Высокіх адзнак удастоены рэжысёры Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Міхаіл Тумеля і Аляксандр Ленкін за свае стужкі "Беларускія прымаўкі" і "Дзед".
На фестывалі, які штогод праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, былі прадстаўлены лепшыя анімацыйныя работы з прасторы былога СССР ды іншых краін.
Апрача конкурснай праграмы, адбыліся шматлікія рэтраспектыўныя паказы, а таксама ўпершыню было прадэманстравана сто лепшых фільмаў па выніках глядацкага галасавання ў Інтэрнэце. Гэтым разам фестывальныя мерапрыемствы прысвяцілі 100-годдзю з дня выхаду першай анімацыйнай стужкі беларуса Уладзіслава Старэвіча, якая лічыцца расійскімі аніматарамі за "кропку адліку" існавання мультыплікацыйнага мастацтва ў іх краіне.
Усяго ў "Суздалі-2012" удзельнічала амаль 400 рэжысёраў, мастакоў, а таксама іншых прафесіяналаў анімацыйнай справы з 20 краін свету. Гран-пры фестывалю "За лепшы фільм" гэтым разам атрымала карціна "Заснежаны вершнік" рэжысёра Аляксея Туркуса.
Беларускія ж аніматары - сталыя ўдзельнікі фестывалю ў Суздалі, якія неаднойчы атрымлівалі прызы і дыпломы журы на гэтым прэстыжным кінафоруме.
На здымку: кадр з мультфільма "Беларускія прымаўкі".