Сёлета Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" пройдзе з 25 па 29 чэрвеня.
Пасяджэнне аргкамітэта форуму, паводле слоў начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, адбудзецца на наступным тыдні. Прычым гаворка на ім пойдзе адразу пра тры фестывалі: "Залатая пчолка" ў Клімавічах, "Вянок дружбы" ў Бабруйску і "Магутны Божа" ў Магілёве. Усе яны - міжнародныя.
Што ж да магілёўскага фестывалю, дык арганізатары мусяць парупіцца, каб ён ахапіў як мага больш пляцовак у Магілёве і за яго межамі, каб на ім быў прадстаўлены увесь спектр духоўнай музыкі. Для гэтага цяпер вядуцца перамовы як з каталіцкім, так і з праваслаўным духавенствам.
Нагадаем, арганізатары фэсту - Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт і Рымска-каталіцкі прыход Магілёва. Для ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца харавыя калектывы, салісты-вакалісты, камерныя ансамблі. А ў складзе журы, па традыцыі, - вядомыя дзеячы культуры Беларусі, а таксама краін замежжа: Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны ды іншых.