Шлягер жыве жывым гукам

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве” адзначыў свой юбілей: сёлетні фестываль стаўся 10-ым. Але колькасны размах змяніўся жывым гукам. Канцэрты ў Лядовым палацы адбываліся пры непасрэдным удзеле Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. “Рамансіяда” ж у Палацы культуры і творчасці “Хімвалакно” традыцыйна прайшла з аркестрам народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Леаніда Іванова. А ў скверы “40 гадоў Перамогі” ігралі мясцовыя духавыя аркестры.

 /i/content/pi/cult/133/716/Zalaty-shlyager1.jpg
Тры фестывальныя дні змясцілі восем канцэртаў у Магілёве і адзін у Бабруйску. Публіка галасавала за фестываль раскупленымі квіткамі і аншлагамі на канцэртах. Ішлі
паглядзець і паслухаць Віргіліуса Нарэйку, Мікалая Гнацюка, Людмілу Сенчыну, Аляксандра Буйнова, Рэната Ібрагімава, Сяргея Захарава, італьянцаў Рыкарда Фольі і гурт “Рыкі і Поверы”, ВІА “Поющие гитары”, Руслана Аляхно, Іскуі Абалян, “Сяброў”, Ядвігу Паплаўскую і Аляксандра Ціхановіча, Ірыну Дарафееву, Вікторыю Алешку і Дзмітрыя Сяргеева, Аляксея Хлястова, гурт “Рок-атэлье”, Сяргея Рагожына, Марыну Дзевятаву, Уладзіміра Ухцінскага, гурт “Да Вінчы” і іншых. Нягледзячы на тое, што многія ўдзельнікі сёлетняга фестывалю могуць лічыцца на “Залатым шлягеры” (і наогул на Беларусі) заўсёднікамі, гэта не паменшыла цікавасць да іх з боку гледачоў.
Як адзначыў падчас свайго выступлення міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, “аналагаў “Залатому шлягеру” няма”. А вось мэты ў яго — агульныя для падобных святаў міжнароднага маштабу: фестываль, як падкрэсліў У.Матвейчук, робіць свет больш добрым і ўзвышаным.
Падзяку галоўнаму арганізатару “Залатога шлягера” — Міністэрству культуры Беларусі
 /i/content/pi/cult/133/716/Zalaty-shlyager2.jpg

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь У.Матвейчук і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Б.Батура.

выказаў ад імя гаспадароў фестывалю старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура. Ён заўважыў, што “сапраўдныя ідэалы
фестывалю — духоўнасць”. Бо “Залаты шлягер у Магілёве”, як заўсёды, “напоўнены канцэртамі, сустрэчамі з папулярнымі выканаўцамі мінулых гадоў, творчасць якіх працягвае выклікаць эстэтычную асалоду”.
Цікава, што юбілейны — Х Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве” завяршыў першае 12-годдзе свайго існавання: нарадзілася свята ў 1995-ым і спачатку праводзілася штогод. 12 гадоў — чым не поўны астралагічны цыкл? Таму будзем спадзявацца, што фестываль паспяхова пяройдзе да новага вітка свайго развіцця, які будзе яшчэ больш плённым. А залогам таму — сёлетні дзіцячы канцэрт, які сведчыў, што і самі шлягеры, і іх выканаўцы ўсё маладзеюць.

Фота Юрыя ІВАНОВА