“Дзед”, “…Прымаўкі” ды Старэвіч

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Беларускія аніматары атрымалі прэстыжныя ўзнагароды — дыпломы журы — ХVІІ Адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно, што праходзіў у сакавіку ў Суздалі.

/i/content/pi/cult/370/7169/2-7.jpeg

Высокіх адзнак удастоены рэжысёры Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Міхаіл Тумеля і Аляксандр Ленкін за свае стужкі "Беларускія прымаўкі" і "Дзед".

На фестывалі, які штогод праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, былі прадстаўлены лепшыя анімацыйныя работы з прасторы былога СССР ды іншых краін.

Апрача конкурснай праграмы, адбыліся шматлікія рэтраспектыўныя паказы, а таксама ўпершыню было прадэманстравана сто лепшых фільмаў па выніках глядацкага галасавання ў Інтэрнэце. Гэтым разам фестывальныя мерапрыемствы прысвяцілі 100-годдзю з дня выхаду першай анімацыйнай стужкі беларуса Уладзіслава Старэвіча, якая лічыцца расійскімі аніматарамі за "кропку адліку" існавання мультыплікацыйнага мастацтва ў іх краіне.

Усяго ў "Суздалі-2012" удзельнічала амаль 400 рэжысёраў, мастакоў, а таксама іншых прафесіяналаў анімацыйнай справы з 20 краін свету. Гран-пры фестывалю "За лепшы фільм" гэтым разам атрымала карціна "Заснежаны вершнік" рэжысёра Аляксея Туркуса.

Беларускія ж аніматары - сталыя ўдзельнікі фестывалю ў Суздалі, якія неаднойчы атрымлівалі прызы і дыпломы журы на гэтым прэстыжным кінафоруме.

На здымку: кадр з мультфільма "Беларускія прымаўкі".