"Небалотныя” людзі, сплеценыя ў "шматпакутнік" навальніцы

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Тры-логі-я і крыху аналітычнай э-пікі

/i/content/pi/cult/370/7174/2-1.jpeg

Доўгачаканая прэм'ера "Людзей на балоце" ў Купалаўскім тэатры нарэшце адбылася. Што спраўдзілася, а што, можа, не? Бо і спадзяванняў, і сапраўднай тэатральнай інтрыгі, разыгранай па ўсіх законах драматургіі, у падрыхтоўцы гэтага спектакля хапала. А ці хапіла запалу данесці да гледача ўсё, што было задумана?

Раз - логі

Пераклад эпікі ў лірыку, замест калгасных сходаў - любоўны "шматпакутнік"... Усе гэтыя азначэнні, што шчодра ліліся з нетраў тэатра напярэдадні прэм'еры, - не больш як "рэкламная гульня", прызначаная "заманіць" публіку, асабліва - моладзь: школьная праграма, як-ніяк. Бо ў цэнтры спектакля, пры ўсёй вялікай увазе, аддадзенай каханню, апынуўся "логас" - думка. Пра лёс - і асобных герояў (як жа тут без кахання?), і ўсяго народа. Жанр - не меладрама, а трагедыя. Лірычная тэма, пры ўсёй яе значнасці і прыцягальнасці, - толькі "пабочная партыя" ў маштабнай сімфанічнай партытуры. Галоўная ж - лёс зямлі, ад якога залежыць і лёс кожнага. Усё, як і было задумана Іванам Мележам у яго знакамітай трылогіі, два першых рамана з якой леглі ў аснову цяперашняга спектакля.

Увогуле, параўнанне літаратурнай першакрыніцы і наноў зробленай інсцэніроўкі - тэма для асобнага літаратуразнаўчага даследавання. Бо справа зусім не толькі ў тым, што менавіта змянілася. Галоўнае - у які бок. Калі арыгінал папраўдзе таленавіты, дык любая яго перапрацоўка, "пераклад" у іншае жанравае вымярэнне бываюць заведама горшымі. Бо аўтар, пэўна, таксама ўлічвае, які жанр будзе найбольш спрыяльны для абранай тэмы. У таго ж Мележа, акрамя прозы, ёсць і драматургія. Чаму ж ён сам не падумаў пра п'есу? Значыць, было з-за чаго. Тым больш прыемна, што інсцэніроўка, зробленая Аляксандрам Гарцуевым, сапраўды нароўні з арыгіналам (не кажучы ўжо пра ранейшыя тэатра- ды кінаверсіі), знешне не прэтэндуючы на моднае "новае прачытанне", вылучаецца вельмі ўдумлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту і падтэксту. Перад намі - канцэнтраваны змест раманаў з яшчэ больш ярка выяўленым, чым нават у трылогіі, "словам ад аўтара". Бо ў трылогіі тое "слова" трэба было прыхоўваць, прыкрываючы кідкімі напластаваннямі савецкай эпохі, і не ўсялякі - а хіба самы ўважлівы - чытач мог зразумець сапраўдны сэнс "Палескай хронікі". У яе цэнтры - людзі. Балота ж, вынесенае ў назву, - як сімвал хісткасці, няпэўнасці лёсу: адзін крок "не туды" - і ўсё скончана.

У цяперашняй пастаноўцы героі стаяць на цвёрдай глебе - ніякага павольнага плавання на чоўнах, з любоўю занатаванага ў колішняй кінастужцы. Мінімум антуражу: стол, краты, вясельны пірог (мастак - Ігар Анісенка). Толькі людзі. Паводле сваіх характараў - абсалютна "небалотныя". Наадварот: ледзь не кожны - быццам "інтэлігент у пятым пакаленні". Ніякіх наўмысных, у шырокім сэнсе слова, "лапцей", якімі ў свой час так любілі ўвасабляць сялянскае жыццё на сцэне. Але за кожным героем - тая повязь няспраўджаных мар і надзей, якая і стварае трагедыю ўсяго народа.

Логі - Я

Першае, што кідаецца ў вочы, - гэта тое, з якой адданасцю і шчырай зацікаўленасцю кожны іграе сваю ролю, незалежна ад таго, вялікая яна ці маленькая. Бо ў гэтым спектаклі маленькіх роляў - папросту няма. Кожны, хто з'яўляецца на сцэне, - запамінальны тыпаж, яркі характар, індывідуальнасць. Кожны - вялікая літара "Я".

Таму згаданыя вышэй рэкламныя "абяцанкі" - зусім не "цацанкі". Псіхалогія кожнага "Я" прачытана настолькі дакладна, што спектакль можа лічыцца "вучэбным дапаможнікам", шчодра нашпігаваным "чужымі памылкамі", якія не трэба паўтараць, каб лёс закаханых склаўся шчасліва. Усе - пакутнікі. Усе - заложнікі сваіх амбіцый і характараў, няўмення слухаць ні ўласную душу, ні душу суразмоўцы (не блытаць са словамі, якія могуць падманваць). Ніякага падзелу на "станоўчых" і "адмоўных": у кожнага - сумесь таго і гэтага. І адвечныя шалі: што пераважыць?

