У галерэі і пад вокладкай

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

29 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрыецца традыцыйная, шостая па ліку, Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Няфёдаўскія чытанні. Беларускае мастацтва: традыцыі і сучаснасць”.

"Прысвечаныя памяці выдатнага айчыннага мастацтвазнаўцы і даследчыка тэатра Уладзіміра Няфёда, гэтыя чытанні сталі для айчынных навукоўцаў у галіне мастацтва адным з важных складнікаў іх прафесійнага жыцця, - адзначае доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рычард Смольскі. - Найперш таму, што тут, у коле сваіх зацікаўленых калег, мы можам дзяліцца сваімі найноўшымі даследаваннямі і адкрыццямі, распавядаць пра тое, што адбываецца ў сучаснай мастацтвазнаўчай навуцы".

Вось ужо другі год запар Чытанні праходзяць пад патранатам (у тым ліку і фінансавым) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, відавочная цікавасць да навукова-даследчай дзейнасці з боку маладых людзей - студэнтаў і аспірантаў - дае падставы спадзявацца на тое, што новыя кадры трывала ўвальюцца ў колы айчынных навукоўцаў і надоўга затрымаюцца на гэтым полі дзейнасці.

"Няфёдаўскія чытанні" распачнуцца традыцыйным пленарным пасяджэннем у галерэі БДАМ. Далей - зацікаўленая навуковая работа па секцыях. А па выніках канферэнцыі пабачыць свет зборнік навуковых дакладаў выступоўцаў.

Т.К.