" пачулі ці не ўпершыню. Пры гэтым ідэі выкарыстання гэтага турыстычнага прадукту ў перспектыве не адмовілі, таксама як і шырокае выкарыстанне зніжак. Тым больш, па словах навуковага сакратара ўстановы Аляксандра Храмога, сёлетні турыстычны сезон мае вызначыць, у які час палац наведвае найменшая колькасць турыстаў. У адпаведнасці з гэтым будуць прымацца пэўныя захады па карэкціроўцы турыстычных плыняў, у тым ліку - праз сістэму зніжак. Да прыкладу, пэўныя прэферэнцыі могуць быць зроблены для турыстаў, што наведваюць нясвіжскія архітэктурныя дыяменты кожны панядзелак, а таксама штодня з 9-й да 11-й ранку. Але, пакуль палац не ўведзены ў эксплуатацыю ў поўным аб'ёме, казаць пра гэта зарана.

Пакуль не маюць уяўлення пра "Картку госця..." і ў Мсціслаўскім гісторыка-археалагічным музеі. Па словах навуковага супрацоўніка ўстановы Валянціны Цімашковай, цяпер істотную частку наведвальнікаў музея складаюць турысты са Смаленска. А таму ўвядзенне "Карткі госця...", на яе думку, магло б прывабіць яшчэ больш турыстаў у іх установу. Іншая справа, што кошт уваходнага білета каштуе ўсяго тысячу рублёў, а таму рабіць прэферэнцыю ўладальніку карткі можна, скажам, на фатаграфаванне.

Зацікаўлены ў прыцягненні турыстаў і ў Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску. Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам "К" дырэктар установы Людміла Хмяльніцкая, калі дзякуючы "Картцы госця..." пра музей даведаюцца патэнцыйныя турысты з розных краін свету, то, безумоўна, увядзенне такога прадукту - надзвычай актуальнае.

Відавочна, што кожная ўстанова культуры, і, у прыватнасці, музей, імкнецца прывабіць як мага больш турыстаў, а таму зацікаўлена ў выкарыстанні гасцявой карткі. Не меншую карысць гэты прадукт прыносіць і турыстычным фірмам, якія такім чынам могуць прывабліваць яшчэ больш замежных грамадзян наведаць Беларусь. Вядома ж, сістэма зніжак мае сваю армію прыхільнікаў і сярод саміх турыстаў, для якіх сэканоміць пару працэнтаў - не столькі эканамічнае, колькі маральнае задавальненне.

Разам з тым, ужо больш за год "Картку госця Рэспублікі Беларусь" прымае Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура і прапаноўвае, як ужо зазначалася вышэй, уладальнікам гэтага турыстычнага прадукту самую істотную зніжку з усіх устаноў культуры. Аднак, па словах навуковага супрацоўніка ўстановы Алены Крынь, на сённяшні дзень пакуль яшчэ ніводзін уладальнік "Карткі госця..." не скарыстаўся выгодамі музея...

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, "Картка госця..." прадукт надзвычай папулярны і пазнавальны ў многіх краінах Еўропы. А таму стаўленне Міністэрства культуры да гэтага прадукту толькі станоўчае, паколькі ён спрыяе аўтарытэту і папулярнасці нашых устаноў культуры за мяжой. Аднак, на думку намесніка міністра, ініцыятыва па далучэнні да Праграмы павінна зыходзіць ад саміх устаноў. У сваю чаргу, Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што нейкага адмысловага дазволу ўстановам з боку Міністэрства для далучэння да праграмы "Картка госця Рэспублікі Беларусь" не патрабуецца. Адно трэба толькі пралічыць і ўзгадніць з Міністэрствам памер зніжкі.

Чаму ж вандроўнікі, а гэта, між іншым, - тысячы чалавек, папросту "не даходзяць" да вельмі цікавых, унікальных устаноў культуры? Думаецца, для таго, каб прывабіць наведвальніка, недастаткова толькі падключыцца да той або іншай турыстычнай праграмы. Варта больш актыўна праводзіць сваю маркетынгавую кампанію, заяўляць пра сябе і на міжнародным узроўні, ствараючы для гэтага шматмоўныя старонкі ў Інтэрнэце, актыўней распаўсюджваць інфармацыю пра магчымыя бонусы і прэферэнцыі.

Мо, да Чэмпіянату свету па хакеі, што адбудзецца ў нашай краіне ў 2014 годзе і прыцягне шмат турыстаў, сістэма "Карткі госця Рэспублікі Беларусь" усё ж пачне спрацоўваць на карысць устаноў культуры? І на карысць турыстаў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"