Абодва акцёрскія склады - на зайздрасць яркія. І розныя! Рэжысёр настолькі давярае артыстам, што не баіцца часам прапаноўваць ім амаль "оперныя" мізансцэны, калі кожны непарушна стаіць на сваім месцы, і толькі іх думкі ды словы лётаюць туды-сюды.

У мінулым нумары "К" некаторыя ўдзельнікі спектакля ўжо дзяліліся роздумам пра сваіх герояў. А што ж астатнія? Гледзячы на Валянціну Гарцуеву (Ганна) і Арцёма Бародзіча (Яўхім), разумееш, што іх героі - роўня адно аднаму. Абодва - лідары, моцныя характарам, здольныя ісці супраць агульнай плыні. Але - адзін не зробіць крок насустрач другому без прымусу. Гледзячы на Аляксандра Паўлава, літаральна скурай адчуваеш, што нават пры самых спрыяльных абставінах яго Васіль, схільны да жыццёвай трываласці, не быў бы шчаслівы з Ганнай, якой "спакой толькі сніцца": надта розныя яны па сваіх памкненнях. У адрозненне ад Глушака з Глушачыхай, якія ў Сяргея Краўчанкі і Тамары Міронавай атрымліваюцца адзінай на спектакль "ідэальнай парай", мудрай і чулай адно да аднаго. А вось Аляксандр Падабед у ролі Чарнушкі - Васіль у будучым: усё разумее, але... маўляў, што я магу зрабіць? Алена Сідарава ў ролі Куліны - фантастыка! Разам з Сарокай (Марынай Гардзіёнак і Юльянай Міхневіч) яны складаюць цудоўнае "жанравае скерца", што разраджае "навальнічную" атмасферу спектакля.

Тры...

Пра "іранічна-злое скерца" гэтага спектакля трэба сказаць асобна. Яго складаюць тры героі - таксама быццам бы індывідуальнасці. Лёша Губаты (Ігар Пятроў) - гэта ж прыроджаны музыкант, які ўмудраецца граць на гармоніку з пашкоджанай, вечна забінтаванай рукой. Мог бы, пэўна, стаць віртуозам, каб не "праклятая вайна". Хоня (Андрэй Дробыш) - такі ж прыроджаны комік, але ўваходзіць у ролю "памагатага пры начальстве", не забываючыся на "вадкі ганарар". Міканор (Павел Астравух і, у другім складзе, Павел Яскевіч) - прыроджаны барацьбіт "за справядлівасць", які блытае яе з калектывізацыяй і мае за жонку рэвалюцыю. Гэта "тройца", вылучаная з рамана і сплеценая ў "калектыўны вобраз" новай улады, - з аднаго боку, пародыя на Святую Тройцу, а з іншага - асацыятыўны правобраз "троек", якія дзейнічалі ў часы сталінскіх рэпрэсій. Усё быццам бы нават смешна, Міканор увогуле "белы ды пухнаты", бо выпускае Васіля з астрога. Але ўсё гэта - быццам знакамітая "тэма нашэсця" з распрацоўкі першай часткі "Ленінградскай" сімфоніі Д.Шастаковіча: "лялечна-батлейкавыя" выступленні незаўважна і вельмі хутка ператвараюцца ў машыну, што знішчае ўсё на сваім шляху.

І-і-і... Раз-два-тры, раз...

Ключ да музычнага афармлення спектакля закладзены ўжо ў інсцэніроўцы. Выводзячы на авансцэну ў пачатку спектакля "музычнае трыа" і агучваючы яго "жаласным рамансам" і "Маршам будзёнаўцаў", а фінал ператвараючы ў сенакос з народна-песеннай аўтэнтыкай, Аляксандр Гарцуеў дакладна расстаўляе ўсе акцэнты. Вось яна, канцэпцыя ўсяго спектакля, выкладзеная на музычнай мове! Застаецца дадаць хіба любоўны струмень. І ад таго, якім ён будзе - любоўным кантам, працяглай лірычнай баладай, "жорсткім рамансам", прыпеўкамі, - залежыць агульны расклад і жанравая акрэсленасць усёй дзеі. А нам прапануюць электроніку - то "фонавую", то "псеўдафальклорную". Гэтыя "ўкрапванні" ўспрымаюцца штучнымі плямамі-кляксамі. А між тым, у сваёй мінулай аўтарскай рабоце - спектаклі "Не мой" з музыкай Алега Хадоскі - Гарцуеў дасягнуў такой неабходнай для тэатральнага мастацтва гармоніі складнікаў. Калі, нарэшце, мы ўвогуле пачнём гаварыць не пра "музычнае афармленне", а пра цэласную фанасферу спектакля? Тую, куды на роўных уваходзяць усе элементы гукавой сцэнічнай прасторы: маўленне (а ў спектаклі з любоўю перададзены асаблівасці адметнай палескай гаворкі), інтанацыйнасць і сам тэмбр акцёрскіх галасоў, фоны-шамаценні-гоманы, грукі-стукі, нават шорганні нагамі - і, вядома, уласна музыка як яшчэ адно выяўленне агульнай канцэпцыі, гэткае "слыхавое ўдакладненне" аўтарскай задумы...


Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"