Малдаўскі акцэнт

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Сёлета беларускія суполкі Малдовы плануюць правесці шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У прыватнасці, на Каардынацыйным савеце нашых суайчыннікаў у Малдове, што днямі прайшоў у горадзе Бельцы, было прынята рашэнне пра актыўны ўдзел беларускіх суполак Малдовы, якія дзейнічаюць у розных гарадах краіны, у правядзенні літаратурна-музычных вечароў, дыспутаў, "круглых сталоў", тэматычных кніжных выставак ды іншых мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці беларускіх Песняроў.

Да таго ж, нашы суайчыннікі ў Малдове плануюць адзначыць юбілейныя даты Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Рыгора Шырмы, Браніслава Тарашкевіча, Марка Шагала, а таксама Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Міхаіла Савіцкага. Беларускія абшчыны Малдовы запланавалі правесці прэзентацыйныя ды іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на папулярызацыю беларускай кнігі, падтрымліваць мерапрыемствы па арганізацыі нацыянальных экспазіцый "Кнігі Беларусі" на міжнародных і нацыянальных выстаўках.

Акрамя таго, з боку беларусаў Малдовы плануецца садзейнічаць у развіцці супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з Нацыянальным мастацкім музеем Малдовы. У прыватнасці, бліжэйшым часам будзе распрацавана магчымасць арганізацыі выставак беларускіх мастакоў у галерэях Малдовы, падтрымка айчынных творцаў пад час экспанавання іх работ у мастацкіх галерэях краіны.