"Прысвечаныя памяці выдатнага айчыннага мастацтвазнаўцы і даследчыка тэатра Уладзіміра Няфёда, гэтыя чытанні сталі для айчынных навукоўцаў у галіне мастацтва адным з важных складнікаў іх прафесійнага жыцця, - адзначае доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рычард Смольскі. - Найперш таму, што тут, у коле сваіх зацікаўленых калег, мы можам дзяліцца сваімі найноўшымі даследаваннямі і адкрыццямі, распавядаць пра тое, што адбываецца ў сучаснай мастацтвазнаўчай навуцы".
Вось ужо другі год запар Чытанні праходзяць пад патранатам (у тым ліку і фінансавым) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, відавочная цікавасць да навукова-даследчай дзейнасці з боку маладых людзей - студэнтаў і аспірантаў - дае падставы спадзявацца на тое, што новыя кадры трывала ўвальюцца ў колы айчынных навукоўцаў і надоўга затрымаюцца на гэтым полі дзейнасці.
"Няфёдаўскія чытанні" распачнуцца традыцыйным пленарным пасяджэннем у галерэі БДАМ. Далей - зацікаўленая навуковая работа па секцыях. А па выніках канферэнцыі пабачыць свет зборнік навуковых дакладаў выступоўцаў.
Т.К.